Навінка ад «Мастацкай літаратуры»
Валерый Казакоў. Флейта травы
Мiнск, Мастацкая лiтаратура, 2020
Беларускi i расiйскi лiтаратар Валерый Казакоў вядомы перш за ўсё сваёй прозай. У гэтым жа зборнiку змешчаны выбраныя вершы ў перакладзе на беларускую мову. Празаiчным творам аўтара найчасцей уласцiвая вострая сатырычнасць, камертон паэтычнага зборнiка лiрычна‑настальгiчны. Згадкi пра каханне, спробы адысцi ад штодзённай мiтуснi, угледзецца ў вечнае. Вершы — развагi над iсным:
Ляцеў маладзiк у паднебных вышынях,
Гайдалiся ўнiзе ракой кавылi.
I зоркi вачыма ўстрывожанай рысi
Мяне за сабою, у вечнасць, вялi.
Дарэчы, маладзiк, месяц, поўня — улюбёны вобраз паэта. Прычым у вершах Валерыя Казакова гэта бунтоўная i таямнiчая стыхiя, якая знаходзiцца ў руху i нiбыта ўвасабляе альтэр эга аўтара, нябеснае адлюстраванне яго памкненняў.
Шмат вершаў прысвечана малой радзiме паэта, беларускай вёсцы, дзе ўжо парос бур’яном родны падворак, не гарыць святло ў вокнах знаёмых хат:
Драўляныя крыжы стаяць
На могiлках старых ля рэчкi.
Мае аднавяскоўцы спяць,
Знайшоўшы тут спачын свой рэшнi.
I прарастаюць зноў травой,
I крапiвой цалуюць пальцы,
Калi я зноўку, сам не свой,
Iду сюды з сабой спаткацца.
Але настальгiя, туга па незваротным не асноўнае ў светабудове лiрычнага героя. Ён па‑ранейшаму iмкнецца спасцiгаць i змяняць сусвет, усё яшчэ ягоныя пачуццi яркiя i палкiя:
Як плача, свечка дагарае.
Свiтае…
Свiтаюць валасы твае
i плечы.
I салавей для нас пяе
I вечар…
Людміла Рублеўская
Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах “СБ. Беларусь сегодня”.