Гісторыі ката Томаса

У гэтым двары я, кот Томас, навічок. Не, я не маленькае кацянятка, а маладзенькі, даволі гладзенькі і дагледжаны каток. Чаму ж апынуўся ў чужым двары? Можа, збег ад гаспадароў? Не, побач з мамай Кацяй было добранька і ўтульненька. Можа, нашкодзіў і мяне звезлі з дому гаспадары? Таксама не. Усё проста: гаспадыня цёця Наташа аднойчы прамовіла: «Ты, Коцік, ужо вялікі, і трэба пашукаць табе новых гаспадароў». Я не надаў увагі яе словам. А тут і новая гаспадыня з’явілася — цётка Алена. Бачыце, завітала ў госці, убачыла коціка, развойкалася: «Ах, які слаўны коцік!» А цётка Наташа зусім не сквапная. І праз дзень мой маленькі гаспадар Дзімка прынёс мяне да… Дзімкі (так завуць і сына цёткі Алены).

І пачаў я абжывацца на новым месцы. На старым месцы ўсё было ясна, і асаблівай небяспекі не было, таму што жылі мае гаспадары ў прыватным доме далёка ад дарогі. А тут дарога побач. А колькі машын, трактароў, матацыклаў, веласіпедаў праязджае па ёй за дзень! Не злічыць! Страшна, але ж хочацца і на суседскі дуб залезці, а ён за дарогай. Вельмі асцярожна трэба перабірацца. Ды я налаўчыўся: добранька пагляджу вакол, прыслухаюся, ці не чутно машын, — і з усіх сіл праз дарогу. Праўда, бывае, не ўбачу веласіпедыста, але яны звычайна людзі добрыя. Пазлуююцца, пасварацца, а мяне аб’едуць. Гаспадар жа не раз сварыўся, калі я бег перад машынай.

Недалёка ад майго цяперашняга дома ёсць сажалка. Зімою яна замярзае, і я часта туды бегаю па лёдзе. А аднойчы мяне моцна напалохаў чужы сабака. Пачаў я ўцякаць ад яго і праваліўся ў палонку, стаў тапіцца. Ой, як страшна было! Праўда, на дапамогу кінулася нейкая бабулька: сабаку адагнала, мяне выцягнула, хацела пашкадаваць, а я кіпцюры выпусціў і дадому хутчэй. Ледзь Дзімка мяне сагрэў і адратаваў.

А яшчэ я вельмі цікаўны, таму трапляю і ў горшыя гісторыі. Снегу зімой нападала шмат, толькі вузенькая сцяжынка прачышчана. Па ёй і дабег да чужога хлява, а там вароты расчыненыя. Зазірнуў — нікога, прайшоў далей, бо мышыны піск пачуў. Стаў цікаваць, заскачыў за дзежачку і злавіў адну мышку. Хацеў вярнуцца, а вароты зачынены. Давялося тыдзень пражыць у гэтым хляве, таму што сусед прыязджаў толькі на выхадныя. Не прапаў: лавіў мышэй, лізаў снег. Гаспадары ж перажывалі, што я загінуў.

Я кот, таму вельмі люблю высокія дрэвы. Вось і гэтым разам залез амаль на верх высокай вярбы, разлёгся на галіне, задрамаў пад цёплым сонейкам, прыснуў крыху. І праз сон чую, як нехта падбіраецца да мяне. Расплюшчыў вочы: суседскі кот Матрос, мой галоўны вораг. Я вышэй, Матрос за мною. Так і загнаў на самы верх. Не ўтрымаўся я на гнуткіх вярбовых галінках, зваліўся ўніз, ударыўся балюча. Доўга залечваў раны.

А яшчэ я люблю пагрэцца каля агню. Аднойчы гаспадар паліў апалае лісце. Вогнішча было невялікае, усё хутка згарэла. Дзядзька Юрась добра прысыпаў рэшткі зямлёю, але ад іх ішла такая прыемная цеплыня. Мне захацелася пагрэцца, пачаў разграбаць зямлю, а злосныя вугольчыкі апяклі лапкі. Паспрабаваў залізаць ранкі, але яны смылелі. І давялося цярпець непрыемны пах гаспадыніных лекаў. Лапкі загаіліся, а да агню і блізка не падыходжу.

Вось такія падзеі са мной адбыліся. Я свае высновы зрабіў, а гісторыямі з вамі дзялюся.

Вікторыя Пазняк

10 клас, Краснаслабодская сярэдняя школа, Салігорскі раён

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *