Як з’явіўся смарагд

Раней, калі яшчэ і Беларусі не было, на беразе возера Нарач жыў цмок. Той цмок па памерах быў вялікі: ростам з сасну і тлусты, як тры каровы. На погляд ён быў не дужа небяспечны: пыса як у сабакі, два рогі як у аленя, але значна большыя, і тое, што маніла ўсіх да яго, — зялёная, як новая трава, луска.

Большасць часу цмок спаў у возеры і нікога не еў, але калі прачынаўся, еў усіх, каго бачыў. Аднойчы толькі аднаму мужыку не трапіць у зубы да пачвары пашанцавала. Той з сябрамі лавіў рыбу на Нарачы, і аднекуль з’явіўся цмок, з’еў усіх рыбакоў, акрамя таго самага мужыка. Цмок ужо хацеў паласавацца і ім, але той пачаў Перуну маліцца.

 — Хто такі Пярун? — шыпячым голасам спытаўся зялёны.

 — Ты размаўляеш?! — яшчэ больш спалохаўся мужык. — Пярун — гэта самы магутны з багоў, — нясмела адказаў ён цмоку.

 — Магутны, кажаш… — цмок задумаўся. — Тады скажы гэтаму магутнаму, што я, Смарагд, выклікаю яго на бой, каб сілу сваю выпрабаваць.

 — Гэта толькі стары вяшчун з маёй вёскі Перуна паклікаць можа, — зноў, ужо смялей, адказаў мужык.

 — Дык ідзі за ім! — раўнула пачвара. — Але глядзі, не вернешся — я ўсю вёску з’ем.

 — Тады я пабег…

Мужык з усёй моцы шыбаваў да старога вешчуна, а калі дабег, доўга і цяжка дыхаў. Праз час яны з вешчуном ужо былі на возеры.

 — О, Пярун, прыйдзі ды забі ворага нашага і твайго! — пачаў клікаць бога стары вяшчун.

Адразу неба стала шэрым, пачала біць маланка — і з’явіўся ён. Вышэйшы за цмока ў некалькі разоў, з доўгай цёмнай барадой, у шлеме, кальчузе і з вялізарным мячом у руцэ — сапраўдны Пярун…

Цмок адразу пажадаў кінуцца на бога, але не паспеў. Пярун ударыў раней. Удар быў такі магутны, што цмок лопнуў, як мыльная бурбалка. А яго зялёная луска разляцелася па свеце, і яе людзі з тых пор пачалі называць смарагдам.

Кірыл Бірукоў, 10 клас сярэдняй школы №1 г. Талачына

 

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *