Ты выдатна спраўляешся
Гэта гісторыя пра дзяўчыну, якую завуць Паліна Пугачэўская. Яна жыве ў Мінску, ёй 21 год, яна працуе татуіроўшчыцай ў студыі і ішла да гэтага шэсць гадоў. Вось яе сумленны аповед пра тое, як цяжка часам бывае ісці да мары, калі шлях да яе займае не адзін год і «мама не ўхваляе».
«…татуіроўкі — гэта непрыгожа і вульгарна»
Я ўсё жыццё малюю, і ў адзін момант, гадоў шэсць таму, мне падалося, што тату – гэта самая высокая форма малюнка. Хацелася засвоіць гэтае рамяство, таму што яно здавалася мне заканамернай прыступкай развіцця маёй творчасці. Так у мяне з’явілася мара.
Мае сваякі маюць даволі кансерватыўны светапогляд, які спрабавалі прышчапіць і мне. Напрыклад, мяне вельмі доўга пераконвалі ў тым, што любыя татуіроўкі — гэта непрыгожа, вульгарна і наогул не па-хрысціянску. Што іранічна «наогул не па-хрысціянску» казалі нават не вернікі! Але, як бачыце, не вельмі падзейнічала, а жаданне рэалізаваць мару толькі мацнела з кожным годам.
«…ніхто не ідэальны ў самым пачатку свайго творчага шляху, і гэта нармальна»
Шлях да маёй мары быў, мякка кажучы, цярністы. Яшчэ тры гады таму я вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў на факультэце інфармацыйна-дакументных камунікацый і кожны дзень адчувала, што штосьці не так, што я іду не ў тым напрамку. Ведаеце вось гэтую класічную бацькоўскую рыторыку наконт таго, што вышэйшую адукацыю мець неабходна і без яе ў жыцці ніяк? Вучоба не прыносіла ніякай радасці, а мара так і заставалася марай. Я малявала тату-эскізы, удасканальвала свой індывідуальны стыль, але фізічна наперад не прасоўвалася. Я сышла адтуль у пачатку другога курса, таму проста «ляжаць у напрамку мары» мне стала недастаткова.
Каб стаць тату-майстрам, трэба вельмі шмат укладанняў — як фізічных, так і грашовых. Спачатку трэба купіць сабе машынку і фарбу, потым знайсці навучальныя курсы (таксама платныя), а потым доўга практыкавацца і рабіць тату па вельмі маленькім кошце, які пакрывае толькі матэрыялы. На момант сыходу з універсітэта у мяне такіх грошай не было, таму я пайшла працаваць і збіраць на здзяйсненне мары. Спачатку паўгады працавала ў «Макдональдсе», потым правяла жудасныя паўгады ў краме побытавай тэхнікі, дзе, як высветлілася, стаўленне да прадаўцоў-кансультантаў не самае лепшае. Я баялася, што так і застануся на такіх вось «прахадных» працах, і гэты страх вельмі матываваў прыступіць да сваёй мары як мага хутчэй, каб у такіх месцах больш не затрымлівацца.
Я назапасіла грошай і пайшла на групавыя курсы, дзе мяне цягам месяца вучылі рабіць тату. У мяне пачалі з’яўляцца першыя мадэлі і вядома ж, першы страх. Я вельмі баялася памыліцца, баялася, што з мяне будуць смяяцца і я не спраўлюся з адказнасцю. Гэта ж чалавечая скура, а не эскіз у нататніку! Але такія страхі ва ўсіх бываюць, галоўнае — проста расслабіцца і даць сабе права на памылку. Бо ніхто не ідэальны ў самым пачатку свайго творчага шляху, і гэта нармальна.
Антаніна Бабіна
Матэрыял цалкам чытайце ў новым нумары часопіса «Бярозка»