31 ліпеня 2020 года ў Доме прэссы адкрылася выстава мастака Алега Карповіча
Сёння ў Доме прэссы адкрылася выстава добра вядомага ў асяродку журналістаў (і не толькі!) мастака Выдавецкага дома “СБ.Беларусь сегодня” Алега Карповіча. Такая дата абрана невыпадкова: майстру споўнілася 60 год! Мастак назваў сваю выстаўку “Сября мае!”, бо сабрала яна малюнкі розных гадоў з выявай калег. Алег Карповіч тым самым нібы сказаў “дзякуй” калегам-журналістам за доўгія гады супрацоўніцтва.
Віншаванні і цёплыя словы, пажаданні плённай працы гучалі сёння ў адрас юбіляра. Своеасаблівае “прысвячэнне” Алегу Карповічу і яго працам адрасаваў галоўны рэдактар газеты “Голас Радзімы” Іван Ждановіч, зямляк мастака з Ляхавіцкага раёна:
“Як ложка дарагая да абеду, так і газетны малюнак – у нумар. І мастак Алег Карповіч, даўно працуючы ў газеце “СБ.Беларусь сегодня”, адточвае ў вірах вечнага рэдакцыйнага спеху свой рэдкі талент. Многіх здзіўляе: як магчыма – крэатыўна гумарыць дзень пры дні, знаходзячы для ўвасаблення задум пад традыцыйнымі рубрыкамі “Ёсць пытанне” і “Вачыма мастака” ўсё новыя тэмы й вобразы. А ўсё, здавалася б, проста – мастак з калегамі ўмее ўбачыць важную з’яву ці падзею, хутка асэнсаваць яе, запамінальна і ярка падаць прама ў нумар. Ягоны канёк – жанр дасціпнай газетнай карыкатуры й сяброўскага шаржу.
За плячыма ў Алега Карповіча грунтоўная мастацкая адукацыя: ураджэнец Слоніма з чырвонымі дыпломамі закончыў Мінскае мастацкае вучылішча імя Яўгена Глебава і аддзяленне станковай графікі Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Аформіў нямала кніжак і зборнікаў, якія аздобіў яскравымі шаржамі й карыкатурамі, удзельнічаў у розных выставах, у тым ліку – у Бельгіі ды Польшчы. З адзнак – рэспубліканская прэмія “Залатая літара” і знак “Выдатнік друку”. Сябра Беларускіх саюзаў мастакоў і журналістаў.
Дарэчы, супрацоўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, дзе таксама праходзіла выстаўка мастака, разглядваючы малюнкі Алега, на якіх вобразна і арыгінальна, з густам адлюстраваны рэаліі нашага жыцця, выказвалі меркаванне: было б цікава паказаць выставу і ў беларускіх культурных цэнтрах за мяжой, у нашых дыппрадстаўніцтвах. І сапаўды, у фокусе газетных малюнкаў ды яшчэ з таленавітай жартаўлівай падсветкай, можна ўбачыць і надзённыя клопаты беларусаў, і тое, што нас сёння асабліва хвалюе. Тонкі, дасціпны, часам і філасофскі гумар мастака зразумелы без перакладу. А работ – сотні, бо робіць іх майстар-гумарыст амаль штодзённа.
Сённяшнюю ж выстаўку сяброўскіх шаржаў можна было б абагульніць адной тэмай: “Сябры мае!”. Бо галоўныя героі – на самой справе сябры, якіх яднала, яднае і заўсёды яднаць будзе журналісцкае пяро.”
Рэдакцыя mediana.by