Інтрыга

Як напісаць дэтэктыў і не здзейсніць злачынства
Частка 3 Інтрыга

Нарэшце мы падышлі да найбольш істотнага складніка дэтэктыўнага жанру. Сапраўды, без загадкавага здарэння гісторыя будзе чым заўгодна, акрамя дэтэктыва, хаця гэта зусім не значыць, што яна будзе горшай. Наадварот, гэта могуць быць захапляльныя прыгоды, чароўныя вандроўкі альбо проста добрая кніга пра добрых людзей. Але ж мы дамовіліся стварыць дэтэктыў, таму надышоў час інтрыгаваць напоўніцу. І тут паўстае пытанне: што ўсё–ткі разумець пад тым самым «загадкавым здарэннем», да якога мы ўвесь час звяртаемся? Калі вы маеце сумневы, наколькі загадкавым з’яўляецца здарэнне, з якім вы на дадзены момант сутыкнуліся, трэба зрабіць наступную праверку. Запытайце сябе, ці пачынаецца ваш роздум на «Хм–м–м…»? Калі не, то вы маеце справу з самай шараговай сітуацыяй і выкрываць у ёй няма чаго. Аднак загадкавасць можна знайсці як у крывавым забойстве, так і ў знікненні асадкі на вашым стале. Усё залежыць ад вашых цікаўнасцей і схільнасцей.
Так, па фармальных уласцівасцях дэтэктыў можа быць гістарычны, містычны, псіхалагічны, суцэльна эпічны, катастрафічны, герметычны, занудна–рэалістычны, іранічны і шмат яшчэ які. Галоўнае, каб не ўсё адразу. Аднойчы мне прапанавалі напісаць сцэнар для караткаметражкі (заўважу, што дэтэктыўнай лініі ў ім не было). Я высветліла, як ён мусіць афармляцца, а як канкрэтна пісаць, вырашыла не чытаць, бо быў жа няўдалы досвед з п’есамі. Атрымалася няблага, але каманда, якая збіралася здымаць па ім фільм, развалілася, таму я вырашыла самастойна пацікавіцца, як сцэнарысты звычайна прасоўваюць свае творы. Натрапіла ў інтэрнеце на артыкул, дзе прапаноўвалася спачатку праверыць свой сцэнар на найбольш распаўсюджаныя памылкі. Па–першае, сцэнар не мог быць пра каханне (дагэтуль не ведаю, чаму). Па–другое, сцэнар не мог мець прыстаўку «фантастыка–». Па–трэцяе, у сцэнары не мусіла быць песні. У маім сцэнары з пералічанага было ўсё. Але ж атрымалася няблага.
Карацей, каб прыдумаць інтрыгу, важна вызначыцца, якім будзе ядро вашай дэтэктыўнай гісторыі. А таму варта паразважаць, што вы любіце больш за ўсё і што вы ведаеце лепш за ўсё? Як я ўжо казала, я сама, да прыкладу, люблю разгадваць загадкі. А яшчэ гісторыю і пасмяяцца. Пішу я таксама дзеля таго, каб нехта мог пасмяяцца. Хаця часам у асобных маіх «гісторыйках» (каб адрозніць ад агульнай Гісторыі) зусім не да смеху. Напрыклад, у трэцяй частцы «Адваротнага боку люстра», які першапачаткова задумваўся як фантастыка–прыгодніцкі раман (так–так, «фантастыка–», можна яшчэ сказаць (псеўда–)гістарычнае фэнтэзі), незаўважна для сябе я выбудавала дэтэктыўную лінію вакол таямніцы аднаго механізма адразу ў дзвюх мадальнасцях. Па–першае, у гэтай частцы трылогіі Бася намагаецца выкрыць праўду пра свой лёс, які непасрэдна звязаны з гэтым механізмам, і аказваецца, што яна загразла ў подлых інтрыгах двух дзядоў. Па–другое, яна чытае дзённік аднаго з іх — галоўнага злачынцы Эль–Анабі, які распавядае пра свае спробы выкрыць, як насамрэч працуе згаданы механізм, што ў сваю чаргу звязана з шэрагам іншых інтрыг у розных стагоддзях і розных гарадах Еўропы. Заканчваецца ўсё вельмі кепска. Хаця дзе менавіта заканчваецца, сказаць складана. Тым не менш, гэтая частка трылогіі — мая ўлюбёная, і складнік з дзённікамі мне падаецца найбольш удалым, хаця мяне трошкі насцярожвае, калі быццам бы слушныя, але вусцішныя словы Эль–Анабі прыпісваюць мне. Аднак больш за ўсё мне тут падабаецца не сама лінія гэтага персанажа, а тое, што побач з ім, цалкам выдуманым, у гэткіх жа цалкам выдуманых абставінах апынаюцца сапраўдныя гістарычныя дзеячы. І самае галоўнае — што прачытваецца гэта так, быццам бы і яны — выдуманыя. Перадаю шчырае прывітанне маім сябрам Хорхе і Умберта. Пра карузлікаў на плячах гігантаў памятаю.
У «Справе аб крывавых дукатах» дэтэктыўная задача была іншая: да апошняй старонкі не выдаць, хто брэша і чые abominable mustaches маюць дачыненне да гэтай брахні. Канец не такі змрочны, месцамі нават пазітыўны, хаця забойстваў там гэтак жа багата, як і ў «Адваротным баку люстра». Аднак галоўная рэч у тым, што ў абедзвюх кнігах ядро дэтэктыва звязана з артэфактам, які мае ўласную гісторыю: у «Адваротным баку люстра» гэта чароўны механізм, які праходзіць праз стагоддзі і разбурае жыцці, а ў «Справе аб крывавых дукатах» — «сапраўднае» фабрыкаванае золата Файна. Важна, што інтрыга і ў адным, і ў другім выпадку ініцыюе канфлікт у гісторыі. Персанажы, якія шукаюць чароўны механізм, змагаюцца за права стаць яго ўладальнікам: нехта дзеля таго, каб выкарыстаць яго, нехта — каб знішчыць. Вакол штукарстваў Файна таксама ўтвараецца барацьба: не ўсе ведаюць, што золата несапраўднае, а з тых, хто ведае, адны дбайна маніпулююць пачуццямі астатніх, а іншыя дарэмна намагаюцца аднавіць справядлівасць. Вядома ж, лёгка сфармуляваць, у чым палягае інтрыга і канфлікт, калі гісторыя ўжо запісаная, але калі вы можаце выявіць гэта (і, у першую чаргу, для саміх сябе) на падрыхтоўчым этапе, то дэтэктыў атрымаецца добры. Менавіта на такое прадумванне будуць скіраваныя чарговыя практыкаванні.

Практыкаванне №6
Прыдумайце тры сітуацыі, у кожнай з якой будзе інтрыга адрознага тыпу: звязаная з «артэфактам»; звязаная са зносінамі паміж героямі; звязаная з хлуснёй. Падумайце, якія з вашых герояў, распрацаваных у папярэдніх практыкаваннях, маглі б стацца ўцягнутымі ў кожны з тыпаў інтрыгі? З–за якіх уласцівасцей? Ці можна аб’яднаць гэтыя інтрыгі ў адну? Для кожнай інтрыгі напішыце 1 абзац да 10 сказаў. Пазначце, якія з вашых персанажаў больш пасуюць да кожнай з сітуацый з абгрунтаваннем у 1 дадатковы сказ на 1 героя.

Практыкаванне №7
Напішыце логлайн (тэрмін ад сцэнарыстаў!) вашага дэтэктыва. Логлайн — гэта вельмі сціслае апісанне гісторыі, звычайна каля 40 слоў. Адзначце ў сваім логлайне наступныя рэчы: хто ваш пратаганіст; хто антаганіст; дзе і калі разгортваюцца падзеі; у чым галоўная інтрыга (канфлікт) гісторыі; якія мэты ставяць героі. Таксама ў логлайне можна адзначыць эмацыйны лад гісторыі. Каб патрэніравацца, можна паспрабаваць прадставіць у якасці логлайна гісторыю свайго жыцця: абярыце які–небудзь надзвычайны выпадак і ўявіце сябе ў якасці героя. Пасля звярніцеся да сваіх персанажаў і запішыце не менш за 3 логлайны, змяняючы абставіны, мэты і ролі вашых персанажаў. Які з логлайнаў падаецца найбольш выразным і чаму? Ці змяняецца, у залежнасці ад змены дадзеных, канфлікт гісторыі?

Практыкаванне №8
Абярыце адзін з вашых логлайнаў і апішыце адну і тую ж сітуацыю з двух пунктаў гледжання. Падумайце, як будуць інтэрпрэтаваць інтрыгу ваш пратаганіст і антаганіст. У чым яны будуць згодныя? У чым — разыходзіцца? Як праз стаўленне да сітуацыі выяўляецца канфлікт паміж героямі? Ці можа тут быць нейтральная пазіцыя? Хто здолее заняць яе? Запішыце свае разважанні. Аб’ём тэкста — да 2 старонак аркуша фарматам А4.

Свае практыкаванні дасылайце ў рэдакцыю «Бярозкі» з пазнакай «Дэтэктыўны практыкум», а ў вольны час паспрабуйце адзначыць для сябе, якія падзеі, з тых, што адбываліся ў вашым жыцці, падаюцца найбольш загадкавымі і чаму?

Ксенія Шталенкова

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *