Навінка ад «Мастацкай лiтаратуры»

У выдавецтве «Мастацкая лiтаратура» выйшла кніга «Вераснёвыя ночы. 25 апавяданняў пра каханне». Назва зборніка «Вераснёвыя ночы» ўзята ад уключанага ў яго апавядання Кузьмы Чорнага.

Дваццаць пяць аповедаў гэтай стыльна аформленай кнiгi належаць майстрам беларускай прозы ад Якуба Коласа да Андрэя Федарэнкi. Нават знаёмыя па школьнай праграме тэксты маюць шанец быць прачытанымi па‑новаму. Прыкладам, «Нёманаў дар» Якуба Коласа — гэта ж не толькi пра сацыяльную справядлiвасць, гэта трагiчны любоўны трохкутнiк з шэкспiраўскiмi жарсцямi. 

Гераiня апавядання Iвана Мележа «Спатканне за горадам» Аля пакахала жанатага чалавека, але недарэка падчас пакутлiвай размовы можа ў разгубленасцi толькi гнуць i ламаць кволы парастак бярозкi, як бяздумна зламаў лёс Алi. 

Шчымлiвае апавяданне Васiля Быкава «На сцяжыне жыцця», па якiм зняты фiльм «Фруза», не толькi пра лёс сцiплай мацi‑адзiночкi ў пасляваенны час, але i пра людскую чэрствасць i здольнасць спачуваць. 

Уладзiмiр Караткевiч у апавяданнi «Блакiт i золата дня» ўзносiць каханне да рамантычных вяршынь: паводка, ноч, двое ў чаўне… 

Вячаслаў Адамчык са светлым сумам расказвае пра закаханасць вясковага школьнiка ў настаўнiцу. 

Героi апавядання Алеся Жука «Дачны туман» не сталi змагацца за сваё каханне, i балючая туга аб тым шчасцi, якое магло б быць, застаецца з iмi назаўсёды. 

А вось гераiня Раiсы Баравiковай закаханая… у партрэт, якi мае ўласцiвасць ажываць. Цi гэта толькi мроя? Да вашай увагi гiсторыi на любы густ i гарантыя лiтаратурнай якасцi.

Людміла Рублеўская 

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *