Падарожжа, якое запомнiцца на ўсё жыццё

8:26 раніцы, усё ў самалёце ўзбадзёрыліся ад аб’явы бортправадніка : «Да пасадкі засталося дзесяць хвілін, прышпіліце рамяні бяспекі». Праз нейкія паўгадзіны мы ўжо стаялі ў аэрапорце каля таблічкі «рэйс Мінск-Эйндховен» са сваім багажом. І вось адчыняюцца дзверы… Перапоўненыя хваляваннем заходзім у залу чакання і сустракаемся позіркамі з групай падлеткаў, якія, напэўна, таксама вельмі хвалююцца. А нагодай для такой эмацыйнай сустрэчы стала праграма абмену вучнямі – шматгадовая традыцыя нашай школы. Праграма ўключае ў сябе наведванне навучальных устаноў, экскурсіі, пражыванне ў сем’ях замежнікаў.

Праз некалькі гадзін мы сабраліся ў холе ліцэя, які знаходзіцца на ўскраіне горада. Толькі там мы сапраўды ўсвядомілі, што гэта не сон. Вось мы стаім задаволенныя, трохі ўсхваляваныя, чакаем, калі ж мы ўсё ж такі адправімся на экскурсію па невялікім мястэчку пад назвай Эйндховен, які зачароўвае сваёй атмасферай. Дачакаўшыся сваіх новых настаўнікаў, удзельнікі праграмы дружна садзяцца на ровары і выязджаюць у цэнтр горада. Дарогай мы амаль не сустрэлі машын, што, безумоўна, нас здзівіла.

Спачатку было цяжка ездзіць на ровары па некалькі дзясяткаў кіламетраў на дзень і размаўляць па-англійску – асабліва ў першы дзень, пасля бяссоннай ночы ў самалёце.

Амаль уся Галандыя знаходзіцца ніжэй за ўзровень мора, а самая нізкая кропка складае 6.7 метраў ніжэй за ўзровень мора.

Эйндховен невялікі і вельмі ўтульны горад. Здаецца, што тут усё адзін аднаго добра ведаюць і заўсёды гатовыя дапамагчы. Сам горад кардынальна адрозніваецца ад Мінска. Пачынаючы ад колькасці ровараў і наяўнасці спецыяльных бясплатных падземных парковак для іх, і заканчваючы архітэктурай. Напрыклад, у Нідэрландах амаль няма шматкватэрных пабудоў, усе жывуць у таўнхаусах ці проста прыватных дамах. Нам, менчукам, звыклым да шматпавярховых дамоў, было вельмі дзіўна. Эйндховен і Мінск – два цалкам розныя гарады, але абодва яны прыгожыя. І канешне, я набыла знакамітыя фарфоравыя Нідэрландскія «чаравічкі» і цюльпаны.

Маёй самай любімай часткай любога дня была паездка на роварах дадому. Кожны раз гэта быў розны маршрут, але нязменнымі заставаліся настрой, колькасць уражанняў і доўгія размовы.

Масу эмоцый прынёс дзень, які мы правялі ў якасці вучняў нідэрландскай школы. Хадзілі як на звыклыя нам заняткі, так і на такія, якіх у нашых школах няма наогул. І я зараз кажу не пра вывучэнне галандскай мовы, а пра такія прадметы, як эканоміка, маляванне і тэатр.

Першым урокам была галандская мова ці, як самі вучні яе называюць, нідэрландская мова. Нас пачаставалі нацыянальнымі прысмакамі і расказалі пра геаграфію краіны. Мы даведаліся некалькі слоў і навучыліся лічыць ад аднаго да дзесяці. Далей па раскладзе было мастацтва, адзін з самых незвычайных прадметаў. Мы пазнаёміліся з настаўнікам, які распавёў пра некалькі мастацкіх стыляў. А потым у клас ўнеслі шмат пудзілаў птушак, і настаўнік папрасіў намаляваць адну з іх у трох розных стылях. У маляванні не ўсе былі ўдалыя, але вынікі паднялі настрой кожнаму. Затым мы вывучалі іспанскую мову. Вывучыць нешта за адзін занятак вельмі цяжка, але было цікава ўбачыць носьбіта мовы ў якасці настаўніка. Дарэчы, выкладчыца англійскай мовы таксама родам з Англіі. Яна ж, у сваю чаргу, распавяла невялікую гісторыю пра тое, чаму яна згадзілася з’ехаць працаваць у іншую краіну, пакінуўшы сяброў і сям’ю. Мы пагутарылі на розныя тэмы, абмеркавалі адрозненні беларускай, англійскай і нідэрландскай школ. Было вельмі цікава пачуць яе меркаванне.

Эканоміка — слова, якое нас напалохала. Вось прыйшоў час і для яе. Як аказалася, нічога страшнага ў гэтым прадмеце няма. Каб нам было лягчэй яго ўспрымаць, урок быў пабудаваны ў форме гульні, што, несумненна, нам спадабалася.

Лепшы ўрок – той, на якім нельга памыліцца. Дык вось тэатр — менавіта такі ўрок. Такія заняткі існуюць для таго, каб ліцэісты маглі спакойна выказваць свае эмоцыі і былі крэатыўнымі. Мы шмат смяяліся, імправізавалі і ставілі кароткія касцюміраваныя сцэнкі.

Кожны дзень праходзіў па-новаму, нічога не паўтаралася двойчы. Часцей за ўсё вольны час, якога было вельмі мала, мы праводзілі невялікімі кампаніямі: ездзілі ў парк атракцыёнаў, замаўлялі ежу дадому і гутарылі, шпацыравалі па горадзе, глядзелі футбол. Дарэчы, менавіта гэты від спорта лічыцца ў Нідэрландах самым папулярным. У кожнай сям’і, часцей за ўсё, вечары праходзяць за праглядам матчаў, пры гэтым члены сям’і могуць заўзець за розныя каманды. Дарэчы, нас вельмі ўразіла экскурсія на мясцовы футбольны стадыён «Філіпсдорп» (хатняя арэна каманды ПСВ). На жаль, на матчы пабываць не атрымалася, але нават пусты, ён зачароўвае сваёй атмасферай. І наогул, галандцы — спартыўныя людзі, многія дзяўчынкі займаюцца хакеем на траве, а хлопчыкі, як вы можаце здагадацца, футболам.

У адзін з больш-менш свабодных дзён мы, усе трыццаць чалавек, паехалі да адной з дзяўчынак дадому, дзе нас чакаў цэлы стол ежы: мяса барбекю; гародніна; салаты; садавіна і, вядома ж, хлеб. Жыхары Галандыі проста памяшаныя на хлебе, яны ядуць яго на сняданак, абед, вячэру і нават бяруць з сабой на працу або ў школу. Але выкарыстоўваюць не звыклы беларусам чорны хлеб, а суцэльна збожжавы ці белы. Чорнага хлеба ў іх няма наогул, і навучэнцы з галандскага боку былі вельмі здзіўленыя, калі мы распавялі ім пра яго існаванне. А яшчэ яны ніколі не чулі пра квас і зефір. Калі вы раптам паедзеце ў Нідэрланды да каго-небудзь у госці, то падарункавы набор з зефіру будзе выдатным гасцінцам.

Самым цяжкім момантам было развітанне, хоць мы і ведалі, што ўбачымся праз пару месяцаў. Ўсведамленне таго, што скончыўся гэты цудоўны час, не давала нам спакою. Многа пралілі слёз…

І вось, на гадзінніку 10:33, абвяшчаюць пасадку на рэйс «Эйндховен — Мінск». Мы даўно ўжо развіталіся са сваімі новымі сябрамі і іх бацькамі. Зайшлі на борт самалёта і зразумелі, што не можам паверыць, што наша маленькае падарожжа скончылася. Усе вучні маўчалі. Напэўна, ўспаміналі шчаслівыя моманты. Толькі праз палову гадзіны з моманту ўзлёта нехта загаварыў, а астатнія падхапілі.

Гэтая паездка прынесла мне шмат станоўчых эмоцый. Першы час пасля вяртання мне не верылася, што гэта ўсё сапраўды адбывалася са мной, што гэта быў не сон. Зараз я разумею, што без гэтай прыгоды я б не змагла спакойна, без усялякага сораму і боязі памыліцца, мець зносіны з людзьмі з іншых краін. Літаральна за тыдзень зносін зусім чужыя людзі ператварыліся ў амаль родных.

Аляксандра Цітавец

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *