Кніга як компас: падарожжы з уласнай канапы

Калі за вокнамі непагадзь, калі навіны не радуюць, у паветры лунае лёгкая паніка, а кожная раніца пачынаецца з напружанага “Ну, хто яшчэ захварэў з вядомых?”, трэба неяк ратавацца. Не адмяжоўвацца ад праблем у свеце, ясная рэч, але і не дазваляць паніцы ўзяць над сабою верх. Знаходзіць нешта ўтульнае, радаснае, нешта непарушнае ў вечнай зменлівасці вакол сябе.

Што ж гэта – непарушнае?

Кнігі.

У сённяшніх умовах, калі дактары настойліва рэкамендуюць заставацца дома, на вялікі жаль, досыць праблематычна падарожнічаць. Але выхад ёсць – нават з самаізаляцыі. Бо ў сённяшняй падборцы мы прапануем шаноўным чытачам некалькі захапляльных кніг з розных эпох, з розных краін, з розных літаратурных традыцый.Каб на любы густ.

Некалькі кніг, кожная з якіх – цэлае падарожжа.

Літаральна.

 

  • “Казкі Янтарнай краіны”Ул. Караткевіча. Утульны і светлы, быццам кавалачак бурштыну, тэкст. Сонечны і радасны. Казачны – і адначасна вельмі рэалістычны, з жывымі рысамі жывых людзей, схопленымі трапным словам. Поўны шчырай любові – да жыцця, да людзей. Да Радзімы, сваёй і чужой. Прачытаеш – і быццам сам апынуўся “паміж латгальскімі азёрамі і Балтыйскім морам”, дзе ўсё колерам як янтар-бурштын: “і валасы ў людзей, і свежыя зрубы, і нават піва”. А яшчэ сам тон аповеду настолькі сяброўскі і свойскі, быццам сам Караткевіч распавядае, ўзгадваючы нязмушана свае прыгоды. І на душы святлее.

 

  • “Хоббіт” Дж.Р.Р. Толкіна. Мусіць, адна з самых слынных у свеце кніг фэнтэзі, якая адносна нядаўна займела і экранізацыю ад Пітара Джэксана. Дзіцячая казка, падавалася б, але карані гэтай казкі – у старадаўнім “Беавульфе”. Сама ж кніга пра падарожжа ўтульнага і, падавалася б, безабароннага спадара Бэгінса з ідылічнага краю да берлагу лютага цмока. І – назад. Дамоў. Праўда, ужо трохі іншым.

Дарэчы, варта адзначыць: у 2002 годзе выйшаў беларускамоўны пераклад кнігі (у выкананні Дз. Магілеўцава і К. Курчанковай), які, безумоўна, дадаў нацыянальных адценняў да магічнага свету Толкіна.

 

  • “Падарожжа ў Арзрум падчас пахода 1829 года” А.С. Пушкіна. У сярэдняга чытача гэтае імя і прозвішча амаль непазбежна асацыюецца з вершамі. А Пушкін-празаік не менш цікавы за Пушкіна-паэта, і гэты нарыс – непасрэдны таму доказ. То чаму б не выправіцца ў шлях разам са слынным паэтам? Тым больш што гэта – падарожжа і ў часе, і ў прасторы адначасна. Пушкін заўважае шмат цікавага і апісвае вайну з дакладнасцю і праўдзівасцю храніста. Не забываючыся, аднак, і пра трапныя вострыя каментары (не быў бы тое Пушкін).

  • “Слова пра паход Ігараў”. Напэўна, самая старажытная гісторыя пра падарожжа (няўдалае) ва ўсходнеславянскім свеце. Аўтар гэтага паэтычнага тэксту, які датуецца ХІІ стагоддзем, невядомы, але досыць істотнае месца ў творы адводзіцца падзеям з гісторыі Полацкага княства і Усяславу Брачыславічу. Так што, магчыма, сярэдневяковы паэт, які не пабаяўся ад пачатку крытыкаваць “вешчага Баяна”, быў нашым земляком. Першыя пераклады на беларускую мову здзейснілі Максім Багдановіч (урывак, 1910), Янка Купала (поўны празаічны, 1911, поўны паэтычны, 1921) і Максім Гарэцкі (празаічны, 1922). А яшчэ ёсць пазнейшыя варыянты ад А.Вялюгіна, Р.Барадуліна, В.Дарашкевіча і І. Чыгрынава. На любы густ.

І гэта толькі драбочак неймаверна прыгожага і бязмежнага кніжнага свету.

Маргарыта Латышкевіч

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *