Безабароннасць свету мастака. Вячаслаў Паўлавец — “без шкла”

Выстаўка “Без шкла. 12 акварэлей Вячаслава Паўлаўца” адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь. 12 выбраных пейзажаў розных гадоў аўтар прэзентуе са сваёй асабістай калекцыі. Усе яны прадстаўлены ў нязвыклай нетрадыцыйнай манеры афармлення графічных твораў — без шкла. У гэтым выпадку яны становяцца безабароннымі, адкрытымі, прамаўляючы толькі адно: паміж мастаком і гледачом не існуе перашкод. Гэтага не стае ў стасунках людзей са светам, з грамадствам, бо да чалавека зараз трапляе безліч фактаў у бясконцай плыні інфармацыі, якая пазбаўляе каштоўнага часу. Таму яго пачуцці і эмоцыі мяняюцца на муляжы, сімулякры і фантомы пачуццяў і эмоцый, лічыць аўтар выстаўкі.

— Адкрытасць, шчырасць, безабароннасць — гэта не слабасць, а моц, якая разам з інтуіцыяй высвечвае шлях да існасці, — адзначае В.Паўлавец. — Гэта не пратэст, а хутчэй роздум над пытаннем перашкодаў ва ўзаемаадносінах людзей. Гэта рызыка, у нейкім сэнсе экстрым — выстаўляць работы без шкла. Але сучаснае мастацтва набывае розныя формы. Творца з яго дапамогай мае магчымасць паказаць сябе не такім, якім яго кожны дзень бачаць людзі праз знешнасць, адзенне, звычкі, а праз тое, што адлюстравана ў рамах на выстаўцы.

У экспазіцыі прадстаўлены работы розных гадоў з розных серый: большасць з серыі “На скрыжаванні лёсу” (2018), а таксама з ранніх “Крокі па вадзе” і “Успаміны”. Некаторыя пейзажы па адносінах са светам нагадваюць творы Архіпа Куінджы. Сярод іх — аркуш VII з серыі “Крокі на вадзе”, хоць кожны здольны ўбачыць у ім і розны час дня, і няпэўную пару года, і нявызначаны, неакрэслены рух, які, нягледзячы на поўную статычнасць адлюстраванага, усё ж падразумяваецца і адчуваецца. На заўвагу пра асацыяцыі з іншым творцам мастак прыкмячае: яшчэ з тых часоў, калі вучыўся ў мінскай дзіцячай мастацкай школе № 1, і пазней, калі ўжо скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, не пераставаў ды і цяпер не пакідае здзіўляцца ды захапляцца талентам вялікага рускага мастака. Сапраўды, гэты ўплыў усё ж ненавязліва прасочваецца.

Дарэчы, калегі мастака асабліва вылучаюць манахромныя мінімалістычныя пейзажы. У іх, нягледзячы на адсутнасць буянства фарбаў, адчуваецца незвычайная асабістая інтанацыя, якая зачароўвае і ўздзейнічае на чалавека. Мастака таксама называюць майстрам «пейзажу настрою», незвычайна чуйным да прыроды, да самапазнання чалавека праз прыроду і тварэння ў гармоніі з ёю. Цікава і тое, што творчасцю В. Паўлаўца захапляюцца як прафесіяналы, якія ствараюць і ўплываюць на сучасны мастацкі працэс, так і аматары, якія не валодаюць спецыяльнымі ведамі. Гэты сакрэт застаецца неразгаданым.

Акварэль — самадастатковы від творчасці. Ён увабраў у сябе ўсё лепшае і ад жывапісу, і ад графікі, і да сваёй папярэдніцы фрэскі, лічыць В.Паўлавец. Менавіта акварэль сфарміравала яго лад жыцця, неўпрыкмет стаўшы жыццятворчасцю. Многія яго працы ўжо адносяць да класікі беларускага мастацтва XX стагоддзя. Яны ўваходзяць у альбомы, прыватныя калекцыі. У мінулым годзе творца адсвяткаваў юбілей — 60 год. Але што датычыцца Мастацкага музея, то “Без шкла” — толькі другая персанальная выстаўка, хоць у фондах Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь захоўваецца 18 твораў мастака. Першая ж выстаўка — “Перакрыжаванні часу” — адбылася яшчэ ў 2006 годзе. З некаторымі работамі можна пазнаёміцца на віртуальнай выстаўцы. Між тым ў хуткім часе ў музеі пройдзе майстар-клас па акварэлі В.Паўлаўца.

Дарэчы, летась у Выдавецкім доме “Звязда” выйшаў альбом мастака “Акварэльны сусвет Вячаслава Паўлаўца”. У ім 100 акварэляў, створаных на мяжы тысячагоддзяў. Гэта работы апошніх трыццаці год яго творчасці — ад першых самастойных твораў 1980-х да аркушаў, выкананых у 2018 годзе ў Германіі, дзе яго графіка запатрабавана. У выданне ўвайшлі і творы, што захоўваюцца ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Мининформ

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *