НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы
З 20 па 26 лютага Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі праводзіць Тыдзень роднай мовы, прымеркаваны да святкавання Міжнароднага дня роднай мовы, які селета адзначаецца 21 студзеня 2017 года. Запланаваны цэлы шэраг мерапрыемстваў.
20 лютага ў 15.00 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі будзецца сустрэча са школьнікамі – пераможцамі ІІІ этапа Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове.
21 лютага ў 15.00 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа будзе праведзены круглы стол “Мова ў навуцы, адукацыі, заканадаўстве” з удзелам прадстаўнікоў органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, выкладчыкаў профільных навучальных устаноў сталіцы, прадстаўнікоў прэсы, вядучых супрацоўнікаў і маладых вучоных НАН Беларусі.22 лютага ў 15.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі (вул. Сурганава, 15, першы паверх, п. 110) адбудзецца прэзентацыя аднатомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”, які быў падрыхтаваны калектывам лексікографаў інстытута. «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» змяшчае больш за 65 тысяч слоў і дае не толькі тлумачэнне іх значэнняў, але і з’яўляецца нарматыўным даведнікам па арфаграфіі, націску, словазмяненні, словаспалучэнні і граматычнай характарыстыцы. У Слоўнік унесены змены ў напісанне слоў паводле прынятага ў 2008 годзе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Новае выданне, якое працягвае і развівае традыцыі айчыннай лексікаграфіі, арыентавана на адлюстраванне сучаснага стану лексікі і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы і адпаведна тых працэсаў, якія дэманструюць дынаміку развіцця сучаснай беларускай мовы. На прэзентацыю запрошаны студэнты навучальных устаноў, выкладчыкі, настаўнікі, прадстаўнікі навуковай і творчай інтэлігенцыі краіны, аматары жывога беларускага слова.
Член-карэспандэнт НАН Беларусі Аляксандр Лукашанец ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў падчас сустрэчы з курсантамі і выкладчыкамі распавядзе аб сучаснай моўнай сітуацыі ў краіне і дасягненнях айчынных вучоных.
23 лютага на вучоным савеце Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі пройдзе абмеркаванне тэмы “Актуальныя напрамкі сучаснага беларускага мовазнаўства”.24 лютага ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі ў рамках адукацыйнай праграмы семінара – настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры устаноў сярэдняй адукацыі будзе прачытана лекцыя “Лічбавыя адукацыйныя рэсурсы і інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі ў выкладанні беларускай мовы і літаратуры”.
Таксама на працягу тыдня вядучыя вучоныя– філолагі выступяць перад грамадскасцю, па радыё і на тэлебачанні, прымуць удзел у імпрэзах і святочных мерапрыемствах, што будуць арганізаваны дзяржаўнымі ўстановамі і грамадскімі арганізацыямі нашай краіны.
21 лютага 2017 года ў 15-00 у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі (ул. Сурганова, 1, корп. 2, ауд. 302) адбудзецца круглы стол “Мова ў адукацыі, навуцы, заканадаўстве”.
Да ўдзелу ў круглым стале запрошаны прадстаўнікі органаў дзяржаўнага кіравання Рэспублікі Беларусь, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, вядучыя вучоныя розных галін навукі, педагагічныя работнікі, журналісты, аматары роднага слова.
Да абмеркавання прапануецца наступнае кола праблем: сучасныя дасягненні і актуальныя пытанні функцыянавання беларускай мовы ва ўмовах дзяржаўнага білінгвізму; роля акадэмічнай навукі ў забеспячэнні патрэб моўнай практыкі ў краіне; магчымасці і перспектывы выкарыстання беларускай мовы як рэальнага сродку стасункаў у адукацыйнай, навуковай, заканадаўчай і іншых сферах грамадскага жыцця; традыцыйнае і наватарскае ў вырашэнні моўнага пытання ў Беларусі: асэнсаванне пазітыўнага вопыту; нацыянальныя мовы ў сучасным свеце як сродак захавання культурнай адметнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці; мова навукі і адукацыі як неабходны элемент фарміравання нацыянальнай ментальнасці; нацыянальная мова і нацыянальная ідэя беларусаў.
22 лютага ў 15.00 у Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа НАН Беларусі адбудзецца прэзентацыя аднатомнага “Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы”, які быў падрыхтаваны калектывам лексікографаў Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа пад навуковай рэдакцыяй кандыдата філалагічных навук, дацэнта І.Л. Капылова. Слоўнік выдадзены ў выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».
Новае выданне Слоўніка стваралася на базе свайго папярэдніка –«Тлумачальнага слоўніка беларускай літаратурнай мовы» М.Р. Судніка і М.Н. Крыўко. Гэты слоўнік адлюстроўваў асноўнае лексічнае багацце беларускай мовы 1980 – 1990-х гадоў.
Новае выданне, якое працягвае і развівае традыцыі айчыннай лексікаграфіі, арыентавана на адлюстраванне сучаснага стану лексікі і фразеалогіі беларускай літаратурнай мовы і адпаведна тых працэсаў, якія дэманструюць дынаміку развіцця сучаснага беларускага лексікону. За апошнія дзесяцігоддзі ў сувязі са зменамі ў палітычным, эканамічным і культурным жыцці краіны слоўнікавы склад беларускай мовы значна папоўніўся новымі словамі, якія пакуль што не былі зафіксаваны ў «Тлумачальным слоўніку беларускай літаратурнай мовы» і прафесійна ацэнены. Некаторыя словы набылі новыя, актуальныя ў сучаснай беларускай мове значэнні, якія да гэтага часу не адзначаліся ў аднатомным тлумачальным слоўніку. Адбылося вяртанне значнай колькасці лексічных адзінак, якія яшчэ нядаўна знаходзіліся на перыферыі лексічнай сістэмы, з’явіліся шматлікія запазычанні, галоўным чынам англа-амерыканізмы, што абумоўлена працэсамі сусветнай глабалізацыі ў розных сферах жыцця.
Аднатомны «Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы» змяшчае больш за 65 тысяч слоў і дае не толькі тлумачэнне іх значэнняў, але і з’яўляецца нарматыўным даведнікам па арфаграфіі, націску, словазмяненні, словаспалучэнні і граматычнай характарыстыцы. У Слоўнік унесены змены ў напісанне слоў паводле прынятага ў 2008 годзе Закона Рэспублікі Беларусь «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі».
Слоўнік прызначаны як для спецыялістаў-мовазнаўцаў, так і для шырокага кола чытачоў, якія цікавяцца беларускай мовай.
У прэзентацыі возьмуць удзел супрацоўнікі Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа, выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі”, выкладчыкі ВНУ, прадстаўнікі навуковай і творчай грамадскасці краіны.
Запрашаем усіх жадаючых у інфармацыйна-выставачны цэнтр ЦНБ НАН Беларусі: вул. Сурганава, 15, першы паверх, п. 110.
Кантактная асоба: Гаранін Сяргей Лявонцьевіч, тэл. 284-27-18
Пресс-служба НАН Беларуси