Кампазіцыя

Як напісаць дэтэктыў і не здзейсніць злачынства
Частка 4: Кампазіцыя

Не дарэмна я чытала пра драматургічную арку. Як і ў кожным творы, у дэтэктыве мусіць быць свая завязка, нарастанне, кульмінацыя і развязка. Аднак кульмінацыя — рэч значна больш складаная, чым можа падацца, бо «складаецца» яна насамрэч з трох частак: крызісу, паваротнага моманту і вырашэння канфлікту гісторыі. З завязкай і развязкай таксама не ўсё проста: да першай можа паўставаць экспазіцыя, а за другой нярэдка змяшчаецца эпілог. У кожным асобным творы адсоткавыя судачыненні названых васьмі частак могуць адрознівацца, часам яны зліваюцца, а бывае, што асобныя з іх увогуле непатрэбныя. Найперш гэта залежыць ад аб’ёму і задач тэксту.
Першыя дзве часткі «Адваротнага боку люстра» я пісала, хутчэй, інтуітыўна, бо ва ўзросце ад 11 да 20 больш увагі надавала ўласнаму захапленню працэсам. У трэцяй частцы пасля першага сезону ў Школе маладога пісьменніка праца над кампазіцыяй стала больш асэнсаванай. На той момант я ўжо прачытала і Той дапаможнік пра п’есы. Усё ж некаторыя заўвагі аказаліся вельмі карыснымі для празаічнага фармату. Як я згадвала раней, у трэцяй частцы ёсць дзве дэтэктыўныя лініі (хаця гэта не дэтэктыў у чыстым выглядзе): першая — пошукі Басі, якія разгортваюцца на вачах у чытача «наўпрост», другая — пошукі Эль–Анабі, пра якія Бася чытае ў яго дзённіку. Пачынаюцца гэтыя лініі ў розных кропках. Так, у завязцы на ўзроўні Басі высвятляецца, што іх з Міхалам гісторыя мусіць скончыцца блага, але надзея на іншы фінал ёсць, і звязаная яна з пэўным механізмам. Неўзабаве яна знаходзіць дзённік Эль–Анабі, але пакуль гэта толькі адна з кропак у нарастанні лініі Басі. У момант, калі яна атрымлівае магчымасць прачытаць дзённік (на яго расшыфроўку патрэбныя дадатковыя высілкі), у Басінай лініі адбываецца «прамежкавы» паваротны момант, з–за якога яна засяроджваецца на запісах. Менавіта ў гэты момант адбываецца завязка лініі Эль–Анабі, дзе ён выпраўляецца на пошукі механізма ў сярэднявечную Іспанію. Далей нарастанне ў абедзвюх лініях ідзе паралельна, дзённік аказваецца карысным у Басіных росшуках. Адбываецца яшчэ некалькі «прамежкавых» паваротных момантаў, а гэта, у сваю чаргу, прыводзіць да крызісу як піку ў нарастанні, калі далейшыя падзеі робяцца непрадказальнымі: цалкам знямоглая Бася трапляе ў шпіталь. Там яна атрымлівае магчымасць дачытаць дзённік Эль–Анабі, адкуль даведваецца, што ён таксама ў тупіку. Але яго паваротны момант апярэджвае Басіну лінію. Эль–Анабі апісвае, як здзейсніў забойства чалавека, які хаваў ад яго адзін з элементаў механізма, становіцца ясна, што на гэтым стары не спыніцца. Толькі калі Бася прачытвае гэты запіс, за ёй прыходзяць, каб прывезці на сустрэчу з самім Эль–Анабі. Цяпер і ў яе больш няма шанцаў адступіцца. Кульмінацыя і для Басі, і для Эль–Анабі мае вельмі бязрадасныя наступствы. Аднак абяцаная надзея ўсё–ткі з’яўляецца ў развязцы, калі справу ў свае рукі нарэшце бярэ Міхал, які паўкнігі з’яўляўся «адсутнай прычынай».

У спрэс дэтэктыўнай «Справе аб крывавых дукатах» кампазіцыя больш лінейная, аднак структурных адзінак у ёй болей. Тут таксама ёсць тэкст–у–тэксце ў выглядзе журналаў панны Пракшыной, лістоў герояў і выразак з перыядычных выданняў, якія трапляюцца ў розных частках кнігі. Больш за тое, тут зліваецца мой тэкст, роздумы панны Пракшыной, яе нататкі і тэкст яе рамана, які згадваецца ў рэцэнзіі напрыканцы. Аднак вернемся да кампазіцыі самога дэтэктыва. Спачатку мы маем справу з кароткім пралогам, дзе апісваецца забойства. Потым ідзе павольная экспазіцыя, у якой акрэсліваюцца акалічнасці жыцця Яўгеніі Канстанцінаўны і яе сям’і. Шчыра кажучы, я магла б пісаць гэты першы раздзел да бясконцасці, асаблівую асалоду атрымліваю ад свавольстваў Тэддзі, але, на шчасце, у тым жа раздзеле Пракшыным прыйшла тэлеграма з паведамленнем пра забойства (тое самае), якое было здзейснена ў маёнтку бабулі маёй гераіні — гэта і ёсць завязка, якая выбудавалася з экспазіцыі літаральна ў некалькіх сказах. Далей усё як мае быць: паступовае нарастанне ў турботах панны Пракшыной адначасова выкрыць злачынцу і напісаць уласную кнігу на працягу васьмі раздзелаў. Ажно да крызісу ў дзявятым, калі яна канчаткова заблытваецца ў сваіх высновах, у гэты момант (паваротны) знаходзіцца золата Файна, за якім следуе выкраданне маёй панны ў раздзеле дзясятым. Кульмінацыя падвойная: спачатку з геройскім выратаваннем у адзінаццатым раздзеле, а потым з «выкрываннем» героя ў апошнім, дванаццатым. Развязка гэты раздзел завяршае ў некалькіх абзацах, затое ёсць некалькі эпілогаў у выглядзе згаданых рэцэнзіі, ліста і газетнай заметкі — усе тычацца дэтэктыва, але не дэтэктыўнай лініі.
Ёсць у гэтай кнізе і такі карысны прыём, як флэшбэк, альбо папросту ўспамін. Так дзе–нідзе тлумачыцца, што менавіта паўплывала на фарміраванне кепскага характару галоўнай гераіні. Флэшбэк можна напісаць двума спосабамі — як пераказ мінулых падзей і як непасрэднае апісанне гэтых падзей, якое структурна выдзяляецца ў тэксце (напрыклад, зорачкамі). У «Губернскім дэтэктыве» я карыстаюся першым, у «Адваротным баку люстра» — другім, але гэта не зусім флэшбэк, а беспардоннае ўмяшальніцтва ў чужое мінулае. Аднак пра гэта хопіць, час сядаць за практыкаванні!

Практыкаванне №9
Зрабіце кампазіцыйны разбор апавядання Борхеса «Сад разбежных сцежак» (у рускім перакладзе — «Сад расходящихся тропок»), адзначыўшы пункты развіцця гісторыі па драматургічнай арцы.

Практыкаванне №10
Прапішыце экспазіцыю сваёй дэтэктыўнай гісторыі. Абярыце любы з логлайнаў, створаных у мінулы раз, альбо прыдумайце іншую інтрыгу і распачніце гісторыю. Падумайце, у які момант разгортвання гісторыі чытач мусіць пачаць з ёй знаёмства?Дарэчы, хто сказаў, што пачынаць трэба абавязкова з пачатку? Тут будзе карысна падрыхтаваць два планы па аналогіі з Практыкаваннем №1, дзе вы апісвалі свой дзень. Першы план лінейны (як адбывалася гісторыя насамрэч), пра яго павінны ведаць толькі вы. Другі — сюжэтны («заблытванне» чытача), што і станецца асновай вашай гісторыі. Ці будзе супадаць храналогія абодвух планаў? З чыёй пазіцыі будзе прапісана экспазіцыя — пратаганіста, антаганіста альбо аўтара (прыгадайце Практыкаванне №8)? Якія дэталі ў экспазіцыі найбольш істотныя для выкрывання загадкавага здарэння? Ці будзе гэтае апісанне экспазіцыяй альбо адразу завязкай? Запішыце пачатак вашага дэтэктыва. Аб’ём тэксту — 1 старонка аркуша фармату А4.

Практыкаванне №11

Напішыце два адрозныя фіналы для абранага логлайна. Фінал можа быць шчаслівы і сумны, закрыты альбо адкрыты. Паспрабуйце спрагназаваць, ці можа быць пасля вашых фіналаў працяг? Ці будзе ён тычыцца загадкавага здарэння альбо лёсу герояў? Ці могуць быць пасля абодвух фіналаў у жыцці герояў такія наступствы, пра якія чытачу лепш не даведвацца? Падумайце, што робіць вашы фіналы рознымі? Які з фіналаў больш выразны і чаму?

Свае практыкаванні дасылайце ў рэдакцыю «Бярозкі» з пазнакай «Дэтэктыўны практыкум», а таксама паразважайце, ці ёсць розніца паміж фіналам гісторыі і завяршэннем працэсу пісьма?

Ксенія Шталенкова

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *