Урачыстае адкрыццё выставачнага праекта памяці Георгія Скрыпнічэнкі (1940–2015) «Метамарфозы»
11 лістапада 2016 года а 17-й гадзіне ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца ўрачыстае адкрыццё выставачнага праекта памяці Георгія Скрыпнічэнкі (1940–2015) «Метамарфозы». У экспазіцыю ўвойдуць больш за 50 станковых жывапісных і графічных твораў з калекцыі сям’і мастака, прыватнай калекцыі і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якія адносяцца да розных перыядаў творчасці майстра – ад ранняга, часу пошуку, да сталага, які развівае гэтыя пошукі ў сучасным ключы. Экспанаванне выставы будзе праходзіць з 12 лістапада па 12 снежня 2016 года.
Георгій Скрыпнічэнка ўвайшоў у гісторыю беларускага мастацтва як мастак рознага роду містыфікацый і парадоксаў. Калі гаворка заходзіць пра сюррэалізм у беларускім мастацтве, то гавораць у першую чаргу пра творчасць Георгія Скрыпнічэнкі. Менавіта ён у 1960–1970-я гады стаў ствараць вобразы, якія балансавалі на мяжы рэальнасці і ірэальнасці сноў, злучалі фантастычнае і натуралістычнае, цялеснае і матэрыяльнае, фізічнае і метафізічнае.
Яркая і арыгінальная мастацкая мова майстра з першых крокаў уцягвае гледачоў у асацыятыўную гульню, правакуючы «раскручванне» свабоднага інтэрпрэтацыйнага шэрага, прымушаючы знаходзіць цытаты, якія праходзяць скрозь усю гісторыю мастацтва.
Іншасказанне і метафара, імправізацыя і неўтаймаваная фантазія з’яўляліся для мастака арганічнай формай існавання ў мастацтве. У мастацкім свеце Георгія Скрыпнічэнкі ёсць месца казачным і ўяўным нерэальным краявідам, варыяцыям на тэмы класічнага мастацтва, біблейскім і міфалагічным персанажам, вядомым гістарычным асобам і выявам сучаснікаў, калейдаскопу чалавечых станаў, пакут і суцяшэння, трывог і надзей. Усё, да чаго звяртаўся мастак, пад яго пэндзлем пераўтваралася ў алегарычную карціну часу і Сусвету.
Рэтраспектыўны паказ творчасці мастака – гэта магчымасць прасачыць развіццё творчага шляху і пазнаёміцца з разнапланавай спадчынай майстра.
Да адкрыцця выставы прымеркавана прэзентацыя альбома «Георгій Скрыпнічэнка. Графіка», у збор увайшлі каля 200 твораў арыгінальнай і тыражнай графікі, якія адлюстроўваюць творчыя дасягненні майстра больш чым за 40 гадоў.
Георгій Скрыпнічэнка нарадзіўся 12 лістапада 1940 года ў г.Нікалаеве, Украіна. Вучыўся ў Мінскім мастацкім вучылішчы (1961–1966) у Язэпа Эйдэльмана. Удзельнік выстаў з 1965 г. Сябра Беларускага саюза мастакоў з 1972. Жыў у Слуцку (1942–1961), з 1961 – у Мінску. Памёр 12 жніўня 2015 года.
Куратар выставы: вядучы навуковы супрацоўнік аддзела сучаснага беларускага мастацтва Вольга Анатольеўна Архіпава.