Часопіс «Бярозка» адзначае 95-годдзе

Сёлета ў «Бярозкі», адзінага беларускамоўнага выдання для падлеткаў, юбілей. Часопіс з’явіўся ў снежні 1924 года, шмат разоў змяняў вектар свайго развіцця. Аднак, як і амаль стагоддзе таму, ён і сёння прываблівае юных чытачоў сваёй арыгінальнасцю і цікавым напаўненнем.

Галоўны рэдактар Кацярына Каплун расказала, што больш за 60 працэнтаў напаўненне нумароў ствараюць школьнікі і студэнты: пішуць вершы, прозу, калумністыку, рэпартажы.

— Прыемна, што сёння беларуская мова ў модзе, гэта трэнд. Мы вызначаем наш часопіс як «інтэлектуальны падлеткавы глянец». Літаратурныя творы больш прысылаюць вучні шостых-сёмых класаў, а публіцыстычныя, журналісцкія — старшакласнікі і студэнты. Дарэчы, кожны нумар мае сваю тэму. Радуем чытачоў новымі рубрыкамі, нестандартнымі рашэннямі. Напрыклад, у рубрыцы Level 80 расказваем пра камп’ютарныя гульні, у «Праекце» — як стварыць уласны праект, калі табе яшчэ няма 18 гадоў, у «Гісторыі поспеху» — пра цікавых людзей з незвычайным заняткам, «За апошняй партай» — пра таленавітых настаўнікаў. Старонкі «Заяўка на Парнас» і «Верасок» — для твораў юных пісьменнікаў і паэтаў, а для дарослых аўтараў — «Літаратурныя старонкі», — гаворыць Кацярына Каплун.

«Бярозка» — гэта яшчэ і цікавыя конкурсы, сустрэчы са школьнікамі ў бібліятэках, у рэдакцыі часопіса. А для будучых журналістаў — карысная школа падрыхтоўкі.

— Акцэнтуем увагу на тых тэмах, якія хвалююць сучасную моладзь: адаптацыя ў грамадстве, падлеткавая псіхалогія, сацыялізацыя, экалогія і іншае, — зазначае галоўны рэдактар. — Апошнім часам нашых аўтараў сталі больш цікавіць аналіз кінанавінак, літаратурных твораў і нават відэа з YouTube.

Мининформ

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *