Што хавае мармуровы анёл?

Звычайная нядзеля. За вокнамі цёмна, сумна, дажджліва і не хочацца выходзіць на вуліцу. Чым заняць сябе?… І тут я раптам успомніў, што мне далі пачытаць аповесць Людмілы Рублеўскай «Сэрца мармуровага анёла». Трымаючы ў руках кнігу, я зразумеў, што не ведаю імя гэтай аўтаркі і ніколі не чытаў яе твораў. Калі б настаўніца беларускай мовы і літаратуры не параіла мне пачытаць аповесць, то я і не здагадваўся б пра існаванне гэтай кнігі з такой загадкавай назвай.

Чытаць я вельмі люблю. Мне падабаецца пражываць жыццё герояў новага твора, падарожнічаць з імі, праходзіць праз выпрабаванні. Назва твора заінтрыгавала мяне, і я, як і заўсёды, захапіўся чытаннем. Чым далей я паглыбляўся ў сюжэт, тым больш гэты твор мне падабаўся. У аповесці ўдала спалучаюцца прыгодніцкі, гістарычны і дэтэктыўныя жанры. Гэта гісторыя адной «жанчыны з неўладкаваным лёсам», мастацтвазнаўцы Кацярыны Аляксееўны, якая трапіла ў вёску Наўе, дзе знаходзіўся краязнаўчы музей — каб адабраць экспанаты для сталічнага музея. Загадчык музея, Нічыпар Цудко, памёр, а вартаўнік Вінцусь (загадкавы персанаж, «каменны рыцар»!) хавае тайну пра сямейную рэліквію паноў Палецкіх. Інтрыга ў творы раскрываецца паступова, «нібы кітайскі куфэрак: адчыняеш шуфлядку — за ёй хаваецца наступная». У сутарэнні Кася адшукала помнікі драўлянай архітэктуры, беларускай, непаўторнай, перыяду сямнаццатага стагоддзя. Побач з імі — мармуровы анёл з непрапарцыянальна вялікімі, складзенымі на сэрцы далонямі, з крыламі, падобнымі да змятай прасціны, і мужыцкім спакутаваным тварам. Экспанатамі музея таксама цікавіцца жонка багатага чалавека і эксперт сталічнага антыкварнага музея. Кася з архіўных дакументаў даведваецца пра лёс сям’і паноў Палецкіх. Шмат цікавых звестак «усплывае» з гэтых дакументаў, самая цікавая таямніца — фамільная каштоўнасць — крыж з вельмі каштоўнай незвычайнай перлінай. Сямейная каштоўнасць перадавалася з пакалення ў пакаленне, але шчасця роду Палецкіх не прынесла… Княгіня Палецкая схавала крыж з незвычайнай і вельмі каштоўнай перлінай. З сямейнай легенды вынікае, што гэтая фамільная каштоўнасць — падарунак каралевы Боны. Уся прыгодніцкая гісторыя закручана на пошуках крыжа. Гераіні даводзіцца разгадваць таямніцу гэтай заблытанай, але вельмі цікавай гісторыі. Героям давялося рабіць складаны выбар паміж здрадай і подзвігам, самаахвярнасцю і спакойным жыццём…
Аповесць мне вельмі спадабалася. Дзякуючы гэтаму твору я зразумеў, што мая краіна мае багатую гістарычную спадчыну, што ў векавых пластах яе хаваецца так многа неразгаданых таямніц. Мне здаецца, што творы Людмілы Рублеўскай (я з вялікім задавальненнем прачытаў яшчэ і аповесць «Пярсцёнак апошняга імператара» і раман «Золата забытых магіл») — працягваюць найлепшыя традыцыі гістарычнага жанру Уладзіміра Караткевіча. Я шчыра заклікаю ўсіх сваіх равеснікаў: чытайце сучасную літаратуру, не адкладайце ўбок беларускія кнігі — там можна знайсці адказы на многія пытанні, адкрыць для сябе новае, блізкае сэрцу і патрэбнае для душы!

Аляксандр Кішчанка, Мацюшэўская дзіцячы сад–
базавая школа імя П. Е. Купрыянава, Полацкі раён

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *