Калекцыя рэдкіх кніг абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага папоўнілася двума тамамі апавяданняў Элізы Ажэшкі

Пабачылі свет выданні ў 1886 годзе.

Надрукаваны былі ў Варшаве і пэўны час падарожнічалі па ўласных бібліятэках. Сімвалічна, што спынілі такую вандроўку кнігі ў год 190-годдзя абласной навуковай бібліятэкі менавіта ў яе пакоях. Падараваў кнігі бібліятэцы калекцыянер Януш Здасоўскі.

– Думаю, пра значнасць такіх выданняў нагадваць не трэба. Прынёманскі край стаў не толькі месцам пачатку жыццёвага шляху Элізы Ажэшкі, але і крыніцай яе натхнення. Да таго ж у Гродне спыніўся яе жыццёвы шлях, але літаратурны працягваецца і сёння далёка за межамі нашага краю, – гаворыць загадчык аддзела краязнаўства абласной навуковай бібліятэкі імя Я.Ф.Карскага Алена Кучынская.

Сваё месца падораныя выданні занялі сярод «аднагодкаў». Яны размясціліся ў аддзеле рэдкай кнігі, які па зразумелых прычынах з моманту пераезду бібліятэкі застаецца адным з самых папулярных для тых, хто заходзіць сюды ўпершыню. Усё таму, што месцам прапіскі яго стала былое грашовае сховішча. На працягу многіх гадоў за паўметровымі жалезнымі дзвярыма захоўвалі ў літаральным сэнсе скарбы – грошы і каштоўнасці, а сёння іх чаргу занялі не менш значныя па сваёй сутнасці кнігі з багатай гісторыяй.

Здзіўляцца сапраўды ёсць чаму. У зале рэдкіх выданняў каля паўтысячы прадстаўнікоў мастацкай і галіновай літаратуры XVIII – пачатку XX стагоддзяў на беларускай, рускай, польскай, англійскай, нямецкай, французскай і лацінскай мовах. Найбольш старадаўняя частка збору – кнігі з бібліятэкі ордэна айцоў-францішканцаў – былой манастырскай бібліятэкі, якая існавала да Другой сусветнай вайны пры францішканскім кляштары ў Гродне.

Сярод выданняў, якія карыстаюцца найбольшым попытам, – дакументы пра Гродзеншчыну. Гартаюць іх пераважна гісторыкі і краязнаўцы. Каштоўнай крыніцай ведаў пра рэгіён, напрыклад, з’яўляюцца выданні Гродзенскага губернскага статыстычнага камітэта – агляды з 1879 па 1913 гады і памятныя кнігі губерніі за 1871, 1889 і 1899 гады. Калі гаварыць пра «Обзоры Гродненской губернии», яны мелі рэтраспектыўны накірунак. Падагульнялі дадзеныя за мінулы год і адлюстроўвалі звесткі дэмаграфічнага, адміністрацыйна-юрыдычнага, эканамічнага жыцця, добраўпарадкавання, медыцынскага абслугоўвання, асветы і іншыя.

– Штогоднік з’яуляецца каштоўнай крыніцай ведаў пра тагачаснае жыццё Гродзеншчыны. Дзякуючы яму ведаем, напрыклад, што ў 1879 годзе ў Гродзенскай губерніі было ўсяго толькі 63 урачы ў 27 бальніцах, а ў 1913 годзе ўжо 205 урачоў і 1325 лячэбных устаноў. Навучальных устаноў было 968 у 1879 годзе і 2434 у 1913-м, – дадае Алена Кучынская.
У выданнях бібліятэкі можна знайсці звесткі аб развіцці асветы, бібліятэчнай справы XIX – пачатку XX стагоддзяў. Так, у 1891 годзе ў Гродзенскай губерніі дзейнічалі 10 бібліятэк. Цікава, што большасць з іх існавалі пры кніжных крамах. Згодна з аглядам, важнейшай была Гродзенская публічная, пераемніцай якой і з’яўляецца сённяшняя абласная навуковая бібліятэка імя Я.Ф.Карскага.

Як рассказала загадчык аддзела краязнаўства, не страцілі свайго значэння для навукоўцаў у наш час і працы вядомага царкоўнага дзеяча Іаана Карчынскага. На пачатку ХХ стагоддзя ён даследаваў гісторыю буйнейшых храмаў рэгіёна – гродзенскіх праваслаўнага Сафійскага сабора і старажытнай Каложскай царквы. Абодва выданні за 1907 і 1908 год былі надрукаваны ў Гродне. А калі вяртаца да выданняў Элізы Ажэшкі, ганарацца ў бібліятэцы тым, што ў яе пакоях захоўваецца адзін з публіцыстычных твораў, які ў 1880 годзе быў надрукаваны ў прыватным выдавецтве пісьменніцы ў Вільні.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах «Гродзенская праўда».

Мининформ

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *