Інструкцыя па сталенні

Што рабіць, калі бацькі лічаць вас яшчэ дзіцём? Калі навязваюць вам сваё жыццё, мары і каштоўнасці? А ў школе да вас прадузята ставяцца? Усе адказы ёсць у сямейнай драме «Арахісавы сокал».

У сучаснай Амерыцы малады здаровы хлопец Зак праз сацыяльныя службы аказваецца ў доме састарэлых. Ён збягае адтуль, каб увасобіць сваю мару ў жыццё — трапіць у школу рэслінга. Па дарозе да мары ён знаходзіць сяброў: рыбака Тайлера і медсястру Элеанору, якая працуе у тым жа доме састарэлых.

Тайлер Нілсан і Майк Шварц, рэжысёры і сцэнарысты фільма, прыдумалі гісторыю пасля таго, як пазнаёміліся з акцёрам Закам Гатзагенам, які грае ў фільме Зака. Яны напісалі сцэнарый адмыслова для гэтага акцёра, таму ў фільме шмат аўтабіяграфічных рыс — і акцёр, і яго персанаж любяць арахісавую пасту, мараць стаць рэслерамі. Яны абодва прайшлі цяжкі шлях да мары: кінаперсанаж — каб стаць рэслерам, а Зак Гаттзаген — каб стаць вядомым акцёрам.

За час падарожжа галоўны герой сталее па ўсіх тых жа этапах, праз якія многія прайшлі або пройдуць. Гэта прымушае нас стаць на месца героя, суперажываць яму і вучыць нас, як дзейнічаць у падобных сітуацыях.

Зак уцякае з дома састарэлых дзеля ажыццяўлення мары, нягледзячы на ўсе перашкоды аховы. А гэта пачатак усведамлення сябе як самастойнай асобы, незалежнай ад іншых. Кожны праз гэта праходзіць, калі ўпершыню кажа, што яго густы і меркаванні не супадаюць з думкамі і густамі бацькоў, сяброў, грамадства.

Напрыклад, мае бацькі былі супраць таго, каб я абіраў журналістыку. Яны хацелі для мяне больш высокааплатную і стабільную працу і ўсяляк мяне адгаворвалі. Але я ўсё роўна рыхтаваўся да паступлення туды, куды хацеў. Бо я ўсё жыццё шкадаваў бы, калі б абраў тое, чым не хачу займацца. Думаў, што нават калі гэта не маё, то горш не паспрабаваць. І бацькі ўрэшце рэшт прынялі мой выбар, таму што зразумелі, што толькі так я буду шчаслівы. А яны хочуць толькі гэтага. І медсястра Элеанора з дома састарэлых таксама любіць Зака, яна як бы замяняе яму адсутную маці. Яна зычыла яму найлепшага і думала, што толькі тут ён будзе шчаслівы. Таму і трымала яго. Але калі Элеанора зразумела, што Зак можа быць шчаслівы толькі на волі, ідучы да сваёй мары, то прыняла яго выбар і дапамагла яму. Таму што той, хто любіць, заўсёды прыме ваш выбар і дапаможа, нават калі ён не згодны.

Максім Жук. 
Матэрыял цалкам чытайце ў новым нумары часопіса «Бярозка»

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *