Развіццё культуры пры двары Станіслава Аўгуста Панятоўскага ў Гродна
Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, як вядома, быў чалавекам, выхаваным на ідэях Асветніцтва — ён вельмі шанаваў мастацтва ва ўсіх яго праявах. Будучы манархам, ён таксама надаваў шмат увагі культурнай сферы жыцця краіны: стварыў Адукацыйную камісію, якая дазваляла атрымаць адукацыю кожнаму грамадзяніну краіны незалежна ад яго статусу, падтрымліваў любы творчы праект і г. д.
Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага пэндзля Марчэла Бачарэлі.
Двор манарха быў сапраўдным прыстанкам для творчай інтэлігенцыі краіны: яшчэ ў Варшаве Панятоўскі кожны чацвер збіраў у сябе паэтаў, архітэктараў, скульптараў, стасаваўся з імі, атрымліваючы ад гэтага вялікую асалоду. Прыехаўшы ў Гродна, кароль не адмовіўся ад сваіх прынцыпаў: шматлікія творчыя асобы пераехалі сюды разам з ім, а любоў манарха да навукі і мастацтва пры двары не засталіся без уплыву — дзякуючы Станіславу Аўгусту, таленты знаходзілі сабе прастору і славу.
Пры двары Панятоўскага было шмат творчых асоб, але канкрэтную ўвагу надамо толькі тром: прыдворнаму паэту Станіславу Трамбецкаму, архітэктару Джузэпэ дэ Сака і гістарыёграфу Адаму Нарушэвічу. Па-першае, яны былі найбольш набліжаныя да караля. Менавіта на іх прыкладзе можна пабачыць абавязкі і асноўныя заняткі «нестандартных» асоб. Да таго ж, крыніц, якія б распавядалі пра жыццё творчых прыдворных, не так шмат.
Так, мабыць, найбольш вядомай творчай асобай пры двары лічыўся прыдворны камергер і сакратар Станіслаў Трамбецкі, які з часам стаў улюбёным паэтам Панятоўскага. Ён нарадзіўся ў Кракаве ў багатай сям’і. Пасля навучання ў Польшчы двойчы выязджаў за мяжу, некаторы час жыў у Францыі, але большую частку жыцця ён пражыў з Панятоўскім. Гэты перыяд сам Трамбецкі называў інтэлектуальным адгулам.
Станіслаў Трамбецкі
Стаўшы прыдворным паэтам, Станіслаў атрымаў сур’ёзную, адказную задачу — умацаваць аўтарытэт караля і яго палітыкі. Можна сказаць, што Трамбецкі выдатна з гэтым справіўся, напісаўшы вялікую колькасць панегірыкаў, вершаў і одаў у гонар Панятоўскага.
Фінансавы стан Станіслава, як і каралеўскіх родзічаў, быў кепскі: у яго было столькі даўгоў, што, каб ад’ехаць з Варшавы, яму давялося закласці гадзіннік. Панятоўскі, добра ставіўся да свайго прыдворнага паэта і часта пакрываў яго пазыкі, але падчас жыцця ў Гродна сам прасіў грошы ў расійскай імператрыцы. Цяпер усімі фінансавымі справамі, якія датычыліся паэта, займаў камердынер Брунэт, з якім сам Трамбецкі часта сварыўся.
Станіслаў Аўгуст прадстае перад намі неадназначнай асобай. Будучы добрым, шчырым чалавекам, які пляжыў грошы з дзяржаўнай казны, каб пакрыць даўгі свайго легкадумнага прыдворнага, ён з’яўляўся такім жа легкадумным і не вельмі адказным манархам.
Стараючыся забаўляць караля і сябе, Станіслаў падчас жыцця ў Гродна распрацоўвае неажыццяўляльны праект стварэння магнітнага абсталявання для кіравання аэрастатычным шарам. Жадаючы падтрымаць свайго прыдворнага, Панятоўскі нават адаслаў праект у Берлінскую акадэмію, але ад яе прыйшоў адмоўны адказ .
«Навуковая трагедыя» не перашкодзіла Станіславу Трамбецкаму займацца любімай справай. Ён пачынае збіраць афарызмы, з-за недахопа якіх ён нават адпраўляецца ў Варшаву. З часам ён склаў шматстаронкавы рукапісны зборнік выказванняў славутых асоб. На літаратурную дзейнасць паэт таксама не забыўся. Аднойчы з нагоды бала, які быў дадзены ў Новым замку ў гонар расійскага галоўнакамандуючага, Станіславам была напісана «Песня для падначаленых князя Рапніна». Але ўвогуле большасць прыдворных асоб лічыла Трамбецкага лавеласам і павесай.
Яшчэ адной творчай асобай пры гродзенскім двары з’яўляўся прыдворны архітэктар Панятоўскага Дж. дэ Сака. Ураджэнец Італіі, ён працаваў у многіх буйных гарадах, такіх як Варшава і Вільнюс, але менавіта Гродна стаў для яго горадам-рэзідэнцыяй.
Помнік Джузэпэ дэ Сака ў Гродна
Упершыню дэ Сака завітаў у Гродна дзеля нагляду за будаўніцтвам каралеўскіх мануфактур. У гэты час архітэктар не траціць час дарэмна: ён распрацоўвае праект перабудовы Новага замка, каралеўскага паляўнічага палаца ў Аўгустова і каралеўскай рэзідэнцыі ў Станіславова. Праз некаторы час Дж. дэ Сака тут жа, у гродзенскім бернардзінскім касцёле бярэ шлюб з Францішкай Манькоўскай.
Пакуль Станіслаў Аўгуст жыве ў Гродна, Дж. дэ Сака знаходзіцца побач, хоць, па сведчанні асабістага прыстава караля І. Безбародка, неаднаразова выязджае ў іншыя гарады, напрыклад, Беласток. Незадоўга да свайго адрачэння Панятоўскі ўскладвае на архітэктара цяжкі абавязак — падрыхтаваць пакоі на другім паверсе Новага замка да прыезду каралеўскіх сясцёр, графінь Браніцкай і Замойскай. З гэтай задачай дэ Сака выдатна справіўся. Дарэчы, Станіслаў Аўгуст настолькі любіў свайго архітэктара, што за вялікія заслугі ўзнагародзіў яго маёнткам у Дубасна (каля Беластока).
Пры двары Панятоўскага працавалі і іншыя архітэктары, але такога аўтарытэту, як Дж. дэ Сака, яны не мелі. Ды і каралю не настолькі падабаліся. Тое самае можна сказаць і пра прыдворных скульптараў.
Яшчэ з сярэднявечча існавала традыцыя трымаць пры каралеўскіх дварах прыдворных гістарыёграфаў. Дык вось, Станіслаў Аўгуст Панятоўскі не мог праігнараваць гэты ўстой, таму прызначыў прыдворным гістарыёграфам свайго блізкага сябра, ксяндза Адама Нарушэвіча, і загадаў напісаць вядомую, каштоўную для ўсёй краіны шматтомную працу «Гісторыя народа польскага». Зразумела, што твор быў правадніком інтарэсаў і поглядаў манарха. Прааналізаваўшы яе, можна сцвярджаць, што Нарушэвіч як аўтар падтрымліваў ідэю ўмацавання каралеўскай улады.
Адам Нарушэвіч
Вядома, што Адам Нарушэвіч суправаджаў свайго караля ў яго падарожжах, у тым ліку на сеймы — дастаткова важныя мерапрыемствы дзяржаўнага ўзроўню.
Не трэба забывацца пра яшчэ адну творчую прафесію пры двары —балетмайстра. Пры двары Станіслава Аўгуста не раз праводзіліся канцэрты і творчыя вечары. Дык вось, балетмайстар прымаў непасрэдны ўдзел у стварэнні балета, які вельмі падабаўся вышэйшаму грамадству ў тыя часы.
Пры двары Панятоўскага таксама была капэла (прыдворны аркестр), можна сцвярджаць пра існаванне пасады капэльмайстра — асобы, якая кіравала капэлай (прататып сучаснага дырыжора). Менавіта капэльмайстар пісаў музыку да ўрачыстых мерапрыемстваў, якія праходзілі ў замку, для абедаў і асабіста для караля. Дарэчы, вядома, што ў Гродна разам са Станіславам Аўгустам завітала 2 капэльмайстра.
Вядома, пры двары былі і музыкі, бо Станіслаў Аўгуст у любы момант мог пажадаць паслухаць музыку. Дарэчы, аднойчы манарх, будучы хворым, запрасіў да сябе музыкаў і папрасіў іх граць самыя сумныя песні. Станіслаў Аўгуст быў у дрэнным настроі, але праз пару гадзін яго стан палепшыўся.
Нягледзячы на тое, што ў Гродна не было вялікай бібліятэкі (яна знаходзілася ў Варшаве), у караля ўсё роўна быў прыдворны бібліятэкар. Калі, напрыклад, кароль жадаў прачытаць нейкую канкрэтную кнігу, якая на той момант знаходзілася ў варшаўскай бібліятэцы, ён адсылаў туды менавіта бібліятэкара, які дастаўляў неабходную манарху кнігу.
Такая колькасць творчых асоб сярод прыдворных Станіслава Аўгуста Панятоўскага звязаная ў першую чаргу з самым манархам, які любіў мастацтва ва ўсіх яго праявах і не абыходзіў магчымасці атрымаць ад яго асалоду. Шматлікія прыдворныя бралі прыклад са свайго караля і ўцягваліся ў культурнае жыццё: пры гродзенскім двары, можна сказаць, стала модным арыентавацца ў мастацкіх справах. Але ў прыдворнай творчасці можна знайсці палітычныя помыслы. Творчыя асобы, будучы служыцелямі Панятоўскага, у сваіх працах (вершы, песні і г. д.) стараліся дагадзіць каралю, ухваляючы яго і як чалавека, і як палітыка.
Наталля Васілюк