У Мінску прайшоў конкурс чытальнікаў «Жывая класіка»
Цікавасць да беларускага слова расце. Штогод не толькі павялічваецца колькасць удзельнікаў конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка», але і пашыраецца геаграфія, абсягі роднай зямлі, адкуль у сталіцу з’язджаюцца таленты прадэманстраваць уласную творчасць і веданне класікі.
Днямі ў Нацыянальную бібліятэку Рэспублікі Беларусь з усіх куточкаў краіны завіталі 30 хлопчыкаў і дзяўчынак паказаць сваё майстэрства чытання. Якія іх улюбёныя творы? Якіх пісьменнікаў яны чытаюць? Адказы на гэтыя пытанні давалі самі выступоўцы.
Перад журы стаяла няпростая задача: выбраць найлепшае з добрага, найвыбітнейшае з ужо адзначанага — дзеці, якія трапілі ў паўфінал конкурсу, прайшлі першы, другі і трэці этапы. Падрыхтаваліся яны выдатна: выступленні былі бліскучыя, усе дэманстравалі феерверк эмоцый, выразнасць мімікі і жэстыкуляцыі, былі нават тыя, хто дапоўніў нумар спевамі альбо танцавальнымі элементамі. Адметныя сцэнічныя касцюмы ў спалучэнні з вобразамі, якія выяўлялі выступоўцы, стваралі тэатральную атмасферу — гледачы на момант страчвалі сувязь з рэальнасцю, пераносячыся ў казачную прастору. Былі прачытаныя і драматычныя творы, якія расказалі пра трагедыю дзяцей вайны.
Арганізатарамі выступілі міністэрствы інфармацыі і адукацыі, ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне», а таксама Саюз пісьменнікаў Беларусі.
15 найталенавіцейшых чытальнікаў будуць спаборнічаць ужо на святочнай сцэне Слоніма, дзе пройдзе ХХVІ Дзень беларускага пісьменства.
Па матэрыялах газеты «Звязда» (http://www.zviazda.by)