Гістарычная літаратура – тэма круглага стала, які пройдзе ў Мірскім замку

15 чэрвеня адбудзецца новы кніжны фестываль у Мірскім замку. Ён разгорнецца ў замкавым дворыку, а таксама на некаторых паверхах самога старажытнага мура. І паўсюль арганізатары абяцаюць бясплатны ўваход. Асобным мерапрыемствам запланаваны круглы стол, прысвечаны гістарычнай літаратуры.

У сваёй размове з карэспандэнтам газеты “Звязда” дырэктар выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч адзначыў, што ёсць такія пісьменнікі, якія вяртаюць нас не проста да гісторыі, але да гісторыі культуры, да мінулага вядомых людзей-беларусаў.

“У наш час вельмі ахвотна чытаюць творы Уладзіміра Караткевіча. Таму мы рыхтуем энцыклапедычны даведнік, прысвечаны гэтаму аўтару, — у ім распавядаецца пра асабістыя пачуцці вядомага пісьменніка, пра яго сяброў, пра тое, як ствараліся выдатныя творы. Гэта першая прыступка да энцыклапедыі пра Караткевіча. Мы выдалі кнігу і пра народныя музеі ў школах — такіх у нас крыху больш за 180. Я мяркую, што мы запросім на кніжныя сустрэчы гісторыкаў, выкладчыкаў гісторыі і музейных работнікаў Карэліцкага раёна і ўвогуле Гродзеншчыны. Упэўнены, атрымаецца цікавая сустрэча. У серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя» свет пабачылі два выданні — «Як жылі продкі ў Х—ХІІІ стагоддзях?» і «Ваяры Беларусі Х—ХІ стагоддзяў». Гэта цікавыя гістарычныя, выдатна аздобленыя дзіцячыя кнігі. Яны ў школьнікаў і моладзі атрымаюць станоўчы водгук і яшчэ раз будуць прадстаўлены ў Міры”, — падкрэсліў Уладзімір Андыревіч.

Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак распавёў, чаму для круглага стала тэмай абрана менавіта гістарычная літаратура.

“Мы ўсе шмат гадзін праводзім за маніторамі сваіх камп’ютараў, але ў той жа час цікавасць да гісторыі ўвесь час павялічваецца. Думаю, гэта не проста цікавасць да мінулага, а цікавасць да саміх сябе — хто мы ёсць? Азіраючыся назад, вывучаючы старажытнасць праз мастацкія творы, мы ў той жа час глядзім у будучыню, і яна робіцца для нас больш акрэсленай. У круглым стале ўдзел прымуць нашы знакамітыя пісьменнікі — Людміла Рублеўская, Навум Гальпяровіч, Валерый Казакоў, Анатоль Бутэвіч. Кожны з іх так ці іначай працуе ў гістарычным жанры і мае сваю асобную літаратурную дзялянку, якая не перасякаецца з працай іншага аўтара… Тое, што ў Мірскі замак прыедуць пісьменнікі, мне здаецца важным не толькі для чытачоў, але і для саміх пісьменнікаў, якія змогуць знайсці там натхненне. Бо і Уладзімір Караткевіч ствараў, натхніўшыся беларускімі замкамі. Упэўнены, нашы пісьменнікі вернуцца з Міра з новымі ідэямі твораў”, — упэўнены Алесь Бадак.

«Кніжныя сустрэчы ў Мірскім замку» збяруць 15 чэрвеня дзесяткі выдавецтваў і аўтараў, пройдуць прэзентацыі, аўтограф-сесіі. Асноўным «героем» будзе беларуская кніга. Найперш – тыя выданні, якія прысвечаны гісторыі, асветніцтву Беларусі.

Мининформ

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *