11 лютага 2020 г. у Прэс-цэнтры Дома прэсы адбылася прэс-канферэнцыя на тэму: «Выставачны сезон 2020. Новы фармат працы Беларускага саюза мастакоў».

Амаль 2 месяцы таму адбылася змена кіраўніцтва ў Беларускім саюзе мастакоў. Сёння на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы першы намеснік старшыні Саюза мастакоў Наталля Шаранговіч і намеснік старшыні па творчых і агульных пытаннях Саюза Андрэй Басалыга падзяліліся планамі арганізацыі на бягучы год.

Па словах Наталлі Шаранговіч, у гэтым годзе плануецца арганізаваць некалькі выстаў з «залатога фонда» мастакоў Саюза. Дадзены фонд налічвае вялікую колькасць прац, якія малавядомыя нашым прыхільнікам мастацтва. Так, плануецца адкрыць выставу, прысвечаную святкаванню 75-годдзя Перамогі. «Асноўная мэта сёння: зрабіць Саюз бачным праз нашу дзейнасць», — падкрэсліла яна.

Андрэй Басалыга анансаваў найбольш значныя праекты на 2020 год:
1. Плануецца выстава ў сакавіку-красавіку, прысвечаная мастацтву Германіі пасляваеннага часу (плануецца, што ўдзел прымуць больш за 100 мастакоў з Заходняй і Усходняй Германіі, будзе выстаўлена амаль 400 работ).
2. Міжнародны фестываль мастацтва «ART-MINSK», запланаваны на красавік-травень.
3. Выстава па выніках рэспубліканскага конкурсу «Нацыянальная прэмія ў галіне мастацтва» (конкурс ладзіцца пад эгідай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, уключае 10 намінацый).
4. Выставы маладых мастакоў у межах «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам».
Апроч таго, у гэтым годзе плануецца запусціць новы праект «Увайсці ў айці». Гэты праект павінен расказаць аб тым, як сучаснае мастацтва перасякаецца з IT-тэхналогіямі.

У завяршэнне размовы прадстаўнікі кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў выказалі меркаванне, што яшчэ не адзін раз сустрэнуцца са СМІ, каб падзяліцца сваімі планамі і напрацоўкамі, і запрасілі ўсіх ахвочых на выставы ў Палац мастацтва (г.Мінск, вул.Казлова, 3).

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *