Краязнаўцы краіны, гуртуйцеся!..

У другой палове лютага 2020 года Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь стане пляцоўкай для правядзення I Рэспубліканскага краязнаўчага форуму. Арганізатары гэтага праекта яднання творчых сіл, якія займаюцца рознымі галінамі рэгіёназнаўства, – Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, Беларускі фонд культуры пры падтрымцы Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і Выдавецкага дома «Звязда».

Да ўдзелу ў форуме запрашаюцца краязнаўцы, супрацоўнікі ўстаноў культуры, адукацыі, навукі і культуры, айчынных мас-медыя, студэнты ВНУ, настаўнікі і нават школьнікі. Арганізатары мяркуюць, што ў межах цэлага шэрага мерапрыемстваў удасца ажыццявіць працу па дэталёвым вывучэнні сучаснага стану краязнаўства, вызначыць перспектыўныя задачы і клопаты, якія найперш варта вырашыць у справе папулярызацыі гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны беларускіх гарадоў і вёсак, паглыбіць веды грамадства пра розныя краязнаўчыя праекты ў Беларусі. Важна арганізаваць пастаянна дзеючую пляцоўку для абмеркавання спраў у краязнаўчым асяроддзі, пашырыць магчымасці творчай самарэалізацыі моладзі ў даследаваннях роднай старонкі, развіць у школьнікаў патрыятычныя памкненні, нацыянальную самасвядомасць.

Адным са складнікаў форуму з’яўляецца конкурс на лепшае краязнаўчае выданне за 2017 – 2019 гады. Будуць праведзены прэзентацыі найбольш цікавых краязнаўчых праектаў. У межах форуму пройдзе навукова-практычная канферэнцыя. Удзельнікі форуму змогуць пазнаёміцца з выстаўкай краязнаўчай літаратуры, якую арганізоўвае Нацыянальная бібліятэка Беларусі.

З Палажэннем аб Форуме можна азнаёміцца па спасылцы.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах sozvuchie.by.

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *