“Пакуль мая асноўная задача – гэта штосьці прыдумляць і ажыцяўляць”.

Ягор Свірскі ў 16 гадоў адкрыў уласны бізнэс: ён прыдумаў квіз для падлеткаў на сучасныя, хайпавыя тэмы, які так і назваў «Hype quiz». Таксама ён выступае як стэндап-комік.

— Ты пачынаў свой праект у падлетакавым узросце. Хто такія сучасныя падлеткі?

— Зараз падлеткі за кошт Інтэрнэту, за кошт соц-сетак раз’яднаныя. Усе накіраваныя на самавыяўленне. Медыяпрастора настолькі глабалізаваная, што у кожнага ёсць свой любімы выканаўца, свае захапленні. Адны не разумеюць другіх, другія не разумеюць трэціх. Дарэчы, ёсць адзіная агульная рыса для ўсіх: раней людзі захоўвалі ў сабе нейкія сакрэты, а зараз наадварот: усе дзеляцца. Я не вельмі гэта люблю. Мне здаецца, трэба аддзяляць асабістае ад грамадскага, таму я гатовы дзяліцца чымсьці, але не ўсім.

— Як ты трапіў у стэндап?

— Мне заўсёды падабалася глядзець гумарыстычныя праграмы. У 12 гадоў пачаў гуляць у КВЗ. Праз 4 гады стаў спрабаваць пісаць матэрыял для стэндапа, але яго неяк трэба было праверыць. У Мінску праводзяцца адкрытыя мікрафоны, дзе можа выступіць любы ахвочы. Першы раз я выступіў на адкрытым мікрафоне, каб праверыць матэрыял да ўкраінскага шоў “Рассмеши комика”. Было неверагодна боязна, але ўсё прайшло добра – стаў працягваць. Так і пачаўся мой рух у стэндапе.

— У фільме «У бой ідуць адны старыя» прагучала такая фраза: «Самае цяжкае ў нашай працы — чакаць». Што самае цяжкае ў тваёй працы?

— Як стэндап-комік ты заўсёды знаходзішся ў напружанні. Ты разумееш, што калі сёння выступаеш, трэба рыхтавацца, пісаць жарты. Наогул, кожны тыдзень ёсць праверка матэрыялу, дзе ты тэстуеш новыя,«свежанапісаныя» жарты.
Я вельмі перажываю з-за дрэнных выступаў і імкнуся з гэтым змагацца. Разумею, што без кепскіх выступаў не будзе добрых. Бывае, з пяці хвілін смешнымі атрымоўваюцца толькі дзве. Ты іх захоўваеш, а потым застаецца толькі скампанаваць усё ў адзін матэрыял.
У мяне так нядаўна было, калі ўдзельнічаў у «Comedy battle». Мне здаецца, што многія комікі часам сутыкаюцца з цяжкасцямі ў плане дрэнных выступаў. Так што самае цяжкае ў маёй працы — гэта перажываць дрэнныя выступы.

— Што ты любіш больш: пісаць жарты ці выступаць, распавядаючы іх?

— Зараз я працую на беларускім шоў «Макаёнка, 9». Трапіў туды праз свайго знаёмага. Я пішу жарты, але сам іх не распавядаю. Ёсць нейкае сваё задавальненне.
Але пісаць і выступаць — гэта два складнікі працы стэндап-коміка. Пасля напісання жарту хочацца ўбачыць рэакцыю на яго. Але ў мяне ёсць думкі напісаць сцэнар для кіно або тэатра. У гэтым выпадку напісанне матэрыялу не патрабуе ўдзелу ў пастаноўцы.Канкрэтных ідэй пакуль няма, але гэта мая мэта на будучыню.

— Многія комікі выкарыстоўваюць нецэнзурную лексіку ў сваіх выступах, каб «усмяшніць». Ці згодны ты, што дастаткова спашліць — і ты ўжо ў трэндзе, ты ўжо круты?

— Бываюць моманты, калі людзі няўпэўненыя ў сваім матэрыяле да канца і думаюць: зараз я ўзмоцню эфект. Гэта працуе, але не на перспектыву. Крута, калі ты можаш напісаць жарт з нейкай думкай. Стендап — гэта ж не толькі жарты. Ты праз жарты даносіш свае думкі да слухача. У выступленні разгортваеш тэмы, якія табе блізкія. Я праз жарты дзялюся са слухачом сваімі думкамі наконт узаемаадносін з роднымі, сябрамі. Расказваю пра сітуацыі, з якімі сутыкаюся ў жыцці. Але я нікога не асуджаю, у кожнага свой выбар.

— Ці ёсць чалавек, на якога ты імкнешся быць падобным?

— Падобным дакладна быць не імкнуся, але часам гляджу на каго-небудзь і думаю: о, я хачу гэтак жа. Ёсць сітуацыі, у якіх ты, у сілу сваёй нявопытнасці, не ведаеш, што рабіць. Тады ты глядзіш на людзей, якія так ці інакш табе імпануюць, — і выкарыстоўваеш іх веды.
Адна з маіх мэтаў — не старэць душой і сэрцам. Паглядзіце на Кані Уэста: яму 42 гады, але ён вельмі актуальны сёння. Я таксама хацеў бы нават ў сталым ўзросце заставацца актуальным.
Урэзка
У апошні час усё больш набірае папулярнасць тэма квізаў. Квіз – гэта спаборніцтва, падчас якога каманды ўдзельнікаў адказваюць на зададзеныя пытанні. “Hype quiz” – гэта квіз на сучасныя, хайпавыя тэмы. Калі надакучылі сур’ёзныя пытанні, то можна адпачыць, паўдзельнічаўшы ў такім мерапрыемстве.

-Ты сапраўдны генератар ідэй. Парай, як прыдумаць класную ідэю. Можа, ёсць нейкі алгарытм?

-Трэба глядзець, чаго не хапае. Адштурхіваючыся ад гэтага, думаць, як запоўніць гэты прабел. Новая ідэя нараджаецца, зыходзячы з патрэбаў. Бо навошта прыдумляць тое, што нікому не патрэбна? Я лічу, што калі ідэя вырастае з патрэбаў, то яна ўжо мае перспектыву.

-Як прыйшла ідэя стварэння квіза для падлеткаў?

— Бацькі вядуць бізнес, дзядуля таксама гэтым займаўся. Потым я выказаў жаданне вучыцца ў бізнэс-школе. Бацькі цалкам падтрымалі. Калі прыйшла ідэя праекта, стала яшчэ цікавей, бо можна было рэалізоўваць свае веды на практыцы.
Тэма квізаў стала даволі папулярнай у апошні час. І наша каманда вырашыла, што было б здорава прыдумаць квіз для падлеткаў. Зараз наша аўдыторыя складаецца з маладых хлопцаў і дзяўчат, якія цікавяцца моднымі тэндэнцыямі.
Праект Hype quiz рэалізаваць было даволі проста. Трэба было скласці заданні, знайсці першых ўдзельнікаў і выбраць пляцоўку. У той час я гуляў у КВЗ і прыдумваў цікавыя заданні. Пасля таго, як быў зроблены кантэнт, мы вырашылі, што прыйшоў час клікаць людзей. Стварылі групу ва Укантакте і сталі запрашаць сваякоў, сяброў, знаёмых. Так правялі першую пробную гульню. Потым праз знаёмых аб праекце сталі дазнаваца іншыя людзі. Цяпер праект “Hype quiz” пераходзіць на карпаратывы і святы. Мы зразумелі, што гэта больш выгадна і менш энергазатратна.
Чым больш я штосьці раблю, развіваюся, тым лепей сябе адчуваю. Але я разумею, што гэта пачатковы ўзровень. Ёсць жаданне расці. Што тычыцца «Hype quiz», я хачу выйсці на той узровень, каб не рабіць усю працу самому, а проста кантраляваць усе працэсы.

Анастасія Правальская

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *