Аляксандр Лукашэнка зробіць візіты ў Расію і Таджыкістан
Як паведамляе прэс-служба Прэзідэнта, 14 мая беларускі лідар наведае Сочы, дзе адбудзецца пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. Там удзельнікі абмяркуюць перспектывы паглыблення ўзаемадзеяння па шэрагу напрамкаў, актуальны парадак дня і далейшае развіццё інтэграцыйнага аб’яднання.
Акрамя таго, чакаецца сустрэча кіраўніка дзяржавы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. На ёй будуць гаварыць пра стан і перспектывы двухбаковых адносін, праблемныя пытанні, а таксама пра падрыхтоўку да пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, якое адбудзецца ў Мінску.
Пасля гэтага Аляксандр Лукашэнка накіруецца ў Рэспубліку Таджыкістан. Візіт прадоўжыцца да 16 мая.
У фармаце «сам-насам» і ў пашыраным складзе запланаваны перагаворы беларускага лідара з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам. На іх будуць разгледжаны вынікі і далейшыя планы па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, вытворчай кааперацыі, рэалізацыі сумесных праектаў і інвестыцыйнае ўзаемадзеянне, а таксама работа на рынках трэціх краін, а па выніках чакаецца падпісанне двухбаковых дакументаў. Мяркуецца, што кіраўнікі краін прымуць удзел у цырымоніі адкрыцця нацыянальнай выстаўкі Беларусі ў Таджыкістане і ў шэрагу іншых мерапрыемстваў.
Дарэчы, у дні візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Душанбэ адбудзецца таджыкска-беларускі бізнес-форум, у якім прымуць удзел і прадстаўнікі дзелавых колаў Афганістана. На мерапрыемстве разгледзяць перспектыўныя напрамкі бізнес-узаемадзеяння з Таджыкістанам і Афганістанам, запланавана правядзенне кантактна-кааперацыйнай біржы паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі трох краін.
Уладзіслаў ЛУКАШЭВІЧ
http://zviazda.by/be/news/20180511/1526058413-alyaksandr-lukashenka-zrobic-vizity-u-rasiyu-i-tadzhykistan