Герой
Як напісаць дэтэктыў і не здзейсніць злачынства. Частка 2

Будзе справядлівым задацца пытаннем: чаму патрэбна пачынаць з герояў, а не, скажам, з інтрыгі? Адказ такі: пачалі мы з фактаў. А тэкст, у якім няма героя, — гэта эсэ. Хаця, калі вярнуцца да Борхеса, то розніцу паміж эсэ і апавяданнем ухапіць бывае вельмі складана, бо ён у свае апавяданні ўключае разнастайныя разважанні і назіранні, а ў эсэ згадвае шэраг надзвычайных людзей. А часам і ўвогуле ўводзіць у тэкст уласную асобу ў якасці паўнапраўнага персанажа, за якім сам жа і сочыць, застаючыся быццам бы па–за тэкстам. Так, праўда, факт спрэчны. Але ж у большасці дэтэктываў, якія вядомыя мне, усё як у антычнай п’есе: ёсць пратаганіст і антаганіст (наяўнасць хору — апцыянальная). Першы ў дэтэктыўным жанры даследуе тое самае загадкавае здарэнне, якое мы абмяркоўвалі ў мінулы раз. Другі адказвае за непасрэднае «здарэнне здарэння», а таксама збівае з панталыку пратаганіста. Нават пры самай віхорыстай інтрызе вельмі важна, каб было цікава сачыць не толькі за яе развіццём, але ж і за героямі, уцянутымі ў гэтую інтрыгу. Таму сваіх герояў патрэбна не толькі любіць (пры тым, як станоўчых, так і адмоўных), але ж ставіцца да іх крытычна і быць гатовымі трансфармаваць іх рысы дзеля выразнасці агульнай гісторыі. Аднак як прыдумаць удалых герояў?
На маю думку, тут ёсць тры кірункі: альбо героі прыходзяць у галаву самі, альбо вы іх спісваеце з каго–небудзь, альбо адштурхоўваецеся ад сітуацыі. Я звычайна камбіную ўсе тры варыянты, але калі не магу добра ўявіць сваіх герояў, у мяне рассыпаецца гісторыя. Хаця ёсць у мяне такі герой, пра якога я даўно хачу напісаць кнігу і ён нават з’яўляецца ў некаторых маіх апавяданнях, аднак пачаць вялікі тэкст ніяк не магу. Напэўна, занадта добра ўявіла гэтага героя і ён проста ўвасобіўся ў нейкай паралельнай рэальнасці, дзе жыве сваім жыццём, не зважаючы на маю праблему. Альбо наадварот — гэта ён піша кнігу пра мяне.
Цалкам адрозная гісторыя здарылася з Яўгеніяй Канстанцінаўнай паннай Пракшыной з майго рамана «Губернскі дэтэктыў. Справа аб крывавых дукатах». Я даведалася пра фальшываманетчыка Файна, які ў другой палове ХІХ стагоддзя падрабляў у Мінску манеты часоў Рэчы Паспалітай — яго штукарствы меліся нават у калекцыі графа Эмерыка Гутэн–Чапскага, бацькі знакамітага мінскага гарадскога галавы. Аднак пісаць увесь раман пра рэальных гістарычных асоб мне зусім не хацелася, хаця менавіта вакол гэтага факта ў выніку і збудавалася інтрыга кнігі. Што ж тычыцца пратаганіста, то я адразу вырашыла, што гэта мусіць быць трохі нягеглы дылетант, а хутчэй, дылетантка і, да таго ж, з гонарам — бо, як мне падалося, спалучэнне непрыстасаванасці і амбіцыйнасці можа быць забаўным. Між іншым мне вельмі хацелася стварыць такую гераіню, што, пасля Басі Станкевіч з маёй трылогіі «Адваротны бок люстра», не будзе мець са мной ніякага падабенства ні вонкава, ні па характары. Вядома ж, панна Пракшына не ўвасобілася ў маіх фантазіях адразу. Але я, відаць, так дбайна запраграмавала сябе на стварэнне гэтай гераіні, што адным вераснёвым ранкам у паўсне мой мозг пачаў выдаваць яе роздумы, якія, высветлілася, панна Пракшына фіксуе ў журнале. У якасці каментара да такіх роздумаў прыйшоў і далейшы тэкст з поўным іменем, узростам, апісаннем звычак і іншых уласцівасцей маёй гераіні. Тэкст настолькі шчыльна ўвайшоў мне ў галаву, што я магла яго дэкламаваць. Менавіта ён і склаў першы раздзел рамана, а нас з Яўгеніяй Канстанцінаўнай аб’ядналі толькі дзве рэчы: ёркшырскі pies з замашкамі дэндзі і любоў да прыгожага пісьменства. Аднак далей гісторыя не ішла, у мяне не атрымлівалася прыдумаць антаганіста. А дакладней, такога персанажа, які знаходзіўся б з маёй паннай Пракшыной у канфлікце, бо канфлікт — найважнейшая ўмова любой гісторыі. У «Справе аб крывавых дукатах», здаецца, усе героі вельмі адрозныя, у якія пары яны б ні скамбінаваліся. Аднак зносіны, у якіх з імі знаходзіцца галоўная гераіня, канфліктам назваць нельга, гэта хутчэй кантраст — проста яны вельмі розныя. А канфлікт тычыцца найбольш вострага вырашэння ў сутыкненні светапоглядаў, пасля чаго героі ўжо не будуць ранейшымі. Менавіта такім антыподам для панны Пракшыной мусіў стацца найлепшы за самую беззаганнасць Андрэй Вікенцьевіч Падгорскі. Не даваўся ён мне доўга, але ж, па шчырасці, гэта адзін з маіх найлепшых персанажаў (я нават трошачкі яго абагаўляю, калі можна так выказацца). Адзін мой сябар з імпэтам распытваў мяне, хто ж стаўся прататыпам, але я нічога не магу адказаць на гэтае пытанне, бо памятаю толькі выпадкова сустрэты позірк «рысіных» вачэй, а больш — нічога. Зусім неабавязкова пераносіць у мастацкі твор усё як было — часам дастаткова толькі адной рысы, а астатняе дамалюецца, бо на тое гэта і ёсць фікшн, каб абагульняць і вылучаць. Магчыма, тыя вочы зусім не былі рысіныя. Магчыма, мне прымроілася. А цяпер да практыкаванняў.
Практыкаванне №3
Распрацуйце пару кантрастных персанажаў. Няхай адзін з іх будзе падобны да вас, а другі станецца антыподам. Прыдумайце кожнаму персанажу імя, апішыце характар, знешнасць, звычкі, атрыбуты. Абавязкова падумайце, як гэтыя персанажы будуць рухацца, як размаўляць — магчыма, у іх будуць улюбёныя слоўкі, прымаўкі. І самае галоўнае: пра што мараць вашы персанажы, якія мэты сабе ставяць? Ад гэтага залежыць, ці будзе паміж імі толькі кантраст альбо канфлікт. Перарабіце свае заўвагі аб вашых персанажах у цэласны тэкст — па 1–м абзацы да 10–ці сказаў пра кожнага з іх. Напішыце дадатковы абзац, дзе будзе апісаны характар зносін паміж гэтымі персанажамі — ці будуць яны сябрамі альбо ворагамі?
Практыкаванне №4
Цяпер замяніце ў адным са сваіх персанажаў якую–небудзь рысу. Найбольш радыкальная змена — гэта змена гендару, але ж яна і самая цікавая, бо тут мы працуем з сацыяльным канструктам. Напрыклад, мая Яўгенія Канстанцінаўна вымушаная паводзіцца належным чынам з–за таго, што з’яўляецца «годнай паннай». Калі б яна была мужчынам — няважна, свайго сацыяльнага кола альбо іншага, — то гісторыя склалася б зусім інакш (хаця шчанюка ёркшырскай пароды я пакінула б). Яшчэ можна змяніць «полюс» — напрыклад, перапісаць станоўчага персанажа ў адмоўнага. Падумайце, якое здарэнне ў жыцці вашага персанажа магло б паўплываць на такую змену? Менавіта гэтае здарэнне можа стаць галоўнай «загадкай» у вашай дэтэктыўнай гісторыі. Сфармулюйце свае развагі ў яшчэ 1–м абзацы.
Практыкаванне №5
Напішыце дыялог паміж любой парай з вашых персанажаў. Паспрабуйце адлюстраваць у гэтым дыялогу канфлікт паміж персанажамі. Ці будуць яны казаць аб гэтым наўпрост альбо намёкамі? Чым будзе суправаджацца размова: якімі рухамі, позіркамі? Расстаўце акцэнты з дапамогай рэмарак у дыялогу. Які будзе вынік размовы? Ці трансфармуецца размова ў дзеянне? Перачытайце дыялог — наколькі добра ён прамаўляецца? Аб’ём тэкста — да 2 старонак аркуша фармата А4.
Свае практыкаванні дасылайце ў рэдакцыю «Бярозкі» з пазнакай «Дэтэктыўны практыкум», а напрыканцы чарговае дадатковае заданне: фіксуйце ў сваім нататніку назіранні за незнаёмцамі, прыдумвайце ім гісторыі. Магчыма, нехта з іх станецца ўдзельнікам вашай дэтэктыўнай гісторыі.
Ксенія Шталенкова
