Айчынныя выдавецтвы падрыхтавалі падарункі для Жыровіцкага манастыра
Сёлета адна з вялікіх святынь хрысціянскага свету — Жыровіцкі Свята-Успенскі стаўрапігіяльны мужчынскі манастыр — адзначае адразу два юбілеі: 550-годдзе з’яўлення абраза Жыровіцкай Маці Божай (гэту ўнікальную рэліквію прызналі цудатворнай і праваслаўная, і каталіцкая канфесіі) і паўтысячагоддзе з часу заснавання самой абіцелі. Цікавасць да знакавых дат вялікая як у Беларусі, так і далёка за межамі нашай краіны.
Маштабныя ўрачыстасці ў Жыровічах у сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй давялося адкласці — хутчэй за ўсё, іх перанясуць на некалькі месяцаў. Але падарункі да свайго свята адзін з найстарэйшых праваслаўных цэнтраў Беларусі ўсё ж атрымае — прынамсі, іх падрыхтавалі некалькі айчынных выдавецтваў.
Як нядаўна ўжо расказвала «Звязда», энцыклапедычны даведнік «Жыровічы: пад святым пакровам» тыражом 1000 асобнікаў убачыць свет у «Беларускай Энцыклапедыі імя Петруся Броўкі». Выданне, укладальнікам якога стаў прарэктар па навуковай рабоце Мінскай духоўнай семінарыі і Мінскай духоўнай акадэміі Аляксандр Слесараў, утрымлівае разнастайную інфармацыю пра гісторыю і сучаснае жыццё абіцелі і аграгарадка Жыровічы, пра цудадзейны абраз Божай Маці, пра лёсы царкоўных дзеячаў, чыя духоўна-асветніцкая праца была звязаная з манастыром, пра царкоўна-археалагічны музей Мінскай духоўнай семінарыі, а таксама пра тыя помнікі культуры і мастацтва, якія ў свой час знаходзіліся ці дагэтуль захоўваюцца ў Свята-Успенскім манастыры. Напрыклад, анансуе дырэктар выдавецтва Вольга Ваніна, асобныя артыкулы падрабязна раскажуць пра Жыровіцкі ірмалагіён — помнік спеўнай культуры першай паловы XVІІ стагоддзя, славутае Евангелле Сапегі альбо так званую Жыровіцкую «Энцыклапедыю» XVІ стагоддзя — унікальны рукапісны зборнік, па сутнасці, першае даведачна-энцыклапедычнае выданне на тэрыторыі Беларусі.
Аўтарамі больш чым 180 артыкулаў, якія ўвайшлі ў зборнік, выступілі вядомыя рэлігійныя дзеячы, даследчыкі царкоўнай гісторыі, мастацтвазнаўцы. Асноўная мова энцыклапедыі — беларуская, але частка артыкулаў прадубляваная на рускай і англійскай мовах. Кніга аздоблена вялікай колькасцю ілюстрацый.
Выдавецтва «Мастацкая літаратура» раскрывае тэму па-свойму — праз кнігу паэзіі «Святло з Жыровіч». Яе аўтар, чалавек надзвычай цікавага і пакручастага лёсу, — сын вядомага скульптара, былы выкладчык музыкі, філосаф, публіцыст Алег Бембель, ён жа паэт Зніч, які ўжо шмат гадоў непарыўна звязаны са святым месцам. Ён прайшоў шлях ад смяротна хворага паслушніка Алега да інака Мікалая і манаха Іаана, насельніка Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра, і з цягам часу менавіта вера стала адным з асноўных матываў ягонай творчасці. Хоць тэма веры і духоўнасці, сцвярджае дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь Бадак, наогул уласцівая для беларускай літаратуры, нават нягледзячы на даволі працяглы перыяд бязбожнасці, калі ўсё, што датычылася рэлігіі, Бога, выкрэслівала цэнзура. У якасці доказу выдавец прыводзіць анталогію беларускай хрысціянскай паэзіі, над якой «Мастацкая літаратура» працуе з нядаўняга часу, — у ёй налічваецца больш за 100 імёнаў аўтараў, ад класікаў (хто ж не згадае «Маю малітву» Янкі Купалы, якая дзякуючы кампазітару Алегу Молчану і «Песнярам» стала помнікам не толькі літаратурным, але і музычным) да сучаснікаў. А значыць, паэтычныя развагі пра веру і духоўнасць знойдуць свайго чытача і цяпер.
Кніга вядомага беларускага мастацтвазнаўца, музейшчыка Аляксандра Ярашэвіча «Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр» ужо выходзіла ў выдавецтве «Беларусь» больш за 10 гадоў таму. Але сёлета яно было практычна цалкам абноўлена, у прыватнасці, наноў сабралі ілюстрацыйны матэрыял, які адлюстроўвае інтэр’еры і дэкор манастыра, паказвае від на Жыровічы з вышыні птушынага палёту і ў дэталях разглядае абразы… Асаблівасць кнігі, як кажа спецыяліст выдавецтва Анжэла Садоўская, у тым, што аўтар абапіраўся на навуковыя факты і даследаванні, але пры гэтым сцісла, ёміста і даступна для самага шырокага кола чытачоў распавёў гісторыю Жыровіцкага манастыра з часу заснавання да нашых дзён. Гэты аповед на трох мовах — беларускай, рускай і англійскай — маляўніча аформлены ў падарункавым выданні і адрасаваны шматлікім паломнікам, якія штогод прыязджаюць у абіцель.
Дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь БАДАК.
Другая кніга, якую рыхтуе выдавецтва «Беларусь» да юбілею хрысціянскай святыні, — «Цяпло Жыровіцкай святыні» вядомага слонімскага краязнаўца, журналіста і пісьменніка Сяргея Чыгрына. Аўтар навукова-папулярнага даследавання шмат часу правёў у архівах Украіны, Польшчы і Літвы, збіраючы малавядомыя факты не толькі пра манастыр, але і наогул пра Слонімшчыну, гісторыю сваёй малой радзімы і яе славутых ураджэнцаў. Як плануецца, гэтая кніга ўбачыць свет у канцы мая.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”.