«Бярозка» правяла пяць сустрэч за тры дні!
На мінулым тыдні “Бярозка” паставіла ўласны рэкорд: супрацоўніцы рэдакцыі наведалі цэлых пяць сустрэч за тры дні. Першымі у нашым “марафоне” паўдзельнічалі вучні Мар’інагорскай гімназіі, якая канцэнтруе вакол сябе ўсе гарадскія, а то і раённыя актыўнасці. Дарэчы, мы не толькі распавялі пра часопіс і заахвоцілі вучняў далучыцца да яго стварэння, але і знайшлі мноства тэм для матэрыялаў у будучыя нумары, бо пра такія навучальныя ўстановы мусіць ведаць уся краіна!
У той жа дзень мы сустрэліся з нашымі юнымі калегамі – вучнямі Дуброўскай сярэдняй школы Пухавіцкага раёна, якія займаюцца ў аб’яднанні па інтарэсах “Рэпарцёр”. Канешне, тут размова была больш прадметная – намесніца рэдактаркі Святлана Курганава падзялілася вопытам напісання інтэрв’ю, рэцэнзій і іншых тэкстаў, якія вельмі чакаюць у рэдакцыі “Бярозкі” ад маладых аўтараў.
Наступнай раніцай нас вітаў Барысаў: па запрашэнні бібліятэкарак мы прыехалі ў гімназію №3, дзе пазнаёміліся з мясцовымі падлеткамі-аматарамі Роўлінг, Толкіна, Марвэл, k-pop і іншага, што так да душы нам самім. Дарэчы, тэкст пра карэйскую поп-культуру выйдзе ў красавіцкім нумары, і штосьці нам падказвае, што яго асабліва моцна чакаюць у Барысаве.
У Цэнтральнай раённай бібліятэцы Барысава мы далучыліся да імпрэзы Маргарыты Латышкевіч, якая прэзентавала сваю новую кнігу “Там, дзе сэрца”. Пісьменніца зладзіла літаратурную варажбу з чытаннямі, распавяла пра творчыя працэсы і сумненні, неад’емныя ад творчасці. Апошнім, дарэчы, выклікала асаблівае захапленне юных пісьменікаў, якія таксама сутыкаюцца з гэтымі ж праблемамі. Дарэчы, менавіта з “Бярозкі” Маргарыта адлічвае сваю літаратурную біяграфію.
У межах Тыдня роднай мовы, які святкуецца ў Бараўлянскай гімназіі асобна ад Дня роднай мовы, прайшоў урок “Бярозкі” у адным з дзявятых класаў. Зрэшты, адным класам справа не абмежавалася: да сустрэчы далучыліся і іншыя вучні: за некаторымі партамі сядзелі нават патрое! Вучні і вучаніцы распавялі пра свае захапленні і клопаты, якія, да нашай радасці, перагукаліся з тэмамі матэрыялаў у нумарах часопіса. І вельмі здзівілі сваімі ведамі беларускай культуры: падарункі ў літаратурнай віктарыне разляцеліся імгненна!
Гэты тыдзень, хоць каштаваў вялікіх сіл, але прынёс нам штосьці больш каштоўнае – адчуванне таго, што наша праца патрэбная тым, для каго мы яе робім.
Вялікі дзякуй усім – і да новых сустрэч!