Аб выніках удзелу беларускай дэлегацыі ў XII Ашхабадскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы 2 – 3 кастрычніка 2018 года

У Ашхабад для ўдзелу ў міжнароднай выставе-кірмашы з’ехаліся каля 150 прадстаўнікоў друкаванай індустрыі, дзелавых і літаратурных колаў з больш як 20 краін свету. У іх ліку — кіраўнікі, вядучыя спецыялісты-распрацоўшчыкі, эксперты, менеджэры, якія прадстаўлялі інтарэсы каля 100 выдавецкіх дамоў і паліграфічных прадпрыемстваў, кампаній-вытворцаў абсталявання, гандлёвых фірмаў, вышэйшых навучальных устаноў з ЗША, Вялікабрытаніі, Аўстрыі, Францыі, Карэі, Польшчы, Ірана, Румыніі, краін Садружнасці Незалежных Дзяржаў і іншых дзяржаў. Актыўны ўдзел у прэстыжным у Цэнтральнай Азіі форуме выдаўцоў, пісьменнікаў, кнігагандляроў, паліграфістаў прыняла і дэлегацыя Рэспублікі Беларусь.
Беларускую дэлегацыю прадстаўлялі шэсць выдавецтваў (“Мастацкая літаратура”, “Выдавецкі дом “Звязда”, “Беларусь”, “Народная асвета”, “Пачатковая школа”, “Беловагрупп”) і кнігагандлёвае прадпрыемства «Белкніга».
У адкрыцці экспазіцыі нашай краіны актыўны ўдзел прынялі туркменскія выдаўцы і пісьменнікі, з якімі ў апошні час наладжаны досыць добрыя сувязі. Як і складваюцца добрыя сувязі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь і Туркменскай дзяржаўнай выдавецкай служба – арганізатарам выставы. Тэмай для двухбаковых зносін стануць новыя праекты, звязаныя з выданнем адукацыйнай літаратуры, з прадстаўленнем таксама тых кніжных навінак, якія расказваюць пра турыстычны патэнцыял нашых краін. Нельга не ўлічваць тое, што ў Беларусі вучыцца каля дзесяці тысяч студэнтаў з Туркменістана.
У рамках выставы прайшоў конкурс кніжнага мастацтва. З сямі намінацый у чатырох перамагла Рэспубліка Беларусь: «Буранны паўстанак. І вякуе дзень даўжэй за стагоддзе » Чынгіза Айтматава («Народная асвета»),»Беларускі касцюм» («Беларусь»),»Развитие речи» («Пачатковая школа»), кніга вершаў Валянціны Паліканінай «Ни к чему быть одному» («Мастацкая літаратура») – кнігі-пераможцы, якія і ў нас у краіне заўважаныя. Дыплом трэцяй ступені атрымала выданне «Беларусь-пасланне міру Выдавецтва » Беловагрупп».
У рамках ашхабадскай выставы прайшло нямала сустрэч, якія ў бліжэйшай перспектыве прывядуць да рэалізацыі шматлікіх творчых праектаў. Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак правёў перамовы з кіраўніком Усекітайскага грамадскага агенцтва па ахове аўтарскіх правоў спадаром Чжан Хунбо. Галоўны іх змест – планы па выданні кітайскай літаратуры ў Беларусі, а беларускай – у Кітаі. Намеснік дырэктара выдавецтва «Народная асвета» Юлія Дашкевіч сустрэлася з намеснікам дэкана Кітайскага інстытута нафты і газу. Плённай была рабочая сустрэча беларускай дэлегацыі з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Туркменістане Алегам Табанюхавым.
Разам з іншымі добрымі весткамі аб супрацоўніцтве паміж беларускімі і туркменскімі кнігавыдаўцамі дэлегацыя з Мінска прывезла дадому навіны аб новых публікацыях беларускіх аўтараў на старонках туркменскага перыядычнага друку.
Апошнім часам у перакладзе на туркменскую мову ў Туркменістане на старонках часопіса «Дунья эдэбіяты» («Сусветная літаратура») і газеты «Эдэбіят ве сунгат» («Літаратура і мастацтва») былі надрукаваны творы Сяргея Трахімёнка, Алеся Бадака, Ірыны Карнаухавай, Міколы Мятліцкага, Таццяны Сівец і іншых літаратараў з Беларусі.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *