Маргарыта Латышкевіч: пра фанфікі, «эльфяціну» і дрэвы, на якіх растуць пісьменнікі

Як шкада, што тэкст не перадае голасу, інтанацый… У «Штодзённым прароку» з сусвету «Гары Потара» можна было хоць рухі і міміку пабачыць — і дазнацца пра чалавека больш, чым дазваляюць словы. Па тэксце інтэрв’ю з Маргарытай Латышкевіч — пісьменніцай, паэткай, фалькларысткай — застаецца толькі рассыпаць смайлы, каб хаця б часткова перадаць настрой размовы.

— Ведаю, што твой першы твор быў пра коцікаў…
— Гэта быў комікс. Тата неяк паскардзіўся, што няма чаго пачытаць. Пры тым, што хатняя бібліятэка ў нас немаленькая. Я пачула (мне было 4–5 гадоў) і зрабіла комікс пра коціка: праз трафарэт намалявала вялікую галаву, дамалявала лапкі–вушкі… зрабіла шэраг эпізодаў: «коцік кушаіць, гуляіць», нейкія сябры ў яго былі, вельмі страшны заяц. Карацей, на аматара.

— Як бацькі ставіліся да тваіх творчых спроб?
— Спачатку так: «Ну і ладна, абы ад вучобы не адрывалася». Я пачала з калятолкінаўскай эльфяціны: пісала фанфікі да таго, як даведалася, што гэта такое. У падлеткавым узросце стала пісаць беларускамоўныя вершы. Мае бацькі практычныя: калі ёсць праблема, трэба яе вырашаць — думаць, куды гэта можна падзець. Вырашылі, што калі кампетэнтныя людзі ў рэдакцыі скажуць, што творы добрыя, то варта займацца гэтым далей. Першы верш быў надрукаваны ў «Брэсцскай газеце». Наступная публікацыя — у 10–м нумары «Бярозкі» за 2004 год. Менавіта з яе я адлічваю сваю творчую біяграфію: там быў фідбэк ад рэдакцыі. А першы сур’ёзны водгук я атрымала ад Янкі Лайкова з «ЛіМа». Ён досыць прыязна паставіўся, і вершы надрукавалі.
Паступова высветлілася, што «хвароба» хранічная. Бацькі бачылі прагрэс лепш, чым я. Тата прачытаў падборку фантастыкі ў «Маладосці» і сказаў: «Я ўяўляю, як можна фільм зняць». Маме больш даспадобы мая калярэалістычная проза. Такім чынам, бацькі мяне «падзялілі». Часам веданне, што блізкія людзі нешта табе скажуць, прымушае задумвацца, як напісаць лепш. Гэта не значыць, што мы ва ўсім згодныя. У іх ёсць свае перавагі. Напрыклад, мама — аматар беларускай літаратуры, збірае сучасныя выданні. Яе меркаванне — гэта меркаванне сапраўднага чытача. Нават калі я не згодная, то ўсё адно прыслухоўваюся, нешта адкладаецца у галаве. Бо чытач мяркуе так.

— Ці можаш ты апісаць Маргарыту–падлетка?
— Я была дзіцём спакойным: перачытала дзіцячую бібліятэку і ў падлеткавым узросце запісалася ў абласную. Летам прыходзіш, скідваеш адзін стос, бярэш другі і начытваешся да звону ў галаве. За кошт чытання непазбежна выбіваешся з калектыву. У мяне каля дома расля вялікая вярба, усё, што я прачытвала, мы з сябрамі рэалізоўвалі ў гульнях — у эльфаў, касманаўтаў, іншых герояў… Гульня заключалася ў тым, што мы сядзелі на вярбе, але змяняліся дэталі фантазіі. З узростам я, канешне, перастала сядзець на дрэвах, хаця часам хочацца 
Я з захапленнем чытала класіку. Фанацела ад Івана Ганчарова — падабалася не столькі тое, што там адбываецца, колькі само чытанне: мова, стылістыка… Калі хварэла, у мяне была традыцыя чытаць пра Абломава. Гогаль, Булгакаў, О’Генры, Шэкспір, Шылер — уся класіка, што стаяла ў нашай шафе — гэта сябры, да якіх увесь час звяртаешся. Зразумееш–не зразумееш – не істотна. Памятаю, у пачатковай школе ўзяла ў бібліятэцы «Трох мушкецёраў», прачытала досыць хутка, а бібліятэкарка не хоча браць, кажа: «Ты не паспела прачытаць такую вялікую кнігу». Давялося ёй пераказваць сюжэт, каб яна паверыла. Я запісалася ў гурток юнага бібліятэкара, каб патрапіць у нетры сховішча, бо проста так туды не пускалі, а мне вельмі хацелася.

— З якімі героямі ты сябе атаясамлівала?
— Фішка была якраз у тым, каб уяўляць сябе кім заўгодна. Ты сядзіш на той самай вярбе, але штораз думаеш пра сябе па–новаму. Пакуль знаходзішся «ў кнізе», адыгрываеш ролю цэнтральнага персанажа. Чытаеш «Уладара пярсцёнкаў» — тусуешся з хобітамі, баішся назгулаў, захапляешся эльфамі. Выходзіш з кнігі — ты не хобіт, а чалавек. Безумоўна, на мне пакінулі глыбокія сляды прачытаныя кнігі. Не адмаўляюся, што люблю Толкіна як пісьменніка, навукоўцу, стваральніка штучных моў. Яго падыход да пабудовы свету мне падабаецца, і я хацела б аднойчы па падобным прынцыпе стварыць свой. Захапленне магутнасцю, чароўнасцю, імкненнем да лепшага, якім прасякнутыя яго кнігі, адбілася на мне. І, напэўна, гэта не так кепска — любіць эльфаў, калі разумець пад імі штосьці лепшае.

— Ці ёсць у цябе любімы герой з беларускай міфалогіі?
— Успрымаць беларускую міфалогію як пантэон накшталт скандынаўскага не выпадае. Ад яго засталіся драбочкі, з якіх можна зрабіць нейкі канструкт, праўдападобны ці не. І часам навукоўцы злоўжывалі магчымасцю і стваралі не зусім праўдзівых персанажаў. Калі пра казкі, то я люблю вобраз ваўка–памочніка, які размаўляе чалавечым голасам. Мне заўсёды падабаліся варыянты, дзе Іван Царэвіч забівае яго, і пасля воўк ператвараецца ў царэвіча. За гэтым маячыла гісторыя персанажа.
Амаль уся беларуская міфалогія не надта распрацаваная. Ёсць рэчы растыражаваныя дзякуючы пісьменнікам (таму ж Яну Баршчэўскаму). Напрыклад, вужыны кароль. Але ёсць нюансы за тым жа вужыным каралём, што не выкарыстоўваюцца нават людзьмі, якія звяртаюцца да гэтага вобраза.

— Як ты думаеш, па чым можна адрозніць беларускае фэнтэзі ад небеларускага?
— У мяне ёсць сяброўка, якая піша фэнтэзі па–руску, не выкарыстоўвае ў сваіх творах беларускія міфалагічныя ці гістарычныя моманты. Але гэта не значыць, што яна цалкам вольная ад беларускага кантэксту. А ён ўплывае і на тыпажы персанажаў, і на некаторыя ўзоры стасункаў, на саму фабулу, у рэшце рэшт. Цікава чуць, як аўтары кажуць, што нічога беларускага ў іх творах няма. Але іх мысленне заточана ў такім ключы. Беларускасць мыслення — кармічная, на глыбінным узроўні, несвядомая, а тэкст — прамы вынік мыслення. Калі я сказала сяброўцы пра гэта, яна задумалася надоўга, а потым сказала: «Напэўна, так».
Увогуле беларуская фантастыка не вельмі разгалінаваная жанрава. Калі ў рускамоўнай і англамоўнай фантастыцы мы можам назіраць росквіт самых разнастайных жанраў, іх скрыжаванні, з’яўленне найноўшых жанраў,то ў нас іх мала. Людзі пішуць, але няма за плячыма разгорнутай літаратурнай традыцыі і важных для развіцця жанра ў межах нацыянальнай літаратуры твораў — эпічнага фэнтэзі, любоўнага фэнтэзі. Нават на хвалі «шырспажыву» вылучаюцца вартыя ўвагі творы. Калі мы хочам, каб развіваўся нейкі жанр, трэба працаваць мэтанакіравана ў гэтым ключы. Колькасць вымушана пяройдзе ў якасць. Гэта як жарт пра незлічоную колькасць малпачак з друкарскімі машынкамі. Адна з іх можа напісаць «Вайну і мір». Таму я за масавасць.

— З улікам таго, што ты чытаеш шмат твораў аўтараў–пачаткоўцаў, ці можна вызначыць рысы, характэрныя для самага новага пакалення пісьменнікаў?
— Ёсць нюанс, які мяне турбуе. Часта маладыя аўтары разменьваюцца на творчасць у межах чужога сетынгу — фанфікі. У кожнага ёсць індывідуальны ліміт старонак у дзень. І калі ты гэтую колькасць выпішаш у чужым сетынгу, то не напішаш нічога ўласнага сёння. Тым не менш, фанфікі — гэта харошая школа. Яе варта прайсці — навучыцца стылістыцы, выказаць павагу і любоў да пэўнага аўтара і яго твораў. Але не забывацца пра сябе. На жаль, сутыкалася з выпадкамі, калі чалавек заставаўся ў межах чужога мастацкага свету, а пра сваё казаў «не ідзе», хоць задаткі добрыя. З іншага боку, фікбук можа быць сродкам стасункаў з аўдыторыяй для пісьменніка, як піша арыджыналы і фанфікі на самога сябе.
Што яшчэ непакоіць: часта сутыкаюся з меркаваннем маладзейшых чытачоў, што дабрыня і мяккасць — гэта паказчык слабасці ці дурасці. Памятаю каментар адносна адной добрай гераіні, што яна «дурачка». А чаму? Таму, што ўмее спачуваць? Некамфортна сутыкацца з такім меркаваннем, і я спадзяюся, што з яго можна вырасці. Мне не хацелася б, каб яно замацавалася ў літаратуры і ў людзях.

— Пісаць бяруцца многія, але да сур’ёзных вынікаў даходзяць не ўсе. З чым гэта звязана?
— Для літаратурнай творчасці, як і для любога занятку, патрэбная прыродная схільнасць. Апроч яе — шалёная колькасць работы. І пра гэтую штодзённую працу многія забываюцца. Часам чалавек расчароўваецца, бо няма хуткіх вынікаў. А іх быць не можа. Да таго ж, не ўсе гатовыя чымсьці ахвяраваць, выкладацца напоўніцу. Таленавіты чалавек, які не аддаецца сваім тэкстам, можа на даўгой дыстанцыі прайграць таму, хто не мае схільнасці, але стараецца і працуе.

— Ёсць меркаванне, што ў беларускай літаратуры ўсё добра, проста не хапае чытача…
— Калі б усё было добра, чытача хапала б. Мяне непакоіць, калі літаратуру разглядаюць як нешта элітарнае. Літаратура павінна адпавядаць запытам людзей. Яна мусіць дапамагаць людзям, а людзі — цягнуцца да яе. Калі гэтага няма, значыць нешта мы робім не так. Літаратура — тое, што мусіць быць побач увесь час. Элітарнасць — прывідная рэч. Навукоўцы могуць дыскутаваць адносна глыбінных пытанняў тэорыі, а чалавеку варта даць літаратуру па яго патрэбах. Класіка не пішацца як класіка. Я не ўстану раніцай і, паеўшы бліноў, не скажу: «Сяду я пісаць класіку». Класіка выкрышталізоўваецца з таго, што людзям патрэбна. Той жа Пушкін у свой час прайграваў у крытычных водгуках Загоскіну, але Пушкін застаўся, Загоскін — не вельмі. Значыць, ёсць іншая мерка.

— Што б ты параіла нашым чытачам, якія хочуць быць пісьменнікамі?
— Ёсць залатое правіла «Можаш не пісаць — не пішы». Калі не можаш не пісаць — гэта іншая размова. Ты атрымліваеш задавальненне ад таго, што пішаш, як стасуешся з персанажамі, ад таго, што ты нешта прыдумаў — гэта эйфарыя вельмі моцная, але пасля працы робішся развалінай. Да таго ж, прафесія не самая хлебная, таму трэба расстаўляць прыярытэты, каб потым не шкадаваць. Вельмі часта, калі заахвочваюць моладзь, празаічны момант прыхоўваюць. Ісці кудысьці трэба з расплюшчанымі вачыма, ведаючы, з чым сутыкнешся. Каб займацца любімай працай, варта часам прымаць нязручнасці. Калі хочаш пастаяннай утульнасці, трэба пашукаць штосьці яшчэ. Іншая справа, што для цябе самога тое, што ты робіш — жывая частачка, і калі табе гэта важна — усё добра.

Кацярына Захарэвіч

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *