Часопіс «Родная прырода» перамог у рэспубліканскім конкурсе па папулярызацыі МУР

На пашыраным пасяджэнні рабочай групы па прасоўванні Мэт устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусі абмеркавалі напрамкі работы СМІ па прасоўванні МУР у нашай краіне, а таксама падвялі вынікі рэспубліканскага конкурсу сярод сродкаў масавай інфармацыі «Ад Глабальных мэт да лакальных дзеянняў».

Вітаючы ўдзельнікаў пашыранага пасяджэння рабочай групы, Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч адзначыў, што беларускія сродкі масавай інфармацыі не проста адзін з асноўных каналаў у справе інфармавання насельніцтва пра Мэты ўстойлівага развіцця. Яны адыгрываюць найважнейшую ролю – навучыць грамадзян магчымасці прымаць узважаныя і адказныя рашэнні, якія датычацца сябе, сваёй сям’і, грамадства, а таксама ўплываць на рашэнні ўлад па рэалізацыі Мэт устойлівага развіцця.

Па прапанове Міністэрства інфармацыі сёлета была пашырана архітэктура па дасягненні МУР — сфарміраваны своеасаблівы журналісцкі пул, у які ўвайшлі прадстаўнікі рэспубліканскіх і вядучых рэгіянальных СМІ. Акрамя гэтага, Міністэрства пры падтрымцы праекта ПРААН і ЮНІСЕФ ініцыявала і правяло рэспубліканскі конкурс сярод сродкаў масавай інфармацыі «Ад Глабальных мэт да лакальных дзеянняў».

На суд журы паступіла каля 100 заявак, каля 1000 матэрыялаў у розных жанрах: нарысы, інтэрв’ю, артыкулы, тэлевізійныя і радыёперадачы, а таксама цыклы публікацый і перадач.

Усяго конкурс праводзіўся ў сямі намінацыях, якія датычыліся ў тым ліку эканамічнай тэматыкі, уразлівых слаёў насельніцтва, міжведамаснага ўзаемадзеяння, бізнес-праектаў і грамадскіх ініцыятыў, накіраваных на дасягненне Мэт устойлівага развіцця.
У намінацыі «Лепшыя матэрыялы і (ці) цыкл матэрыялаў па экалагічнай тэматыцы ў кантэксце Мэт устойлівага развіцця» перамогу атрымаў калектыў рэдакцыі часопіса «Родная прырода» Выдавецкага дома «Звязда».

— У ходзе конкурсу мы адзначылі здольнасць нашых мас-медыя ўзважана, мудра арыентаваць накіраванасць пытанняў парадку ў адпаведнасці з беларускімі рэаліямі, — сказаў Аляксандр Карлюкевіч. — Мы разглядзім мэтазгоднасць далейшага правядзення конкурсу, ён будзе праводзіцца з пэўным інтэрвалам, у 1-2 гады. Запрашаю ўсіх да ўдзелу ў гэтым праекце, спадзяюся, вы сфарміруеце Парадак дня, паўплываеце на самыя праблемныя тэматычныя накірункі, які будуць разглядацца ў медыя.

Нацыянальны каардынатар па дасягненні Мэт устойлівага развіцця Мар’яна Шчоткіна таксама падкрэсліла, што сёння без мас-медыя немагчыма сфарміраваць прадстаўленне аб тых працэсах, якія адбываюцца ў грамадстве:

— І таму ваша роля, роля асобы кожнага з вас мае вялікае значэнне. Хачу падзякаваць усім удзельнікам конкурсу за грамадзянскую пазіцыю. Калі да гэтай работы не падыходзіць усвядомлена, то нічога не атрымаецца. Калі мы сапраўды хочам прынесці карысць, стварыць грамадства для людзей, то трэба пра гэта гаварыць, паказваць, пісаць, знаёміць, з тымі людзьмі, якія непасрэдна прымаюць у гэтым удзел.

Падчас пашыранага пасяджэння прайшла панэльная дыскусія «Уклад СМІ ў прасоўванне Мэт устойлівага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь». Яе ўдзельнікі абмеркавалі ролю СМІ ў інфармаванні насельніцтва адносна прынцыпаў устойлівага развіцця, падыходы да асвятлення падзей і пытанняў, звязаных з рэалізацыяй МУР, пагаварылі пра важнасць выбару мовы і настрою такіх матэрыялаў.

Мининформ

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *