Інтэрв’ю з рэжысёркай Аленай Туравай

Пагутарылі з рэжысёркай і сцэнарысткай Аленай Туравай пра тое, што такое кіно для падлеткаў, ці варта займацца абмежаваннямі і пра тое, як яна стасуецца са сваёй дачкой (на нашую думку, гучыць ідэальна, таму паглядіце, як можна скарыстаць гэтую мадэль для вашых стасункаў з бацькамі).

Пра падлеткавы кінематограф

Фільмы для падлеткаў не абавязаныя быць забаўляльнымі: маладыя людзі здольныя разумець і сур’ёзнае кіно, але сур’ёзнае кіно не абавязкова павінна быць сумным. Асноўныя законы драматургіі ніхто не адмяняў: кіно павінна падключаць гледача і выклікаць у яго эмоцыі.
Нічога глабальна не мяняецца з цягам часу: чалавек застаецца тым жа, нягледзячы на тое, якімі становяцца цацкі, – мяняецца толькі форма. Таму новаму пакаленню трэба прапаноўваць новыя спосабы падачы матэрыялу. Змяняецца хуткасць жыцця – змяняйце тэмпарытм твора. Нельга рабіць стаўку толькі на спецэфекты: гэта не панацэя, маладыя людзі наглядзеліся на ўсё, і іх цяжка здзівіць. Што застаецца тады? Тое, што і ва ўсе часы, – душа. Калі ёсць сцэнар, у якім ёсць струнка, якая выкліча нейкія эмоцыі, то і кіно атрымаецца глядацкім.
Важна, каб падлетак не адчуў, што на яго ціснуць, што яго вучаць: маладыя людзі гэта вельмі не любяць. Ні ў якім разе не задушыць яго, не напалохаць маралямі (гэтым часта грашаць дзіцячыя фільмы, дзе мараль падаецца ў дакучлівай форме, што бунтарскі падлеткавы характар можа ўспрыняць наадварот – як пратэст супраць дыктатызму). У гэтым узросце хочацца здзяйсняць важныя ўчынкі, прарывы, што выдатна: гэтую маладую энергію трэба не абсякаць і абмяжоўваць, а дапамагаць ёй накіроўвацца на штосьці станоўчае.
Зараз вельмі многія анімацыйныя і гульнявыя фільмы падыходзяць пад катэгорыю «сямейнае кіно». Сямейныя фільмы – адны з самых камерцыйна паспяховых карцін. У кіно можа прыйсці ўся сям’я, пачынаючы ад дзяцей і падлеткаў і заканчваючы бацькамі і бацькамі бацькоў, – кожны можа ў гэтым фільме знайсці нешта цікавае для сябе. На які ўзрост разлічаны «Смяшарыкi», напрыклад? У іх закладалі шмат жартаў, якія цалкам адэкватна праходзяць у рознаўзроставай аўдыторыі. Гэта вельмі складана зрабіць! Я падтрымліваю, калі ёсць эклектыка ўзроставых падыходаў у адным праекце – адразу ахопліваецца вялікая аўдыторыя.

Пра абмежаванні

Маркіроўка па ўзросце амаль дарэмная. Натуральна, трэба арыентаваць матэрыял для таго ўзросту, на які ты працуеш. Трэба ўлічваць узроставае развіццё чалавека: кантэнт павінен быць кімсьці запатрабаваны, інакш наша праца не мае сэнсу. Але падлеткі ўсё роўна паглядзяць усё, што палічаць патрэбным, – знойдуць спосаб, нягледзячы на забароны і абмежаванні. І мы іх ад усяго не зберажом і ўсяму не навучым – гэта нерэальна: свае гузакі ў жыццi кожны чалавек будзе набіваць сам.
Абмяжоўваць ў сям’і? Гэта вельмі складаны псіхалагічны момант: падлетак пайшоў у школу і адразу сустрэў аднакласнікаў, якія абмяркоўваюць тое, у чым яго абмежавалі. А ён не ў тэме — і не ў соцыуме. Тут адно з двух: альбо ён адрываецца ад соцыуму і яму становіцца дрэнна аднаму, альбо ён хоча нагнаць, каб з ім таксама тусаваліся, — пачынае спецыяльна шукаць «забаронены» матэрыял, каб стаць «сваім». Гэта складаныя рэчы, але як гэта вырашаць?
Як маці я намагалася растлумачыць сваёй дачцэ: глядзі, але думай галавой. Абмяжоўваць — марна. Навучыць думаць — вось гэта і ёсць асноўная задача. Навучыць арыентавацца і самастойна адбіраць, што на карысць, а што — не.

Пра абмеркаванні

Калі бацькі змаглі заваяваць права быць яшчэ і старэйшым сябрам дзіцяці, — хай у нечым занудным, але сябрам — ім будзе лягчэй знаходзіць адзін з адным нейкія агульныя кропкі у тым узросце, калі яны звычайна выслізгваюць, — 12-13-14 гадоў.
Маёй дачцэ 17 гадоў, і я з ёй хадзіла як кампаньён на ўсё дзіцячае кіно і атрымлівала ад гэтага задавальненне. Калі фільм вельмі спадабаўся, то я потым пераглядала яго яшчэ раз, ужо гледзячы на тое, як ён зроблены. Пры першым праглядзе лепш гэтага не рабіць: калі адразу ўключаеш у сабе прафесіянала, ты пазбаўляеш сябе аднаго з задавальненняў. Лепш трошачкі пасядзець, адчуць цуд, які табе падарылі на паўтары-дзве гадзіны добрыя чараўнікі з кінастудыі. І толькі потым разбяры яго па палічках, калі табе хочацца даведацца, як ён зроблены.
Амаль усё, што мы глядзім з дачкой разам, мы абмяркоўваем. Мы шмат глядзім разам. І часам яна знаходзіць тое, што я б не знайшла самастойна: фільмы, мультфільмы, брадвейскія мюзіклы, серыялы. Яна да мяне данесла нават камп’ютарныя гульні.
Я старалася выгадаваць глядачку, якая думае. І цяпер, калі яна глядзіць фільм і адпускае заўвагі чыста тэхнічныя, рэдактарскія, у мяне часам рот адкрываецца ад здзіўлення, як чалавек гэта зразумеў, заўважыў: хоць я і ў прафесіі, я часам магу нешта і ўпусціць, а яна — бачыць. Як сцэнарны крытык або кінакрытык яна выдае не дурныя, часам вельмі каштоўныя заўвагі.

Пра шчасце

У наш час вельмі шмат сітуацый, калі людзі сыходзяць у сябе, атрымоўваюць псіхічныя разладжанні ў маладым узросце ці — гэта ўсё вельмі-вельмі сумна.
Шукаць шчасце ў малым і насычаць сваё жыццё вось гэтымі момантамі, браць гэтыя кропелькі кожны дзень — навык. Ёсць выдатнае псіхалагічнае практыкаванне: вечарам ўзгадайце хаця б тры моманты, якія вас у гэты дзень зрабілі шчаслівымі: сустрэліся з добрым чалавекам, прачыталі вартую кнігу, паспелі на тралейбус, на які маглі не паспець.
Трэба вучыцца радавацца таму, што ёсць блізкі чалавек, які цябе чакае дома, што ў цябе ёсць сабака, які заўсёды сустрэне, што сёння цудоўны дзень і асабліва добра пасля дажджу пахлі ліпы. На жаль, часта міма гэтых «шчаслівых дробязяў» мы праходзім, і ўвесь час здаецца, што нешта павінна быць наперадзе ці нешта незваротна згублена, а жыць момантам сёння — гэта здольнасць.

Коміксы – гэта нядрэнная школа раскадроўкі. Там працуюць добрыя мастакі. Нават калі не надта «зачапіў» сюжэт, усё адно цікава, наколькі экспрэсіўныя карцінкі, наколькі разгорнуты персанаж, наколькі цікава выбраны ракурс. Нядаўна мы праглядзелі некалькі разоў серыял Gravity Falls, і я купіла коміксы: гляджу, як стваральнікі працуюць з прасторай, як яны размяшчаюць святло, цені, персанажаў. Мне здаецца, што з тэхнічнага, прафесійнага пункту гледжання гэта ўсё на карысць.

Мультстудыя «Беларусьфільма» зараз плануе запусціць некалькі серыялаў: серыял «Дзідзі» Ірыны Тарасавай, разлічаны на дзяцей да 6 год, і серыял «Мульцісон», меркавана,на ўзрост ад 6 да 12.
Цяпер мы робім на кінастудыі вялікі праект па казках Генадзя Давыдзькі «Зоркі сёмага неба». Праект у працы ўжо 3 гады, мы плануем скончыць праз год, і гэта будзе першы поўнаметражны анімацыйны беларускі мюзікл.

Святлана Курганава

Заданне:

Абярыце фільм, які вы можаце паглядзець з бацькамі, і абмяркуйце:
— што вы ўбачылі?
— што было блізка кожнаму з вас?
— што вас збянтэжыла?
— што было незразумела?
Памятайце, што вашыя адказы з-за ўзросту, вопыту і бэкграўнда будуць рознымі.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *