Прэзентацыя кніг Ірыны Токаравай прайшла ў Ждановіцкай сельскай бібліятэцы
13 лістапада ў рамках рэспубліканскай акцыі «Культурны маршрут «Мая Беларусь: сучасныя пісьменнікі – дзецям» навучэнцы Ждановіцкай сярэдняй школы сустрэліся з беларускай пісьменніцай Ірынай Токаравай у мясцовай бібліятэцы.
Падчас сустрэчы Ірына Аляксандраўна расказала аб сваёй творчасці, этапах працы над творамі, пачынаючы з ідэі да гатовай кнігі.
Юныя чытачы атрымалі магчымасць не толькі паслухаць урыўкі з твораў у выкананні аўтара, але і задаць пытанні, даведацца пра новую кнігу, якая неўзабаве выйдзе ў выдавецтве «Народная асвета».
Напрыканцы сустрэчы ўсе жадаючыя атрымалі аўтографы і сфатаграфаваліся з пісьменніцай.
Мэта правядзення рэспубліканскай акцыі “Культурны маршрут Мая Беларусь: сучасныя піcьменнікі – дзецям” – падтрымка развіцця беларускай мастацкай літаратуры і творчасці сучасных пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, адраджэнне традыцый чытання, знаёмства дзяцей з сучаснай беларускай літаратурай.
Акцыя праводзіцца Міністэрствам інфармацыі Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
