Калядныя вячоркі

У межах ініцыятывы «Маладосць» & «Маладосць» – праекта аднаіменных часопіса і кнігарні ААТ “Белкніга” прайшла чарговая літаратурная сустрэча.
Загадчык кнігарні «Маладосць» Юрый Левановіч, які павіншаваў прысутных з галоўнымі зімовымі святамі і выказаў надзею, што чырвоныя дні календара і далей будуць цудоўнай падставай для сустрэч у новым, агульнамаладосцеўскім фармаце.
Мадэратар і галоўны рухавік імпрэзы Маргарыта Латышкевіч прапанавала бавіць святочны час так, як гэта рабілі нашы продкі – з песнямі, гісторыямі і варажбой! Але варажбой не звычайнай, а літаратурнай.
Марына Дубень са студэнцкага этнафальклорнага гурта “Багач” навучыла ўсіх жадаючых правільна спяваць калядныя песні. Вынікі ўразілі – усяго за нейкія 10 хвілін склаўся сапраўдны літаратурны хор.
Паэты Алесь Емяльянаў-Шыловіч, Дзмітрый Шулюк і Віктар Лупасін падзяліліся з гасцямі вячорак сваімі каляднымі ўспамінамі і дазволілі кожнаму зазірнуць у будучыню скрозь прызму сваіх вершаў.
Сваё святочнае апавяданне прачытала Кацярына Захарэвіч. З ім, дарэчы, можна будзе пазнаёміцца ў “Маладосці” № 12 (калядны выпуск).
Новы рэдактар аддзела паэзіі Аксана Ючкавіч прачытала свае вершы і пазнаёміла ўсіх з традыцыяй вігілій. Прычым на ўласным прыкладзе. Дапамагала ёй у гэтым навучэнка Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. I. Глінкі Ганна Мазец, якая акампаніравала на флейце.
Cветлай хрысціянскай паэзіяй парадавалі гасцей вечара Вольга Качалка і Юлія Шэдзько – прадстаўніцы часопіса «Ave Maria» і выдавецтва «PRO CHRISTO». А ў фінале імпрэзы ўсіх чакаў салодкі сюрпрыз – калядныя пернікі ад галоўнага рэдактара “Маладосці”.
Наступным разам у той самы час, на тым самым месцы (а 16-й на Багдановіча, 68) сустракаемся 9 студзеня.
Мининформ

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *