«Звязда» збірае сяброў!
Выдавецкі дом «Звязда» працягвае кніжныя вандроўкі па Беларусі. Гэтым разам супрацоўнікі рэдакцыі завіталі ў Гродзенскую вобласць і разам з дзіцячай пісьменніцай Кацярынай Хадасевіч-Лісавой правялі дзве прэзентацыі ў Іўі.
Адна сустрэча адбылася ў пачатковай школе, другая – у дзіцячай бібліятэцы.
Казачніца пазнаёміла юных чытачоў са сваімі новымі кнігамі ў фармаце інтэрактыўнага падарожжа… па сусвеце! У якасці транспарту – кнігі Кацярыны, якія адкрываюць парталы ў іншыя галактыкі.
Дзеці разам з аўтарам зрабілі выснову, што свет Кнігі сапраўды бязмежны, і перад тымі, хто адкрыў яго для сябе, паўстае таямнічы і захапляльны свет аўтарскай фантазіі.
На сустрэчах у Іўі правадніком у яго стаў Вухуцік – герой кнігі Кацярыны Хадасевіч-Лісавой. Цяпер ён сябар усіх, хто пабываў на прэзентацыі. І сяброўства іх будзе працягвацца, бо ў дзяцей засталіся кнігі пра Вухуціка і яркія ўспаміны аб сустрэчы з сапраўднай казачніцай.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.