Увага! Творчы конкурс для дзяцей
З нагоды Дня беларускага пісьменства ў верасні 2019 года рэдакцыя часопіса “Бярозка” абвясціла літаратурны конкурc «Дзёрзкія тэорыі беларускасці: мова, культура, гісторыя, міф». 1 снежня распачаўся ўжо другі яго этап.
УМОВЫ КОНКУРСУ
Мы хочам, каб вы знітавалі мову з беларускай культурай і гісторыяй: напісалі твор. Прыдумайце, як утварыліся тыя ці іншыя ўнікальныя словы ці выразы, патлумачце, чаму яны маглі ўзнікнуць менавіта ў Беларусі. Твор можа быць навуковы, мастацка-публіцыстычны ці мастацкі: для нас няма розніцы, які стыль вам бліжэйшы, — для нас галоўнае, каб вы паказалі, што можаце карыстацца фактамі, прапаноўваць смелыя гіпотэзы і іх абгрунтоўваць. У вашым распараджэнні мноства слоўнікаў, сотні гадоў беларускай гісторыі, тысячы гістарычных фактаў і асоб, на якіх можна спаслацца… ці прыдумаць свае.
Мы прапануем працаваць з наступнымі катэгорыямі лексікі:
— безэквівалентная лексіка — словы, якія нельга перакласці адным словам на іншыя славянскія мовы;
— словы, якія называюць пэўныя з’явы, што існавалі толькі ў Беларусі, праз што таксама становяцца безэквівалентнымі;
— уласнабеларускія фразеалагізмы, абумоўленыя ўнікальнай лакальнай культурай;
— дыялектызмы — словы, якія трансфармаваліся ў пэўных мясцовасцях пэўным чынам, непадуладным унармаванай мове.
Мэты правядзення конкурсу:
— папулярызацыя беларускай мовы і культуры;
— пашырэнне актыўнага беларускамоўнага слоўнікавага запасу вучняў;
— пераасэнсаванне сувязяў паміж беларускай мовай і культурай
— заахвочванне моладзі да літаратурнай творчасці;
— развіццё нацыянальнай літаратуры;
— падтрымка адоранай моладзі.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца вучні 6 – 11 класаў.
Пераможцы будуць выяўленыя ў трох узроставых катэгорыях: 6–7 класы; 8–9 класы; 10–11 класы.
Намінацыі:
— мастацкія тэксты (казка, апавяданне, верш і г.д.);
— мастацка-публіцыстычныя тэксты (эсэ, уяўнае інтэрв’ю з гістарычнай асобай, уяўная навуковая праца і г.д.);
— навуковы тэкст (навуковая праца).
На конкурс прымаюцца празаічныя, паэтычныя, публіцыстычныя і навуковыя матэрыялы, якія не публікаваліся раней і не ўдзельнічалі ў іншых конкурсах.
У намінацыі «Мастацкія тэксты» прымаюцца празаічныя творы памерам да 9000 знакаў, паэтычныя — да 2000 знакаў.
У намінацыі «Мастацка-публіцыстычныя тэксты» — журналісцкія і публіцыстычныя матэрыялы да 7000 знакаў.
У намінацыі «Навуковая праца» — навуковыя працы, аформленыя для часопіснага фармата, памерам да 10000 знакаў.
Падчас працы над конкурснымі творамі пажадана выкарыстоўваць на выбар:
— гістарычныя факты (гістарычныя даведнікі, музеі, выставы, манаграфіі, мемуары і г.д.);
— слоўнікі (этымалагічны, тлумачальны, слоўнік безэквівалентнай лексікі, фразеалагічны і інш.);
— міфалогію («Беларуская міфалогія: энцыклапедычны даведнік»);
— вусную гісторыю (сведчанні старэйшых сваякоў — для прац па дыялектах).
Этапы конкурсу і іх тэрміны:
Тэрміны правядзення конкурса: Дзень беларускага пісьменства-2019 (01.09.2019) — Дзень беларускага пісьменства-2020 (06.09.2020).
Прыём работ па трох намінацыях у трох узроставых катэгорыях пройдзе ў тры этапы, пасля кожнага з якіх будзе абвяшчацца пераможца этапу.
Першы этап — прыём работ удзельнікаў (з 1 верасня да 30 лістапада 2019 года);
Другі этап — прыём работ удзельнікаў (з 1 снежня да 28 лютага 2020 года);
Трэці этап — прыём работ удзельнікаў (з 1 красавіка да 31 траўня 2020 года).
Чацвёрты этап — выбар пераможцаў сярод фіналістаў кожнага этапу (з 1 чэрвеня да 1 жніўня 2020 года).
Работы аднаго аўтара прымаюцца неабмежаваную колькасць разоў. Адзін аўтар выбіраецца пераможцам адной намінацыі толькі аднойчы. Творы аўтара-пераможцы аднаго з этапаў, дасланыя пазней у той жа намінацыі, не прымаюцца да разгляду. Творы аўтара-пераможцы, дасланыя ў іншых намінацыях, прымаюцца да разгляду.
Абвяшчэнне пераможцаў адбудзецца 6 верасня 2020 года. Пра месца, час і форму абвяшчэння будзе паведамлена пазней у суполцы «Часопіс “Бярозка” у сацыяльнай сетцы VK. Пераможцы кожнага з этапаў будуць узнагароджаныя дыпломамі і падарункамі ад партнёраў.
Афармленне:
Працы на конкурс прадастаўляюцца на беларускай мове ў электронным фармаце: рэдактар Word, шрыфт Times New Roman, 14 пт.
На першай старонцы ўдзельнік павінен пазначыць:
імя і прозвішча;
псеўданім, калі такі ёсць;
клас і школу;
нумар тэлефона, электронны адрас і/ці спасылку на акаунт у любой сацыяльнай сетцы;
намінацыю;
назву працы, якая дасылаецца на конкурс.
Назва файла мусіць уключаць слова «конкурс» і прозвішча аўтара.
Падчас ацэнкі конкурсных твораў улічваюцца:
— літаратурны змест;
— аперыраванне фактамі і праца з крыніцамі;
— стылістычнае і моўнае майстэрства;
— пісьменнасць;
— адпаведнасць тэме.
Творы чакаюцца на адрас chas.bjarozka@gmail.com з пазнакай «Конкурс» у тэме ліста.
Лепшыя творы будуць надрукаваныя ў часопісе «Бярозка» цягам 2020 года.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах mediana.by.
