Асвер

Мая родная вёска Зорычы. Мая малая, але такая дарагая радзіма. Хаты, зрэдку заселеныя карэннымі жыхарамі. У асноўным тут жывуць дачнікі, і тое толькі летам… А вакол такая прыгажосць! Зялёныя ўзгоркі, зарослыя купкамі дрэваў, светла-жоўтыя палі збажыны, блакітныя азёры льну… А колькі розных цікавых гісторый тут адбываецца! Вось што прыгадалася…
Аднойчы да старой Настулі ў вёску прыехала шасцігадовая ўнучка Танюшка. Трошкі пагаманіўшы, бабуля і унучка пайшлі папрацаваць у агародзе.
— Танечка, набяры, калі ласка, вады ў вядро, — папрасіла праз некаторы час бабуля.
— А дзе ж вады ўзяць? Тут нідзе няма краніка, — задуменна прамовіла дзяўчынка, якая ўсё сваё жыццё пражыла ў горадзе, і вада там цякла па трубах.
— Дык у калодзежы, з дапамогай асвера. З ім нават ты справішся, — ласкава сказала бабуля.
Таня задумалася. Калодзеж яна бачыла на малюнках у кнігах з казкамі, якія ёй чытала маці, і знайшоўся ён побач з хатай. А вось што такое асвер? Дзяўчынка пашыбавала да калодзежа і пачала зацікаўлена разглядаць траву вакол яго, разы са тры абышла вакол, але загадкавы асвер не знайшоўся.
Хвілін праз дзесяць, не дачакаўшыся ўнучкі, бабуля падышла да калодзежа. Маленькая Танюшка ўжо ледзь не плакала.
— Не знайшла я тут ніякага асвера. Падманула ты мяне, бабулечка! — ціха прамовіла дзяўчынка.
— Паглядзі, — сказала Настуля, — вось і асвер! Гэта такая прылада, якая паднімае ваду з калодзежа з дапамогай груза і вядра. У іншых вёсках можна пачуць іншую назву — журавель. І праўда, паглядзі, якія падобныя асвер і птушка журавель! Абодва такія цыбатыя, стройныя, высокія!


— Ой, дзякуй табе, бабулечка! Так добра ты мне ўсё растлумачыла! Цяпер і я ведаю, што такое асвер і як набраць вады з калодзежа. Вадзічка, аказваецца, можа цячы не толькі з крана!
Я чуў гэтую размову на свае вушы. Тлумачэння бабулі Насці мне было недастаткова. «Чаму менавіта асвер? — думаў я. — Адкуль такая назва, такое не ўласцівае нашай мове слова?»
Паколькі даўно вядома, што лепшы сябар чалавека — гэта кніга, я наведаў бібліятэку. Слова «асвер» знайшлося ў «Школьным тлумачальным слоўніку» В. У. Верціхоўскай і М. І. Верціхоўскай. Значэнне яго запісана як «журавель калодзежа». Аказалася, што гэтае слова адносіцца да безэквівалентнай лексікі. Гэта значыць, што перакласці на рускую мову адным словам слова «асвер» нельга! Вось дык дзіва! А, здавалася б, такая знаёмая знешне прылада.
Калодзежы з асверам узніклі прыкладна ў 3640-м годзе да нашай эры ў Старажытным Егіпце. Толькі называліся яны шадуфамі. Для гэтай канструкцыі людзі выкарыстоўвалі цяпер ужо вядомы кожнаму школьніку прынцып рычага. У Еўропе такія калодзежы з’явіліся прыкладна ў VI стагоддзі нашай эры ў Іспаніі і называліся ciconia — журавель. На тэрыторыі сучаснай Беларусі калодзежы з асверам вядомыя з XVII стагоддзя.
Я задумаўся: чаму асвер так называецца? І вось што прыйшло мне на розум. Я думаю, што слова «асвер» узяло пачатак ад слова «вера» або «верыць», бо без веры ў свае сілы, без веры ў будучае, як і без вады, якую дастаюць з калодзежа з дапамогай асвера, няма жыцця на зямлі.

Арцём Кашча , 7 «Б» клас, сярэдняя школа №21 г.Баранавічы

0

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *