«Questmakers?! Дзе гэта?!»

Слова «квэст» ужо амаль ні ў каго не выклікае пытанняў «Што гэта?» і «Навошта гэта?». Больш цікавіць «Дзе гэта?» і «Калі гэта?». Удзел у квэсце падобны да перамяшчэння ў іншую рэальнасць, дзе ў цябе ёсць мэта, якую трэба дасягнуць. Хтосьці ўваходзіць у гэтую іншую рэальнасць, а хтосьці яе стварае, што не менш цікава.

Мы паразмаўлялі з хлопцамі-падлеткамі Аляксандрам Васілевічам і Уладзімірам Германам, якія робяць квэсты для кампаній. Як яны ствараюць такога кшталту івэнты, хто можа ў іх удзельнічаць і ўвогуле чаму яны прыйшлі да ідэі рабіць квэсты ў гандлёвых цэнтрах — чытайце ў інтэрв’ю.

 

— Ты верыш у лёс, Нэа?

— Не.

— Чаму?

 Непрыемна думаць, што табой маніпулююць.

«Матрыца»

Куды прыводзяць ідэі

Саша: Мы абодва вучыліся па праграме «Крэатыўны лідар» у школе бізнеса для падлеткаў. Працавалі з рознымі брэндамі, і задача была ў тым, каб палепшыць іх пазнавальнасць. Спачатку мы праводзілі апытанне мэтавай аўдыторыі: апыталі каля 200 людзей, ці ведаюць яны брэнд і як ставяцца да яго.

Мы тады вырашылі, што файнай ідэяй будзе квэст, таму што ён вырашаў праблему нязручнай геалакацыі: пазначалі ў афішы да квэста, што пачатковай і канчатковай кропкай павінна быць крама брэнда, з якім мы працуем.

Першапачаткова гэта быў не наш праект. У паралельнай праграме ўжо «гуляла» ідэя рабіць квэсты для кампаній. У іх быў стартап, а ў нас кліент. Нашы каманды вырашылі аб’яднацца і ўвасобіць ідэю. Мы планавалі прымеркаваць квэст да II Еўрапейскіх гульняў. Але з-за неарганізаванасці працы тры разы пераносілі дату правядзення. Калі ўсё ўжо было гатова, палова каманды раз’ехалася. Пасля гэтага ніхто, акрамя мяне, не паверыў, што ў нас нешта атрымаецца. Яны адмовіліся ад гэтай ідэі, нягледзячы на тое, што я заклікаў іх працягваць далей.

Я тады на самай справе адчуў палёгку. Мне было лягчэй самому за ўсіх працу рабіць. Я цяпер разумею: адзін бы я не справіўся. Але на той момант я думаў, што спраўлюся.

Вова: Тады я быў гатовы ўдзельнічаць ва ўсім. Даведаўся, што ў Сашы ёсць праект, і напісаў яму: «Саш, можна да цябе далучыцца?» Па-першае, сам праект рэальна вельмі класны. Па-другое, мы з Сашам сядзелі за адным сталом і шмат размаўлялі. Ну і проста таму, што вельмі хацелася быць задзейнічаным у нейкім праекце.

Саша: З намі працавала студэнтка і яшчэ адна дзяўчына з нашай школы. Без вопыту работы гэты квэст рабіць было б нерэальна. Ды і ў прынцыпе, калі працуеш не адзін, а ў камандзе, табе неяк весялей і менш нагрузкі.

Вова: Калі гэта маленькі праект, то маленькая каманда — гэта добра. Калі людзей больш, то больш усялякіх рознагалоссяў.

Вова: Бываюць такія хлопцы, якім нешта прапануеш, а яны проста: «Не». І далей дыялог ужо немагчыма будаваць. А з Сашам можна пайсці на кампраміс — гэта менавіта тое, што патрэбна ў бізнесе. У нас з ім шмат агульных інтарэсаў і ёсць, што паабмяркоўваць. І немагчыма забыцца на тое, як Саша можа танчыць за пячэньку.

Саша: Мне патрэбна была каманда, як бы я ні хацеў працаваць адзін, бо я бы відавочна не справіўся. Вова вельмі адкрыты і ўмее крэтывіць. І не баіцца дарослым казаць ўсякае. Класны хлопец.

 

Ведаць шлях і прайсці яго — не адно і тое ж.

«Матрыца»

 

Анастасія Правальская

Матэрыял цалкам чакайце ў новым нумары часопіса «Бярозка»

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *