Востраў сабак

Уэс Андэрсан – адзін з самых «атмасферных» сучасных рэжысёраў, вядомы сваім індывідуальным візуальным стылем. У Instagram ёсць нават цэлы рух прыхільнікаў яго творчасці, якія спрабуюць стылізаваць свае фотаздымкі пад яго эстэтыку (@wesandersonplanet; @accidental_wes_anderson)! Асноўныя его “фішкі” гэта: сіметрыя кадра, яркая каляровая гама, цэнтраванне, музыка 60-х і 70-х у самыя адказныя моманты, мноства прапрацаваных дробных дэталяў у кадры.

Мультфільм «Востраў сабак» (2018) распавядае гісторыю 12-гадовага хлопчыка Атары, якога апякае карумпаваны мэр-дыктатар Кабаяшы. Ён сваім загадам выганяе ўсех хатніх сабак горада Мегасакі на велічэзную звалку. Атары адзін адпраўляецца на смеццевы востраў, каб знайсці свайго вернага сабаку Спотса. На востраве хлопчык знаёміцца са зграей «бадзяжных» сабак, разам з якімі падарожнічае па выспе і шукае свайго сябра.

Рэжысёр працуе з тэмамі, якія шмат каму эмацыйна адгукнуцца: тэма дзяцінства, стасункаў з бацькамі, пошуку ўласнага я, кахання і сяброўства. І ўсе гэтыя тэмы заварочваюцца ў візуальную казку ці нават лялечны спектакль. Быццам бы спрошчаная форма дае магчымасць працаваць са складанымі стасункамі і эмоцыямі, робіць іх больш зразумелымі.

 А яшчэ «Востраў сабак» зроблены ў жанры «меланхалічнай камедыі», дзе сумяшчаецца гумар і сум – Уэс Андэрсан робіць простыя па кампазіцыі гісторыі, якія завяршаюцца шчасліва, але трохі сумна. Як і мае быць са ўсімі добрымі казкамі.

У фільмах Уэса Андэрсана можна ўбачыць цікавы візуал і добрую гісторыю, але можна ўбачыць і нешта большае за казку. У гэтым мультфільме ідзе гутарка пра нецярпімасць: галоўны злыдзень, мэр Кабаяшы вельмі любіць катоў і ненавідзіць сабак. Ненавідзіць настолькі, што, вынаходзіць эпідэмію сабачага грыпу і адсылае ўсіх сабак са сваёй тэрыторыі на смеццевую звалку, не задумваючыся пра тое, што яны таксама жывыя істоты. Сабакі не зрабілі нічога дрэннага, каб апынуцца ў гэтым месцы. Усё зрабіў і вырашыў за іх чалавек, не звяртаючы ўвагі на іх пачуцці, жаданні і права жыць побач са сваімі гаспадарамі. І самае сумнае, што амаль ніхто не пярэчыць Кабаяшы, пакуль Атары не бярэ сітуацыю ў свае рукі. Тое ж адбываецца і ў нашай рэальнасці, калі ўзнікае нецярпімасць да тых, хто не падобны, і да тых, хто не падабаецца. Нецярпімасць для людзей іншых нацыянальнасцяў, іншага полу, узросту – і гэты спіс можна бясконца пряцягваць. Але кожны можа зрабіць нешта для вырашэння гэтых праблем. Галоўнае – не маўчаць пра тое, што хвалюе.

У фільмах Андэрсана змяняецца ўзроставая іерархія персанажаў: самымі адказнымі, разумнымі і разважлівымі аказваюцца дзеці і падлеткі, а дарослыя застаюцца пасіўнымі і вядуць сябе па-дурному, калі быццам бы павінны быць абаронцамі. «Востраў сабак» не выключэнне: напрыканцы фільма дзеці нават ліквідуюць у краіне дыктатуру і ўводзяць дэмакратычны орган улады. Тут свет ратуюць падлеткі і толькі ім хапае смеласці пераадолець тэрор мэра. Галоўны герой бяжыць з дому і пералятае акіян, каб знайсці свайго лепшага сябра, у той час як дарослыя гаспадары астатніх сабак проста змірыліся са сваёй стратай. Для Андэрсана важна паказаць, што свет могуць змяніць толькі тыя, хто ўмее суперажываць і не баіцца выступіць супраць. Бо дзяцей не хвалююць палітычныя звады кіруючай эліты, для іх на першым месцы жыццё.

Галоўныя героі мультфільма – гэта сабакі, якія адчуваюць настальгію, сумуюць па былым гаспадарам, адчуваюць боль і адзіноту. У гэтай карціне яны пражываюць усе чалавечыя пачуцці і праз гэтага іх паводзіны прасцей зразумець і растлумачыць. Кожны з сабак мае сваю сумную гісторыю і іх імёны трохі дапамагаюць яе раскрыць:

Шэф – гэта важак зграі сабак, ён усё сваё жыццё правеў на вуліцы, дзе навучыўся выжываць у жорсткіх умовах і нікому не давяраць;

Рэкс – звычайны хатні сабака, які любіць камфорт, а таму бясконца сумуе па свайму гаспадару;

Бос – сабака, які быў талісманам непераможнай баскетбольнай каманды, а цяпер страціў усякую надзею на вяртанне дадому;

Дзюк (“Герцаг”) – сабака «блакітнай крыві», у якога былі гаспадары, збалансаваная дыета і штогадовы медагляд, а зараз ёсць толькі смутак;

Кінг (“Кароль”) – сабака, які ўвесь час здымаўся ў рэкламе прысмакі «Сабачая радасць» і быў сапраўдным каралём жыцця, а цяпер застаўся без кар’еры, камфорту і ежы.

Гэты мультфільм з гуманістычнага боку раскрывае праблему бадзяжных сабак, бо ўсе жывёлы, якія апынуліся на востраве, трапілі туды не па сваёй волі. Яны б вельмі хацелі, каб іх гаспадары шукалі іх таксама, як і Атары шукае свайго сабаку. Любому было б балюча і дрэнна, калі б яго пазбавілі дома і кінулі на волю лёсу.

У фільме раскрываецца тэма агрэсіі бадзяжных сабак і таго, як с ёй змагацца. Напрыклад, Шэф прывык жыць без гаспадара і ён не верыць у тое, што людзі могуць добра да яго ставіцца, бо ён вандроўны, але, калі галоўны герой праяўляе да яго клопат, сабака дабрэе сэрцам. Любы з сабак, нават самы злы, можа стаць чалавеку сябрам і абаронцам, калі даць яму любоў і клопат. Хіба адносіны людзей паміж сабой працуюць па-іншаму? У любові маюць патрэбу ўсё.

Фільмы Уэса Андэрсана – гэта тэатр жыццёвых сітуацый. Яны выглядаюць як казкі ці тэатр, але ўтрымліваюць у сабе вельмі шмат разважанняў наконт нашых сучасных праблем. Сэнсава гэта фільмы для тых, хто ўжо крыху збянтэжаны жыццём і пачынае задаваць сабе пытанні; для тых, хто чарсцвее сэрцам і крыху забыўся пра асновы чалавекалюбства. “Востраў сабак” пра шчырае спачуванне, пра каштоўнасць і значнасць кожнага жыцця. Бо толькі тыя, хто гэта зразумеў, могуць сапраўды змяніць свет да лепшага.

 

Урэзка:

 «Не прасі мяне бегаць за палкай. Я ж табе кажу, Я НЕ БЕГАЮ ЗА ПАЛКАЙ… Добра, але я зраблю гэта не таму, што ты мне скамандаваў, а таму што мне цябе шкада, ШЧАНЮК».

Урэзка:

У гэтым фільме Андэрсан дадаў аўтэнтычнасці апавяданню з дапамогай музыкі з традыцыйнымі японскімі барабанамі, калі раней абмяжоўваўся кампазіцыямі ад выканаўцаў з 60-70-х гадоў. Тут ён пра іх таксама не забыўся і атрымаўся цікавы гукавы мікс, які, як ні дзіўна, гучыць цалкам арганічна.

 

Антаніна Бабіна

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *