Вандроўка да Слова


Ужо больш як чвэрць стагоддзя па Беларусі падарожнічае навукова-творчая экспедыцыя «Дарога да святыняў». Сёлета яна наведала Міншчыну, Брэстчыну і Гродзеншчыну і завяршылася ў сталіцы Дня беларускага пісьменства — у Слоніме.
Праект, што ствараўся групай энтузіястаў на пачатку 90-х, з часам перарос у з’яву не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага значэння. Адметна, што, з’яўляючыся арганічнай часткай штогадовага літаратурнага свята, экспедыцыя адразу засведчыла свае шырокія абсягі, спалучыўшы асветніцкую, духоўную і ўтылітарную функцыі. У гэтым маглі пераканацца навучальныя, культурныя ўстановы, працоўныя калектывы, творчыя суполкі, да якіх завітвалі прамоўцы. Пасля прыбыцця ў пэўны населены пункт спачатку была рэлігійная частка: хрэсны ход, пасадка Саду малітвы, сустрэчы з духавенствам і вернікамі. Затым экспедыцыя падзялялася на групы ў некалькі чалавек і выпраўлялася на сустрэчы з мясцовымі жыхарамі і творчай інтэлігенцыяй. Такі фармат дазваляў ахапіць адразу разнастайныя і рознаўзроставыя аўдыторыі.

— Вандроўка сталела, набывала новыя традыцыі, — распавёў кіраўнік экспедыцыі Алесь Лапата-Загорскі. — Мы багатыя вопытам. Канферэнцыі, сустрэчы мабільных груп з навучэнцамі, вернікамі, зацікаўленымі — усё гэта напрацоўвалася гадамі. Відаць, вышынямі такога алгарытму сталі выступленні ў Светлагорску ў 2016 годзе, калі мы разбіліся на 13 груп у школах, потым сышліся яшчэ ў 6 месцах, дзе сабралася больш дарослая аўдыторыя, а пасля адбылася агульнагарадская канферэнцыя. Такім чынам, у выніку зладжанай праграмы ўвесь горад быў задзейнічаны ў святочных мерапрыемствах… Наша галоўная задача — каб кожны населены пункт адчуў атмасферу Дня беларускага пісьменства.

Выступаючы на адкрытай пляцоўцы каля храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў гарадскім пасёлку Чысць на Маладзечаншчыне, пісьменнік Анатоль Бутэвіч адзначыў:

— «Дарога да святыняў» для мяне асабіста — той настраёвы, энергетычны напой, які дае магчымасць пасля вандроўкі яшчэ цэлы год жыць адметнымі эмоцыямі. Такія сустрэчы, дзе адбываецца паяднанне думак тых, хто выступае і тых, хто слухае, дазваляюць сцвярджаць: чым больш мы ездзім па Беларусі, тым больш сеем тое насенне, якое заўтра прарасце добрымі справамі. На зямлі хапае ўсяго: і добрага, і благога. Але навошта множыць благое — яно ж вернецца да нас. Таму заклікаю ўсіх сеяць добрае…

Навуковую частку прадстаўлялі літаратуразнаўцы, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі Сцяпан Лаўшук і Ігар Шаладонаў.

— Наша экспедыцыя прымеркавана да святкавання Дня беларускага пісьменства, які толькі ў нас, у Беларусі, адзначаецца на дзяржаўным узроўні. І ўсе мы, жыхары краіны, у той ці іншай ступені далучаны да пісьменніцкага слова, — падкрэсліў Сцяпан Лаўшук.

Паэтычным словам з прысутнымі дзяліліся Генадзь Пашкоў, Вадзім Спрынчан, Яўген Пясецкі, Янка Лайкоў. Натхнёна дэкламавала вершы народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч.

Адметна, што «Дарога да святыняў» чарговы раз пацвердзіла свой міжнародны статус: у Ракаве да экспедыцыі далучыліся прафесар-славіст Іван Чарота і госць з Сербіі — праваслаўны публіцыст і перакладчык Ранка Гойкавіч. А ўвечары пад велічнымі сценамі Свята-Елісееўскага Лаўрышаўскага мужчынкага манастыра ў вёсцы Гнесічы на Навагрудчыне адбылося, бадай, самае відовішчнае дзейства: удзельнікі экспедыцыі, праваслаўныя манахі і святары сабраліся ў кола вакол вогнішча. Чыталіся вершы, прамаўляліся ўзнёслыя словы, панавала цёплая прыязная атмасфера. У выкананні ансамбля сярэднявечнай музыкі «Вір» з Барысава прагучала песня на словы Ніны Загорскай — ініцыятара экспедыцыі, яе ганаровага кіраўніка і натхняльніцы.

— Народы Беларусі і Сербіі аб’ядноўвае адна вера, адзін славянскі дух, падобны менталітэт… Тут, у вашай краіне, я чарговы раз упэўніўся: калі чалавек робіць сваю справу шчыра, то нябёсы дадуць на гэта блаславенне, — падзяліўся сваімі ўражаннямі Ранка Гойкавіч.

На шляху вандроўнікаў былі таксама Пухавіцкі, Валожынскі, Баранавіцкі, Ваўкавыскі раёны. Адбыліся духоўна-асветніцкія сустрэчы ў Жыровічах, у Свята-Благавешчанскім жаночым манастыры, у Свята-Зосіма Саваціеўскім мужчынскім манастыры ў вёсцы Вялікая Кракотка на Слонімшчыне.

Вайсковыя часці, каледжы, школы, цэнтры творчасці, дзіцячыя садкі, дамы-інтэрнаты, сацыяльныя прытулкі, музеі, касцёлы — спіс устаноў, якія наведалі паломнікі, можна доўжыць…

Благадатны Агонь, што вандруе па Беларусі разам са святарамі, артыстамі, навукоўцамі, літаратарамі, журналістамі і асвятляе шлях да спрадвечных святыняў, уяўляецца глыбокім сімвалам творчага гарэння, нязгаснага зыркага полымя, якое прыўносіць святло духоўнасці ў самыя аддаленыя куткі Беларусі.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома «Звязда».

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *