Алесь Бадак: Публiкацыя маладога аўтара — спроба прадказання

Конкурс «Першацвет», якi дапамагае адкрываць таленты маладых лiтаратараў-пачаткоўцаў, з’явiўся ў 2016 годзе. За гэты час выйшлi чатыры альманахi з творамi сучасных пiсьменнiкаў i паэтаў. Як заўважыць будучага класiка, чаму ў лiтаратуру прыходзiць усё больш дзяўчат, а маладыя не рэкламуюць творчасць адно аднаго, расказаў член экспертнага савета «Першацвета», дырэктар выдавецтва «Мастацкая лiтаратура», празаiк i паэт Алесь Бадак.


— Конкурсу ўжо чатыры гады. Як усё пачыналася?

— Iнiцыятар i арганiзатар «Першацвета» — Мiнiстэрства iнфармацыi. Падхапiў справу Выдавецкi дом «Звязда» — часопiсы «Маладосць», «Полымя», «Нёман», газета «ЛiМ». А крыху пазней да конкурсу падключылася «Мастацкая лiтаратура». Iдэя выдаваць альманах пераможцаў (якi таксама называецца «Першацвет») да ўрачыстай цырымонii ўзнагароджання належала менавiта выдавецтву. Мы таксама вырашылi друкаваць у зборнiку не толькi творы, дзякуючы якiм удзельнiкi перамаглi, а прадстаўляць аўтараў больш шырока: калi ў конкурсе можа спаборнiчаць адзiн верш, то чаму б нам не апублiкаваць невялiкую падборку? Многiя з новага пакалення лiтаратараў, як паказваюць ужо чатыры творчыя спаборнiцтвы, шырокаму чытачу невядомыя, хоць ёсць сярод канкурсантаў i выключэннi. А можа, для некаторых i крыўдна, калi iх называюць маладымi аўтарамi: цяпер у лiтаратуры вельмi хутка адбываецца сталенне. Я кажу не пра ўзрост па пашпарце, а менавiта пра ўзрост лiтаратурны. У мiнулых «Першацветах» удзельнiчалi Маргарыта Латышкевiч, Станiслава Умец, якiя сёння ўжо члены Саюза пiсьменнiкаў i выдалi кнiжкi — у тым лiку i ў «Мастацкай лiтаратуры». Мы на сябе таксама ўзялi абавязкi, ужо па-за межамi лiтаратурнага конкурсу, выдаваць зборнiкi найбольш арыгiнальных аўтараў. З’явiлася новая серыя «Час ХХI». 21 — гэта цудоўны ўзрост у лiтаратуры, калi ўжо нешта маеш сказаць i сур’ёзна пра сябе заявiць. Калi мы паглядзiм на гiсторыю беларускай лiтаратуры, то многiя паэты i празаiкi ўжо ў такiм узросце пiсалi творы, якiя потым станавiлiся класiчнымi. I вядома ж, 21 — гэта i наша стагоддзе. Сучасная лiтаратура адрознiваецца ад той, што стваралася ў мiнулым.

— Пераможцаў выбiрае экспертны савет. Цi спрачаецеся вы памiж сабой?

— У яго склад уваходзяць супрацоўнiкi выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» i Выдавецкага дома «Звязда». Бывае i такое, што камусьцi спадабалася, а iншаму — не. Але ў такiх выпадках дапамагае галасаванне — выбiраем пераможцаў большасцю галасоў. Часам думкi, канешне, могуць не супадаць. Хоць калi iмя яркае, цiкавае, то тут, як правiла, мы аднадумцы, бо члены журы — людзi невыпадковыя, яны штодзённа працуюць з рукапiсамi. Магчыма i такое, што мы кагосьцi недаацанiлi, а потым яна цi ён стане вядомым. Але гэта паняцце даволi ўмоўнае. Можна быць вядомым у «Фэйсбуку», на якiм-небудзь лiтаратурным сайце, можна быць вядомым у вузкiм коле чытачоў, якiя гуртуюцца вакол выдання. Можа быць i такое, што малады аўтар не перамог у конкурсе «Першацвет», але перамог у якiм-небудзь iншым. Лiтаратура суб’ектыўная. Калi звярнуцца да класiкi, многiя творы спачатку не былi заўважаны i прыняты рэдакцыямi. Усё бывае, але ж «Першацвет» — гэта не конкурс, якi дае адзiны пропуск у вялiкую лiтаратуру. У яе можна прыйсцi самымi рознымі шляхамi. Была ў нас у «Мастацкай лiтаратуры» iдэя вярнуць серыю «Першая кнiга паэта», папулярную ў 70—80-я гады ХХ стагоддзя. На жаль, з гэтага нiчога не атрымалася: мы не знайшлi аўтараў, якiя б падыходзiлi да гэтай задумы. Па-першае, трэба, каб гэта была сапраўды таленавiтая паэзiя. А па-другое, аказалася, што сёння не так проста адшукаць тых самых таленавiтых маладых аўтараў (каб выходзiла серыя, iх трэба знаходзiць штогод па некалькi), якiя б у свае юныя гады яшчэ не паспелi дэбютаваць уласным зборнiчкам. У гэтым лiтаратурнай моладзi вельмi дапамагае Мiхась Паўлавiч Пазнякоў у Мiнскiм гарадскiм аддзяленнi Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. Там кожны год выходзiць па некалькi кнiжак маладых. I мы падумалi, што гнацца, хто першы завалодае рукапiсам маладога паэта, наўрад цi будзе на карысць самой лiтаратуры.

— Цi сустракалi твор за ўсе гады iснавання «Першацвета», якi б вас вельмi здзiвiў, пасля якога вы падумалi: «Гэта новае слова ў сучаснай лiтаратуры»?

— Я ўжо назваў прозвiшчы дзвюх аўтарак — Маргарыты Латышкевiч i Станiславы Умец. Прычым жаночыя. Сёння з лiтаратурай адбываецца нешта загадкавае для мяне: вельмi шмат прыходзiць дзяўчат. Яны заўсёды былi, але раней, як правiла, у паэзii. Сёння ж шмат хто з iх пiша прозу, што лiчылася заўсёды найперш мужчынскiм заняткам. Гэты працэс фемiнiзацыi накладае адбiтак i на саму лiтаратуру, дзяўчаты прыўносяць нешта новае, сваё. Прычым нi ў якiм разе не хачу сказаць гэта ў адмоўным сэнсе, бо ёсць такое паняцце «жаночы раман». Ды насамрэч яго могуць пiсаць i мужчыны. Кажу якраз пра лiтаратуру, якая не мае палавых прыкмет. А сённяшнiя пiсьменнiцы знаходзяць сябе i ў фэнтэзi, i ў дэтэктывах, i ва ўсiх iншых жанрах. Галоўнае — ёсць пошукi. У традыцыйнай лiтаратуры сказаць новае вельмi цяжка, i многiя збiваюцца на вядомыя тэмы, матывы. Такая небяспека заўсёды была, але тут трэба мець на ўвазе, што ў 20—21 год прозу пiсаць вельмi цяжка, бо калi вершы — гэта ў асноўным пачуццё, то проза — работа з думкамi i жыццёвым вопытам. Апошняга ў 21 год, вядома, небагата, але пошук праз новыя стылi дазваляе кампенсаваць гэты недахоп.

— Я вас разумею! Мне 21, i я таксама ўдзельнiчала ў конкурсе. Пастаянна пачынаю нешта пiсаць, але вельмi рэдка дапiсваю — не хапае цярпення. 

— Дык цяпер модна пiсаць мiнiяцюры, там вялiкага цярпення не трэба. Але калi сур’ёзна, кароткая форма сама па сабе вельмi каварная. Як i модны сёння жанр нон-фiкшн, якi запаланiў сацыяльныя сеткi. З боку яно ж добра вiдаць: як толькi напiсалася, адразу надрукавалася. Вельмi мала работы са стылем, словам, часам недаравальныя недакладнасцi, граматычныя памылкi…

— Значыць, вы не прыхiльнiк фэйсбучнай лiтаратуры, Андруся Горвата як яркага яе прадстаўнiка, напрыклад?

— Я не тое што не прыхiльнiк, але стаўлюся да гэтага з пэўнай асцярогай. Цяпер многiя гатовы кожны свой запiс у «Фэйсбуку» называць лiтаратурай у самым высокiм значэннi гэтага слова. Аднак лiтаратура — гэта не толькi «пра што», але i «як». Гэта культура мовы, гэта ўменне паставiць словы ў такiм парадку, што яны пачынаюць зiхацець, як раса на сонцы. Так умеў пiсаць выдатны майстар мiнiяцюры Янка Брыль. А ўвогуле, у беларускай лiтаратуры такiя кароткiя формы выкарыстоўвалiся яшчэ на пачатку ХХ стагоддзя — у Змiтрака Бядулi, Якуба Коласа. Так што нiчога новага ў прыродзе не бывае.

— Вы казалi, што ўсё больш дзяўчат у лiтаратуры. А куды падзелiся хлопцы?

— Iх таксама шмат. Але, можа быць, прадстаўнiцы прыгожага полу больш заўважныя, бо iх раней было менш. Калiсьцi ў лiтаратуру iшлi пераважна з фiлфака, а сёння — адусюль. I вельмi мала па гэтай прычыне застаецца: «Я хачу стаць пiсьменнiкам, дай я паспрабую напiсаць апавяданне, раман, аповесць». Напiсаў, не надрукавалi, яшчэ напiсаў — зноў не надрукавалi. Ну i кiнуў, стаў займацца нечым iншым. Раней часцей выбiралi прафесiю на ўсё жыццё. Поспех дасягаецца неймаверна цяжкай працай. Нерэальна нешта пiсаць лёгка, на хаду, а потым атрымаць вялiкiя грошы i вядомасць. Кнiжны рынак перанасычаны, i здзiвiць чытача, заняць на iм сваю нiшу вельмi складана. У савецкi час кожная спроба эксперыментатарства ў лiтаратуры, пошук новых формаў прыводзiлi да абурэння афiцыёзнай крытыкi, але i выклiкалi цiкавасць сярод сапраўдных аматараў мастацкага слова. Сёння няма такой крытыкi, няма адпаведных стандартаў, якiя вызначаюць шлях пiсьменнiка, але i прыцягнуць увагу чытача значна складаней. Прычым не толькi звычайнага. Мне здаецца, самi маладыя аўтары неяк мала цiкавяцца творчасцю адно аднаго. Ва ўсякiм разе, значна менш, чым, скажам, у часы, калi я пачаў друкавацца, — на пачатку 1980-х гадоў. Тады ўсе ведалi, якая кнiжка выйшла ў яго равеснiка, чыталi i абмяркоўвалi публiкацыi ў «Полымi», «ЛiМе», «Маладосцi». Я па сёння памятаю раннiя творы многiх маiх аднагодкаў, якiя прачытаў больш за трыццаць гадоў таму! I захоўваю ўсе iх кнiгi, якiя тады выходзiлi. Можа быць, у 80-я нас было менш, i кнiг выходзiла менш, таму мы i ведалi лепш адно аднаго. Але, хутчэй за ўсё, гэта палова праўды. Другая палова ў тым, што сённяшняя лiтаратурная моладзь больш прапаведуе iндывiдуалiстычны шлях на Парнас, яна больш «разнашэрсная», таму разбiтая па нейкiх дробных групоўках па iнтарэсах. Прынамсi, мне цяжка ўявiць, каб сёння з’явiлася лiтаратурная суполка накшталт «Тутэйшых», якiя шумна заявiлi пра сябе ў другой палове 80-х.

Памятаю адзiн круглы стол з удзелам маладых аўтараў. Я папрасiў iх назваць адзiн-два творы сваiх равеснiкаў, якiя праз час могуць з’явiцца ў школьнай хрэстаматыi. Нiхто не назваў. Хоць у нас вельмi шмат лiтаратурнай моладзi, шмат пiшуць, шмат друкуюць. А вось гэтых «залацiнак» нiхто не шукае. Пры тым, што вельмi многiя класiчныя вершы пiшуцца акурат у маладым узросце, узяць хоць Аркадзя Куляшова, Рыгора Барадулiна, ды каго заўгодна!

— Вось вы прыгадалi пару iмён «Першацвету». Можа, яшчэ некалькi «надзей беларускай лiтаратуры» згадаеце?

— Паколькi я член журы, ведаю ўсiх па iмёнах. Усiх чытаў, i выпадковых людзей тут няма. Ёсць больш цiкавыя творы i менш цiкавыя. Маладая паэзiя i маладая проза няроўныя: пакуль чалавек выпрацуе свой стыль, рытм, праходзiць шмат часу. Спачатку малады паэт бярэ нешта, напрыклад, ад Максiма Багдановiча, але праходзiць лiтаральна некалькi гадоў, i ён адкрывае для сябе Мiхася Стральцова i трапляе пад яго ўплыў. Ды не заўважае нават, што пачынае пiсаць па-iншаму. Для маладых гэта вельмi характэрна. Калi чытаеш iх творы, ацэньваеш з нейкiм умоўным «авансам». Заўсёды стараюся за тым, што даслаў пачатковец, убачыць перспектыву. Знаходзiш у вялiкiм вершы адзiн радок, якi цябе кранае, i разумееш: з гэтага радка можа вырасцi добры паэт, можа, нават класiк. Калi ёсць у апавяданнi (не самым цiкавым цi ўзрушальным) незвычайная дэталька, думка — ура, з яго можа выйсцi харошы празаiк. Часта маладыя бачаць тое, чаго сталыя аўтары ўжо не заўважаюць.

— Атрымлiваецца, вельмi часта публiкацыя маладога аўтара — гэта аванс?

— Я б сказаў, што гэта спроба прадказання, цi атрымаецца з чалавека пiсьменнiк, якiм мы ўсе будзем ганарыцца. Але калi б вам было не 21, а 71, я б думаў па-iншаму. У першым выпадку спадзяюся на перспектыву. А ў другiм — акцэнтую ўвагу на недахопах: калi чалавек да сталых гадоў пiша неахайна, паспешлiва, павярхоўна, то цi хопiць яму часу, каб стаць сапраўдным майстрам? Таму на кожнага аўтара з гэтых чатырох альманахаў ёсць спадзеў. Iншая справа, што можа быць i наадварот. Прачытаеш верш — ах, як ён табе падабаецца! Але праходзiць год, два, пяць, i ты расчароўваешся ў гэтым аўтары, бо ён так i застаецца на адным узроўнi, не расце цi ўвогуле сыходзiць з лiтаратуры. Памятаю, як у 90-я гады працаваў у часопiсе «Бярозка». I там знаходзiўся архiў часопiса, пачынаючы з 30-х гадоў. Я глядзеў нумары за 50-60-я i сустракаў iмёны людзей, што сталi нашымi класiкамi, а таксама iмёны, якiя мне нi пра што не кажуць. I часам было так, што творы, напiсаныя невядомымi аўтарамi, аказвалiся вельмi цiкавыя i арыгiнальныя. I, наадварот, творы лiтаратараў, якiх мы цяпер паважаем, — даволi просценькiя i прымiтыўныя. Таму адна з галоўных задач любога рэдактара, калi чытаеш твор маладога пiсьменнiка, — паспрабаваць прадбачыць, што яго чакае праз 10-20 гадоў.

Ганна ВАРОНКА, студэнтка IV курса факультэта журналiстыкi БДУ

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах Выдавецкага дома “Звязда”

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *