Навінка ад «Звязды»
Цудоўная навіна для аматараў чытання! У Выдавецкім доме «Звязда» ўбачыла свет кніга Уладзіміра Бабкова «Янот-пілот».
Яго вершы складныя і вясёлыя. Яны лёгка завучваюцца, і мы ўпэўнены, іх змалку любяць і помняць шматлікія чытачы, сёння ўжо бабулі і дзядулі. Хіба можна ўстрымацца, каб, прачытаўшы, не паўтарыць з усмешкай і раз, і два:
Зай вусаты –
Добры тата:
Робіць лыжы
Зайчанятам.
Не дагоніш,
Цюцька рыжы, –
Зайчаняты ўсе
На лыжах!
Сонечныя, лаканічныя, займальныя, напісаныя з дабрынёй, цёплым гумарам, з мноствам трапных назіранняў і паэтычных знаходак, вершы Уладзіміра Бабкова даўно ўвайшлі ў вялікую колькасць зборнікаў і школьныя чытанкі.
Героі кнігі Уладзіміра Бабкова – непаседлівыя і вынаходлівыя хлопчыкі і дзяўчынкі. Нехта з іх бачыў НЛА, а нехта – сон на дваіх, хтосьці хоча зрабіць ЭВМ, а хтосьці пашыць сукенку для любімай лялькі. Не адстаюць ад іх і звяры ў казках: то адкрываюць у бары музычную школу, то дружна выходзяць на лыжны крос.
Тым, хто пачне чытаць кнігу «Янот-пілот», сумна не будзе, і асабліва спадабаюцца прасякнутыя святлом і любоўю да людзей і ўсяго навакольнага свету вершы і казкі таленавітага аўтара, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Кірылы Тураўскага Уладзіміра Бабкова, які і дагэтуль, на восьмым дзясятку гадоў, не страціў натхнення і захаплення родным словам.
Запрашаем у чароўны свет маленства, сяброўства і прыгод, дзе жывуць героі добрых кніг.
Жадаем прыемнага чытання!
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.