У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі» убачыла свет кніга «Сядзібы Віцебшчыны»
У даведніку падаюцца звесткі пра гісторыю, архітэктуру, сучасны стан сядзіб Віцебскай вобласці. Прыводзяцца звесткі пра ўладальнікаў, архітэктараў, падаецца кароткі гістарычны экскурс, раскрываюцца асноўныя тэндэнцыі развіцця сядзіб у 18—20 стст.
На працягу сотняў гадоў шляхецкія сядзібы былі эканамічнымі, адміністрацыйнымі, сацыяльнымі, культурнымі і духоўнымі цэнтрамі ў сваіх рэгіёнах. Дзякуючы іх гаспадарам на беларускіх землях з’яўляліся агратэхнічныя навінкі, новыя прыёмы севазвароту, селекцыі свойскіх жывёл і сельскагаспадарчых культур.
Пры сядзібах часта былі бібліятэкі, архівы, музеі, друкарні, аранжарэі. У маёнтках рабіліся навуковыя адкрыцці, ствараліся і захоўваліся аб’екты матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. Вялікая колькасць сядзіб звязана з жыццём і дзейнасцю славутых асоб.
Дадзенае выданне накіравана на тое, каб выклікаць цікавасць да вывучэння лакальнай гісторыі. Задача яго — апісаць тое, што пакуль існуе; прыцягнуць увагу да таго, што пад пагрозай знікнення; нагадаць, якім было тое, што захавалася толькі на здымках і ілюстрацыях, у мемуарах і памяці людзей.
Кніга будзе карысная супрацоўнікам аддзелаў культуры, спорту і турызму райвыканкамаў, турыстычных фірм, архітэктарам, настаўнікам гісторыі, арганізатарам выхаваўчай работы ў навучальных установах, краязнаўцам, навучэнцам і ўсім тым, хто цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі.
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва “БелЭн”.