Дзень ведаў у Iванава прысвечаны беларускаму пiсьменству
У Рэспубліцы Беларусь сёння адзначаюць Дзень ведаў. У школах прайшлі ўрачыстыя лінейкі, прысвечаныя пачатку навучальнага года.
Першыя ўрокі традыцыйна ў рамках Дня ведаў у гэтым годзе прайшлi пад назвай “Мне выпала шчасце тут нарадзіцца…” і былi прысвечаны Году малой радзімы.
У сярэдняй школе №4 г.Іванава, якi прымае ў гэтым годзе XXV Дзень беларускага пiсьменства, урачыстая лінейка была прысвечана тэме: “Пісьменства і друк Беларусі – крыніца культуры і духоўнасці народа”. Арганізатарамi выступiлi Брэсцкі аблвыканкам i Іванаўскі райвыканкам.
У мерапрыемстве прыняў удзел Мiнiстр iнфармацыi Аляксандр Карлюкевiч. Ён павiншаваў вучняў з пачаткам новага навучальнага года i пажадаў iм поспехаў і новых дасягненняў.
Невыпадкова тое, што Дзень беларускага пісьменства праводзіцца ў першыя дні новага навучальнага года. Адукацыя, інфармацыя і культура – тры грані, якія фарміруюць інтэлектуальную эліту нацыі, яе духоўны свет. У гэты дзень мы аддаём даніну павагі нашым продкам, якія стварылі падмурак беларускай адукацыі і пісьменства.
У Дзень ведаў пройдзе фінал Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў “Жывая класіка” і ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў. Шэраг мерапрыемстваў будзе прысвечаны 400-годдзю першага ў свеце “Буквара”, выдадзенага беларусамі.
Праграмай свята таксама запланаваны шэраг iншых мерапрыемстваў для школьнікаў.
