Па‑сяброўску — пра Караткевiча

Удзячную ўвагу гледачоў прыцягнулi вiдэазапiсы пад агульнай назвай «Сустрэчы з Караткевiчам» у «Светачы», якiя апошнiм часам з’явiлiся ў сецiве. У самай вядомай мiнскай кнiжнай краме людзi, якiя добра ведалi класiка, успамiнаюць пра яго ў нязмушанай гаворцы з вядоўцам — дырэктарам выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» паэтам Алесем Бадаком. Арганiзатары сустрэч — Мiнiстэрства iнфармацыi, таварыства «Белкнiга» i выдавецтва «Мастацкая лiтаратура». Зварот да персоны Караткевiча невыпадковы — у гэтым годзе мы будзем адзначаць юбiлей вялiкага рамантыка. 

Мiнiстр iнфармацыi Аляксандр Карлюкевiч, па чыёй iнiцыятыве з’явiўся праект, лiчыць, што «Сустрэчы з Караткевiчам» у «Светачы» — добрая для айчыннага кнiгагандлю нагода пагаварыць пра аўтара, чые «Каласы пад сярпом тваiм» сталi самай прадаванай кнiгай года. 

— Вымусiла эпi­дэмiялагiчная сiтуацыя працаваць без аўды­торыi. Таму i выбраны такi фармат, з разлiкам, што кожны ахвотнiк можа паслухаць, паглядзець запiс таго цi iншага знаўцы творчасцi Караткевiча альбо чалавека, якi ведаў яго, сустракаўся з iм. Так было ў выпадку запiсаў з Адамам Глобусам i Леанiдам Дранько‑Майсюком.

Для размоў у «Светачы», якiя адбываюцца кожны тыдзень, створана вельмi добразычлiвая, нязмушаная атмасфера. Аляксандр Карлюкевiч хоча, каб суразмоўцамi найперш былi сучаснiкi Караткевiча — пiсьменнiкi, якiя сябравалi з iм, якiя добра ведалi яго. 

— I, дзякуй богу, такiя людзi ёсць, спадзяюся, што яны завiтаюць у «Светач», знойдуць магчымасць пагаварыць пра любiмага iмi творцу, сябра. Несумненна, удзельнiкамi стануць даследчыкi творчасцi аўтара «Каласоў пад сярпом тваiм». А iх жа ў нашай краiне нямала — Вячаслаў Рагойша, Анатоль Верабей, Аркадзь Русецкi, Аляксей Ненадавец, Яўген Гараднiцкi, Дзянiс Марцiновiч… Мне вельмi спадабалася размова з Леанiдам Васiльевiчам Дранько‑Майсюком. Па‑першае, ён быў добра знаёмы з Уладзiмiрам Сямёнавiчам. Па‑другое, у паэта ёсць дзве паэмы, звязаныя з асабiстымi сустрэчамi, асабiстым успрыняццем жыцця, творчасцi класiка. 

Вiдэаролiкi з запiсамi сустрэч можна знайсцi на YouTube, на сайтах арганiзатараў, у сацыяльных сетках.

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *