Жывая класіка

21 лютага 2017 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-прэзентацыя Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка”.

Удзел прынялі:
Ананіч Лілія Станіславаўна – Міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь;
Карпенка Ігар Васільевіч – Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь;
Стэльмах Алена Анатольеўна – першы намеснік старшыні ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі»;
Каранеўскі Павел Сямёнавіч – намеснік генеральнага дырэктара ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне»;
Ліпскі Уладзімір Сцяпанавіч – галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка”;
Ходзіна Вераніка – вучаніца 2 класа гімназіі №14 г. Мінска;
Качэрва Злата – вучаніца 6 класа гімназіі №42 г. Мінска;
Такушэвіч Ганна – вучаніца 5 класа сярэдняй школы №94 г. Мінска;
Стэльмах Маргарыта – вучаніца 6 класа гімназіі г. Дзяржынска.

Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь, са Сталічным тэлебачаннем, Саюзам пісьменнікаў Беларусі 21 лютага анансавалі вялікі творчы праект пад назвай “Жывая класіка”, які будзе рэалізоўвацца ў 2017 годзе.
Правядзенне конкурсу – тэма ў нашай краіне не новая. Ужо тры гады запар у межах нацыянальнага свята “Дзень беларускага пісьменства” праходзілі абласныя творчыя конкурсы, дзе лепшыя з лепшых чытальнікаў – нашы дзеці – з задавальненнем рыхтаваліся да гэтага конкурсу і чыталі творы класічнай беларускай літаратуры, вершы, прозу. “Чытанне – гэта развіццё асобы. Чытанне – гэта спасціжэнне вопыту, які назапашаны ў кнігах. Чытанне – гэта наогул канкурэнтаздольнасць у нашым вельмі бурным інфармацыйным свеце”, – адзначыла Міністр інфармацыі Л.С. Ананіч. Яна лічыць, што трэба шукаць новыя формы працы не толькі з дзецьмі, а яшчэ з іх бацькамі.
“Вельмі хацелася б, каб чытанне дзяцей набыло новы сэнс, каб яны звярнулі ўвагу на тое, як прыгожа гучыць наша мілагучная беларуская мова”, – выказала пажаданне Лілія Станіславаўна. Яна ўзгадала словы Скарыны: “Найлепшыя скарбы – чалавечыя словы”. У 2017 таксама адзначаецца 500-ддзе беларускага кнігадрукавання. Таму плануецца больш плённая работа ў тым ліку і з нашай нацыянальнай літаратурай, і работа па прапагандзе кнігі і чытання.
Лілія Станіславаўна выказала ўпэўненасць, што такія праекты, дзе аб’ядноўваюцца намаганні дарослых і тых дзяржаўных устаноў, якія павінны клапаціцца пра развіццё нацыянальнай культуры, нацыянальнай мовы, пра выхаванне падрастаючага пакалення, дадуць свой плён. “Мы будзем узбагачаць нашу краіну”, – сказала яна. Мы разам будзем рабіць маленькі ўнёсак у развіццё нашай краіны, у выхаванне нашых таленавітых і вельмі-вельмі цудоўных беларускіх дзетак.


Лілія Станіславаўна Ананіч

І.В. Карпенка адзначыў, што адукацыя, інфармацыя, культура – гэта тры галіны, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нашай нацыі, нашу будучыню. “Мы заўжды аддавалі дань павагі нашым продкам, якія стваралі падмурак беларускай пісьменнасці, беларускай адукацыі. Гэты конкурс – свята жывога слова, конкурс, які павінен даць творчы ўзлёт для нашай моладзі, для нашых навучэнцаў”, – упэўнены Міністр адукацыі.
У гэтым годзе конкурс пашырае геаграфію. Ён будзе праводзіцца як са школьнага этапу, так да рэспубліканскага. Вынікі будуць падведзены ў Полацку ў Дзень беларускага пісьменства.


Ігар Васільевіч Карпенка

А.А. Стэльмах нагадала, што 21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Таму сімвалічна, што знакавы для нашай краіны конкурс “Жывая класіка” стартуе менавіта ў гэты дзень.
Ад імя Саюза пісьменнікаў Алена Анатольеўна звярнулася да юных чытальнікаў з вось такімі словамі: “Дарагі, сябар, з усіх сваіх заняткаў ты выбраў самы найлепшы – ты цікавішся літаратурай. Цябе вабяць кніжныя героі, і разам з імі ты падарожнічаешь, пераадольваеш перашкоды, ты радушся і смуткуеш, ты становішся сапраўдным чалавекам, і перажываеш тыя вялікія пачуцці, якія дорыць вялікая высокая паэзія, ты перажываеш каханне сваіх герояў”. Якімі ж трэба быць майстрамі слова нашым пісьменнікам, нашым класікам, якія стварылі такія творы, што яны і сёння вабяць трапяткую душу юнага чытальніка. Гэта і ёсць наша сапраўдная айчынная літаратура, з якой у нас, беларусаў, і фарміруецца наша нацыянальная свядомасць.
Алена Анатольеўна ўпэўнена, што і сённяшнія нашы юныя чытальнікі, што выйдуць на сцэну, па жыцці будуць захоўваць у сваім сэрцы тыя пранікнёныя радкі, які будуць чытаць. Яны будуць жыць з тымі вобразамі выдатных герояў, якія створаны нашымі класікамі. У гэтым і ёсць сіла жывога мастацкага слова. І як добра, што шэрагі аматараў прыгожага слова значна пашыраюцца. Значыць, жыве наша вялікая жывая класіка.
А.А. Стэльмах расказала, што Саюз пісьменнікаў зацвярджае спецыяльны прыз для самага арыгінальнага чытальніка, які будзе ўручаны на Дні беларускага пісьменства падчас падвядзення асноўных вынікаў конкурсу “Жывая класіка”.


Алена Анатольеўна Стэльмах

П.С. Каранеўскі паведаміў, што на тэлеэкран для чытання запрошаны вядомыя народныя артысты: Віктар Мамаеў, Анатоль Ярмоленка, Таццяна Мархель і інш. Яны будуць чытаць свае любімыя вершы. “Я хацеў бы, каб усе не толькі сёння, але і на працягу года расказвалі вершы, урыўкі і дзяліліся імі з іншымі людзьмі, з сябрамі”, – сказаў Павел Сямёнавіч.
Па словах намесніка гендырэктара Сталічнага тэлебачання, у фінале плануецца зладзіць канцэрт, паказаць не толькі выдатныя ўзоры чытання, але і тое, што нашы вершы, наша мова, нашы класікі дагэтуль жывыя. Яны гучаць і ў вершах, і ў словах, і ў песнях.

Павел Сямёнавіч Каранеўскі

У.С. Ліпскі лічыць, што “Жывая класіка” – не проста акцыя, не проста праект. Гэта можа быць новы накірунак у нашай нацыянальнай свядомасці, у адраджэнні духоўнасці.
“Давайце ўдыхнём мову ў душы і сэрцы нашых дзяцей! Гэта самая галоўная задача журналістаў, пісьменнікаў, кіраўнікоў, бацькоў, настаўнікаў. Давайце ўсё зробім, каб дзеці адчулі нашу ўвагу”, – заклікаў удзельнікаў прэс-прэзентацыі Уладзімір Сцяпанавіч.

Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі

У канцы прэс-прэзентацыі яе ўдзельнікі зачыталі дэвіз конкурсу: “Чытаем шмат, чытаем разам, ствараем сябе і краіну!”

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *