Легенда пра Залатую Ружу

«Дзе мой край?» — пісаў у адным з найбольш вядомых сваіх вершаў беларускі класік дваццатага стагоддзя Уладзімір Караткевіч. Я хачу звярнуцца і да сябе, і да вас з такім вельмі простым, але бясконца важным і ёмкім пытаннем. Сапраўды, дзе ж наш край? Адкуль мы прыйшлі, дзе жывём? І калі адказ даецца проста, то наколькі лёгка і мне, і кожнаму будзе зразумець гэты край, убачыць праз шэрань паўсядзённага жыцця яго прыгажосць і разгадаць яго таямніцы?

Мой край там, дзе бясконцыя бары гамоняць са шклістаю рачулкай, там, дзе спічастыя і зубчастыя дахі соцень старажытных вежаў трымаюць на захадзе небасхіл, дзе зіма і лета на далёкім хутары — адзін дзівосны сон, самы просты цуд, які ад сваёй простасці не перастане быць цудам.

Дзівоснае…

Мой край там, дзе кожная з’ява мае сваю прычыну, крыніца — выток, змяя — норку. Калі пра камяні, вялікія і маленькія, складаюць легенды, калі кожная непрыкметная кветка, кожны лісцік гаворыць тут на мове паданняў і сімвалаў, то ці не больш значнымі за іх будуць у святле тысячагоддзяў вёскі, мястэчкі, цэлыя гарады?

Канешне, так. І нават больш — гарады тыя не проста носяць у сабе знакі і аповеды даўніны — яны самі складаюцца з гэтых паданняў. Асобнае месца сярод іх займаюць легенды пра паходжанне назваў таго ці іншага мястэчка, бо празванні такія для гарадоў як імёны: яны існуюць разам з імі, сыходзяць у нябыт, мяняюцца, гінуць і заціхаюць, каб зноў з’явіцца ў самы нечаканы час. Калі нараджаецца чалавек, то звычайна даецца яму імя — ці некалькі, — якое і будзе суправаджаць яго ўсё жыццё і ў вечнасць пяройдзе разам з ім. Будзе чалавек слаўным — імя яго таксама застанецца ў стагоддзях. Чалавек нараджаецца хутка і памірае хутка, але запісаным на каменным палатне гісторыі можа быць назаўсёды. Гарады ж — ад Рыма да Гародні — нараджаюцца не за дзень, растуць, і невядома, як яны растуць; але калі здолеюць нарадзіцца, выстаяць сярод ліхалеццяў сусветных — жыць яны будуць тысячы гадоў; век для іх будзе карацейшым за дзень, і дням такім можа не быць канца.

Сёння я паспрабую распавесці так, як запомніла, гісторыю аднаго старога беларускага горада — Ружанаў. Сама я нарадзілася ў Маладзечне і ўсё сваё жыццё, колькі памятаю, правяла ў гэтым слаўным горадзе, але менавіта легенда пра Залатую Ружу — легенда пра назву Ружанаў — моцна запала мне ў сэрца, калі я чытала яе гады і гады таму, і з дзясяткаў паданняў сівое даўніны запомнілася менавіта яна.

Запісалі даследчыкі, і яшчэ да іх — простыя людзі, старыя і малыя, пранеслі казку тую праз жыццё, захавалі з думкаю жывой. І кажа яна, што не заўсёды горад быў на тым месцы, і калі б праехаў хто ля Ружанаў у самыя даўнія часы, не адлюстраваныя хаця б у адной хроніцы, то ўбачыў бы ружовае поле без канца і краю, цуд самой прыроды. Людзі, што жылі побач з ім, спрабавалі на полі і сеяць, і жаць, але намаганні іх выніку не мелі, і вырашылі мясцовыя, што поле тое павінна застацца некранутым, і збудавалі сярод кветак свяцілішча багіні Лады. На гэтым полі і жыла дзяўчына незямное прыгажосці і вялікага розуму, якая не мела ні свёй хаты, ні сям’і, ні нават імя, бо з дзяцінства была прызначана жрыцаю сярод бясконцага мора чырвоных руж.

Але жыццю яе наканавана было беспаваротна змяніцца, як і ўсёй гісторыі гэтае зямлі. Аднойчы прабіраліся лясамі краю вандроўнікі, якія беглі сюды ад злых людзей і цяжкага жыцця. Былі сярод іх сяляне, адзін рыцар і адзін манах, усіх дапякла няшчасная доля, прымусіла кінуцца наўцёкі, пакінуць дом і заняткі ў пошуках паратунку. І вось, канчаткова знясіленыя, выбраліся яны на светлую гэтую мясціну, але акрамя руж там нічога не расло. Сярод кветак сустрэлі яны маладую дзяўчыну і разгаварыліся з ёю. Адзін з вандроўнікаў, юнак, хутка закахаўся ў прыгажуню і даў ёй імя — Ружана, бо знайшоў яе сярод руж. Людзі прасілі яе пайсці разам з імі, але ўспомніла дзяўчына пра прароцтва, што не раней зможа яна пакінуць гэтае месца, як ружа, сатканая з сонечнага прамення, расквітнее над зямлёю, і распавяла новым знаёмым, чаму яна павінна застацца. Але закаханы стаў маліць яе не пакідаць яго аднаго і ў доказ таго, што прароцтва магло ўжо здзейсніцца, паказаў на яе вышытае адзенне і доўгія, бязважкія, бы выплаўленыя з залатога прамення, валасы. І так захоплена казаў ён пра гэта, што дзяўчына, якая таксама паспела палюбіць юнака, згадзілася пачаць новае жыццё разам, чаго б гэта ні каштавала.

Але перад тым, як пачаць жыць і будавацца на новым месцы, вырашылі вандроўнікі расчысціць поле пад пашу, выкарчаваўшы ўсе ружы. Дзяўчына не стала перашкаджаць сябрам, і яны разам узяліся за працу. У несумленнай гэтай справе пашанцавала ім больш, чым мясцовым жыхарам, ды цана за поспех аказалася занадта ж непамернай, бо Ружана моцна падрала рукі аб калючыя сцябліны прыгожых кветак і хутка памерла, пакінуўшы свет гэты разам з прыгажосцю роднага поля, якую з юных гадоў берагла. І хоць неба не стала помсціць за знішчаную святыню, прырода, што парадзіла яе, сама зрабіла сваю справу.

Сумавалі людзі праз лёс прыгажуні і вырашылі ўрэшце, што жыць далей тут трэба, і заснавалі яны на новай зямлі, дзе ніхто іх ужо не чапаў, новае паселішча, і вырашылі яго назваць калі не ў гонар дзяўчыны, то хаця б у памяць пра бясконцае ружовае поле, якое праз іх знікла з твару зямлі. І стаў горад той называцца Ружаны.

Бо няма ў стагоддзях таго, што магло б знікнуць альбо забыцца; у святле бясконцасці кожны позірк, кожнае слова мае сваю вагу, і тым больш чалавек з яго гісторыяй і думкамі не можа ў ім быць пакінуты без увагі. І гэты край, як і кожны край, помніць тых, што прайшлі яго дарогамі ў даўніну, помніць кожны храм і кожнае поле ў квецені, кожны лісцік, камень, адбітак матылька ў дрыготкім люстры аднаго са шматлікіх азёраў. Ён помніць, і нішто ў яго памяці не знікне, і мо’ праўда адродзяцца ў адзін час і кветка, і камень, і думка, бо што яшчэ, як не веліч, прыгажосць і бясконцая ў моцы сваёй любоў заслугоўваюць быць вечнымі?

Лізавета Салдаценка

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *