Кніжная Берасцейшчына: адкрыццё з розных ракурсаў

Учора ў кнігарні «Светач» адбылася маштабная імпрэза «Кніжны свет Беларусі: Берасцейшчына». Гэта мерапрыемства фактычна стала адкрыццём адмысловага праекта, бо плануецца яшчэ некалькі падобных імпрэз, якія будуць прысвечаны літаратурнай спадчыне кожнага рэгіёна Беларусі. Арганізатары праекта — Міністэрства інфармацыі, ААТ «Белкніга», выдавецтвы «Мастацкая літаратура» і «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі».

Гэта мерапрыемства дало магчымасць ацаніць найбольш заўважныя і значныя краязнаўчыя выданні і праекты ў Брэсце і Брэсцкай вобласці, сабрала вядомых беларускіх пісьменнікаў, якія нарадзіліся ў гэтым рэгіёне і прысвяцілі яму пэўную частку сваёй творчасці. У вечарыне паўдзельнічалі Алесь Бадак, Леанід Дранько-Майсюк, Раіса Баравікова.

Мінулы год — юбілейны для Брэста — прынёс у скарбонку кніжнай спадчыны рэгіёна шмат каштоўных праектаў. У першую чаргу гэта маштабная краязнаўчая энцыклапедыя «Брэст. 1000 гадоў» і факсімільнае выданне Берасцейскай Бібліі, падрыхтаванае Нацыянальнай бібліятэкай Рэспублікі Беларусь. Таксама зусім нядаўна з’явілася манаграфія за аўтарствам намесніка дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Алеся Сушы, прысвечаная паўнавартаснаму даследаванню асаблівасцяў Берасцейскай Бібліі і месца, якое гэта легендарнае выданне займае ў гісторыі.

Міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч выказаў падзяку ўсім пісьменнікам, якія робяць свой унёсак у літаратурную спадчыну Брэстчыны, усім, хто меў дачыненне да стварэння адмысловых краязнаўчых і гістарычных праектаў.

Аляксандр Карлюкевіч таксама адзначыў: вельмі важна, каб кніга з дзяржаўнага ці прыватнага выдавецтва атрымлівала сваё распаўсюджанне, ішла па краіне, займела вагу на ўсіх узроўнях грамадства, прысутнічала ў тым ліку ў сацыяльных сетках і сваёй прысутнасцю рухала духоўнае развіццё нашага грамадства.

Многія госці мерапрыемства, якія зрабілі каштоўны ўнёсак у брэсцкае краязнаўства і гісторыю, былі адзначаны спецыяльнымі ўзнагародамі Міністэрства інфармацыі.
Фота — Яна Сабіна, «Белкніга».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.

Мининформ

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *