Сярэбраны звон цымбалаў

Музычная школа — тое месца, дзе дзеці вучацца нотнай грамаце, не баяцца сцэны, адрозніваць гукі інструментаў, творчаму падыходу, выбудоўваць ўзаемаадносіны ў калектыве і, вядома ж, дысцыпліне.

Мне здаецца, што ўсе, з якімі я вучылася, былі не падобныя адзін на аднаго. Хтосьці надаваў больш часу вакалу, хтосьці рабіў акцэнт на сольнае выкананне на інструменце, хтосьці на кампазіцыю, а хтосьці любіў выступаць у складзе музычнага калектыву. Усе былі розныя, але ўсіх аб’ядноўвала адно — любоў да музыкі, творчасці, магчымасць быць не такімі, як усе, ствараць нешта сваё. Менавіта дзеля гэтага варта ісці ў музычную школу.

Я з ранняга дзяцінства любіла спяваць, таму і папрасіла бацькоў адправіць мяне ў музычную школу. Тады я яшчэ не ўяўляла, што вучыцца там — велізарная праца, якая не кожнаму пад сілу. І вось надышоў адказны момант: выбар інструмента. Фартэпіяна здавалася занадта банальным, гітара не надта прыцягвала, і тут мой позірк спыніўся на слова «цымбалы». У сем гадоў я яшчэ не ведала, што гэта такое, але як толькі ўбачыла іх ўжывую — зразумела, вось ён, той самы інструмент, і я гатовая прысвяціць яму шэсць гадоў свайго жыцця, прынамсі, мне тады так здавалася.

Спачатку было вельмі цяжка прывыкнуць да таго, што, апроч звычайнай школы, у мяне з’явілася і музычная, якой таксама трэба надаваць шмат часу. З першага навучальнага года я рыхтавалася да канцэртаў: вучылася тэхніцы і эстэтычным паводзінам за інструментам. Гэта аказалася не так проста, як я думала.

Наступным узрушэннем для мяне было сальфеджыа або, як яго называла сама педагог, музычная матэматыка. Велізарная колькасць акордаў, пабудоў, музычных дыктантаў — усё гэта ледзь змяшчалася ў галаве дзіцяці, якое, як і ўсё ў гэтым узросце, было трохі лянівае. Але чым старэйшымі мы станавіліся, тым прасцей было сумяшчаць і арганізоўваць свой дзень, каб паспець усё, хоць нагрузка толькі расла.

У трэцім класе музычнай школы наступіў момант, якога чакаў кожны. Мая настаўніца па спецыяльнасці сказала, што мяне адпраўляюць на рэспубліканскі конкурс. Эмоцыі, якія я адчувала ў той момант ўмясцілі ў сабе і радасць, і гонар і трохі страх. Страх падвесці кіраўніка, школу, акампаніятара. Ён даў мне матывацыю працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць. Некалькі месяцаў руплівай працы, слёзы, таму што нічога не атрымліваецца, гатоўнасць кінуць усё, доўгія рэпетыцыі, якія затрымліваліся на гадзіну, а то і на дзве. Менавіта тады для мяне была важная падтрымка бацькоў, толькі дзякуючы ім я не здалася, дайшла да канца і не разыйшлася з музыкай увогуле. Нягледзячы на ​​ўсе цяжкасці, з кожнай рэпетыцыяй атрымлівалася ўсё лепш, кожная нота набывала сваё асаблівае гучанне.

Надышоў час “Х”, калі трэба было адкінуць усё сваё хваляванне. Конкурс юных музыкаў «Сымон-музыка» праходзіў у Стоўбцах, на радзіме Якуба Коласа — горадзе ў васьмідзесяці кілямэтрах ад Мінска. Дарога апынулася вельмі хуткай, а так хацелася адцягнуць момант самога выступу. І вось дзесяць хвілін да выхаду на сцэну, адзінае, што я магла ў той момант — зрабіць глыбокі ўдых, выкінуць усе думкі, і з «халоднай галавой» зайграць так, як было ў маіх сілах. Так я і зрабіла. Першы крок па сцэне, і ўсе нервы зьніклі, я адыграла ўсё чыста, без адзінай запінкі. Усе былі рады майму поспеху, але я была самай маленькай удзельніцай і ніхто асабліва і не спадзяваўся на прызавыя месцы, бо астатнія дзяўчынкі былі старэйшыя за мяне, з больш складанай праграмай. Заставалася толькі чакаць.

Бліжэй да вечара, майму тату патэлефанавала настаўніца па спецыяльнасці, уся сям’я замерла ў чаканні, здавалася, нават дыхаць баяліся. Нарэшце, тата развітаўся, па голасе было чуваць, што ён усхваляваны, але прагучала тое самае запаветнае слова: «Першая!»

Я плакала ад шчасця, скакала, бегала, крычала, абдымала бацькоў, проста не магла паверыць, што гэта не сон, што я, маленькая дзяўчынка, абыйшла ўсіх.

Пасля гэтага пачала надаваць цымбалам яшчэ больш часу. Пасля справаздачнага канцэрта, які праходзіў штогод у сярэдзіне мая, мяне заўважыла выкладчыца, якая займалася з ансамблем цымбалістак і паклікала граць з імі з наступнага года. Гэтая навіна мяне проста агаломшыла, таму што заўсёды там гралі толькі лепшыя музыканты з усяго нашага аддзялення, якія зачароўвалі сваёй гульнёй не толькі мяне, але і ўсіх, каму даводзілася бываць на іх выступах.

Першы занятак у новым навучальным годзе. Я здзівілася, чаму мяне папрасілі затрымацца, але, калі ўвайшла выкладчыца ансамбля, адразу зразумела, у чым справа. Мяне пазнаёмілі з усімі дзяўчынкамі. Як аказалася, яны ўсё вельмі прыязныя. Прыцягвала атмасфера, якая панавала падчас рэпетыцый, адчувалася, што да мяне ставяцца, як да дарослага чалавека, ўлічваюць маё меркаванне, не было ніякага напружання.

Гульню ў такім музычным калектыве можна параўнаць толькі з палётам птушак. Усе адзін аднаго падтрымліваюць, у кожнага свая роля, а выступы з гэтым калектывам — самае чароўнае пачуццё, пачуццё свабоды.

Два гады з гэтымі выдатнымі дзяўчынкамі падарылі мне велізарны досвед. Мы выступалі на многіх вялікіх сцэнах нашага горада: Беларуская дзяржаўная філармонія, Канцэртная зала “Мінск” і г.д.

Цымбалы, і сёння — досыць запатрабаваны інструмент, які вельмі шырока выкарыстоўваюць. Мала хто ведае, што на цымбалах можна граць не толькі народную музыку, але і класічную і нават джаз.

Менавіта «музыкалка» навучыла мяне адказна падыходзіць да хатняга задання, падрыхтоўкі да канцэртаў і конкурсаў. Асабліва, калі ты працуеш у калектыве, такім як ансамбль ці  аркестр, ты адчуваеш, што не можаш нікога падвесці.

На выпускным вечары дырэктар у сваёй прамове сказала нам словы, якія я добра запомніла: «Далёка не ўсе з вас стануць музыкамі, але ўсё роўна, кім бы вы не былі, вы будзеце адрознівацца ад астатніх, таму што вы ўмееце чуць і разумець музыку”.

 

Аляксандра Цітавец

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *