Рахаўнік

Цёплы ліпеньскі дзень. Раніца. Андрэйка толькі што прачнуўся. Яшчэ не адышоўшы ад сну, пацягваецца і сам сабе разважае, чым бы сёння заняцца. Дома нікога не будзе цэлы дзень, можна запрасіць у госці Сашу ды Аленку: пагуляць, пагутарыць.
Такія яго думкі перапыняе рэзкі і настойлівы гук званка.
— Няўжо мамка так рана вярнулася? — здзіўляецца Андрэй. — Трэба пайсці ды паглядзець.
Перад дзвярыма стаіць яго бабуля. Андрэй з сумам адчыняе дзверы, адчуваючы, што сёння не атрымаецца ў яго пагуляць з сябрамі.
— Дабрыдзень, унучак! — радасна ўсміхаецца бабуля. — Ці чакаў мяне?
— Баба, ты не можаш зайсці пазней?! У мяне важныя справы!
— Канешне, займайся, даражэнькі… Я пазней зайду…
Дзверы зачыняюцца. Толькі Андрэй адыходзіць патэлефанаваць Сашу, як зноў чуе званок.
— Ды што ж яшчэ ёй спатрэбілася? — бурчыць ён і ідзе да дзвярэй.
Глядзіць у вочка. На калідоры — сухаваты дзядок гадоў шасцідзесяці, нецярпліва пераступае з нагі на нагу і паглядае прама на яго.
— Адчыняй хутчэй, — дзядуля не вельмі ласкавы, — і без цябе дзялоў хапае! Нічога я дрэннага табе не зраблю!
— Добра, добра, — выціскае Андрэйка.
Дзед хутка ўскоквае ў хату.
— Слухай мяне ўважліва, — пачынае ён, — гэта тычыцца нас усіх…
— Хто вы такі? Як вас завуць? Адкуль увогуле вы прыйшлі? — у спалоханага Андрэя так шмат пытанняў.
— Называй мяне Рахаўніком. Я займаюся тым, што лічу ўсіх людзей на Зямлі і да пары не ўмешваюся ў іх справы. Зараз я распавяду табе доўгую і цікавую гісторыю…
Дзядок, пакрэхтваючы, паціху прысаджваецца на невялікае крэсла, некаторы час адкашліваецца і, нарэшце, пачынае:
— Са спрадвечных часоў на Зямлі жывуць людзі. Шмат гадоў таму іх жыццё было немудрагелістым, і было даволі лёгка за імі назіраць. Але зараз, калі іх так многа, калі з’яўляюцца ўсялякія прымочкі, гэта становіцца ўсё цяжэй і цяжэй. Тады і ўзнікла патрэба ў такіх, як я, — рахаўніках. Мы лічым людзей. Людзі — гэта тыя ж лічбы. Некаторыя з іх запішуцца у невялікім ліку; для некаторых жа лікі будуць сапраўды доўгімі. Чым багацейшы чалавек, тым больш знакаў у яго ліку. Але багацце матэрыяльнае для нас не мае ніякай павагі. Мы разглядаем толькі ўнутраны свет чалавека. Бо менавіта гэта — праўдзівае багацце.
На працягу ўсяго жыцця з гэтымі лікамі выконваюцца розныя, можна так сказаць, арыфметычныя дзеянні: яны складваюцца, памнажаюцца. Так было раней. Зараз жа большасць лікаў адымаецца, дзеліцца, меншае. І рана ці позна настае такі момант, калі дзеянні выконвацца не могуць. Можа не хапіць лічбаў. А можа здарыцца і так, што лік памяншаецца да нуля…
Не так часта мы прыходзім да людзей. Толькі калі з’яўляецца патрэба. Зараз наш свет амаль на мяжы — на мяжы чалавечай абыякавасці. Трэба ратаваць яго як мага хутчэй. Ратаваць ад саміх жа людзей. Мы не можам нічога зрабіць. Таму і звяртаемся да некаторых, абраных…
— Цяпер ты ўсё зразумеў? — трохі пасміхаючыся, пытаецца дзядок.
— Добра…— пачынае Андрэйка, — а чаму менавіта мяне? Нават сярод маіх знаёмых ёсць шмат сталых, больш разумных людзей, ім гэта было б больш зразумела. Ды і ўвогуле, на Зямлі жыве столькі людзей…
— Канешне, на планеце шмат людзей і краін, але не знайсці такой жа чыстай і адкрытай, як Беларусь. Толькі тут можна спазнаць праўдзівую прыгажосць душы, заўсёды атрымаць падтрымку і разуменне. Нягледзячы на тое, што новае пакаленне нашмат адрозніваецца ад старога, у іх сэрцах застаецца шмат дабрыні. Старое пакаленне ўжо адыходзіць. Прыходзіць час новаму, будучыні. Трэба, каб нашы сённяшнія падлеткі не страцілі сэнс сапраўдных чалавечых каштоўнасцей, перакінуўшыся на бок танных забавак. Вы наша будучыня. Але яна выглядае не такой ужо вясёлкавай… Ты прадстаўнік новага пакалення, яшчэ чысты ў душы. Тое, што мне патрэбна…
Ад здзіўлення Андрэй нават гуку вымавіць не можа.
— Паглядзі, — гаворыць далей Рахаўнік, працягваючы Андрэю нейкую скрыначку. —Адчыні яе. Унутры адлюстроўваецца твой лік. Ты здольны назіраць за ім, за яго зменай у залежнасці ад сваіх учынкаў. Рабі больш добрага, дапамагай людзям — і твой асабісты лік будзе павялічвацца. Але як толькі ты зробіш нешта дрэннае, паменшыцца лік вельмі хутка. Ты здольны сам пабудаваць сваё жыццё так, як захочаш. Многія людзі аддалі б шмат за такое…
— Дзякуй вялікі! — радасна гаворыць Андрэйка. — Ды ў мяне лічбы будуць толькі павялічвацца, я нічога дрэннага ніколі не раблю.
— Табе гэта толькі здаецца. Памятаеш, не так даўно да цябе прыйшла твая бабуля, а ты яе прагнаў. Ніколі не трэба забываць старых людзей. Ніколі…
Андрэй стаіць, разважаючы пра ўсё гэта.
— Ну ўсё, мне трэба ісці, — кажа Рахаўнік. — Трымай і не губляй. Жадаю табе поспехаў. Толькі поспехаў.
Андрэй зацікаўлена разглядае скрыначку і нават не заўважае, як павольна ў паветры раствараецца дзядок…
***
Цёплы ліпеньскі ранак. Толькі што прачнуўшыся, Андрэйка стаіць каля акна і пазірае на вуліцу. Усе людзі некуды спяшаюцца, сварацца, крычаць адзін на аднога. Паціраючы галаву, успамінае ён цікавы сон, які бачыў. Пра нейкага дзядка…
Яго думкі перапыняе званок у дзверы. Хто б гэта мог быць?..
На парозе бабуля.
— Дабрыдзень, унучак! — радасна ўсміхаецца яна. — Ці чакаў мяне?
— Канешне, родная, заходзь! Зараз гарбатку пастаўлю, у мяне цукеркі ёсць!..
Бабуля з непрытоенай цікавасцю пазірае на ўнука.
— Ведаеш, бабуль, мне такі цікавы сон прысніўся. Быццам прыйшоў да мяне дзіўны дзядок ды распавядаў пра нейкія лічбы…
Ен хутка засоўвае руку ў кішэню, дастае скрыначку і назірае, як адна за адной з’яўляюцца на ёй новыя і новыя лічбы.
— Вось, паглядзі! — радасна паказвае Андрэй скрынку бабулі.
— Дык тут нічога не відаць, унучак… — з неразуменнем паглядае бабуля.
— Ох жа ты! Лепей бы акуляры надзела! — жартуе Андрэй.
Але глядзіць на скрыначку сам і не верыць уласным вачам.
— І сапраўды, няма…
Бабуля нічога не адказвае. А толькі з радаснай усмешкай пазірае на Андрэйку.
А за акном праносяцца аўтамабілі, кудысьці спяшаюцца людзі. І ніхто не звяртае ўвагі на невялікага старога дзядулю, які, седзячы на лаўцы, нешта падлічвае на сваіх лічыльніках.
— Вось, хаця б адным шчаслівым чалавекам стала больш. Ды не… Не адным… Колькі ж людзей можа адзін чалавек зрабіць шчаслівымі!..
Паволі падымаючыся, дзед ідзе далей — у бясконцую глыбіню дамоў, вуліц, у бясконцую глыбіню людзей.
Далей, у жыццё.

Раман Бардзілоўскі

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *