Летнім ранкам
Лірычны абразок
Як хораша заліваецца ў блакітным небе жаўрук. Яго звонкія непаўторныя пералівы напаўняюць ранішняе наваколле асаблівай мелодыяй жыцця. У палітру крылатага спевака трапляюць і зусім новыя гукі, іх адценні.
Гэта стрыманы пошум маладога лісця на танкастволых бярозках і рабінках. Ціхі шэпт прыгажунь-валошак, якія блакітнымі вочкамі лагодна ўсміхаюцца сонцу. Ледзь улоўнае трымценне гарэзлівых конікаў у сакавітай гушчыні рознакаляровага лугу. Сцішанае шчабятанне свавольніка-ручайка між старых ніцых вербалозаў…
Напоеным водарам усяго жывога пранізана свежа-празрыстае паветра. Дыхаеш і, здаецца, не можаш надыхацца салодка-мядовым водарам лугавых траў і красак, які прыемна ап’яняе і дурманіць тваю галаву і свядомасць.
Усё жывое, што ёсць у прыродзе, непадманна цешыцца пяшчотай і цнатлівасцю толькі што народжанага дня.
Гармонія летняга ранку міжволі супакойвае сэрца, абнадзейвае на лепшае, натхняе.
А ў бязмежным блакіце, як і раней, звініць і заліваецца сваёй песняй звонкагалосы жаваранак.
Аляксей Сяроў
9 клас, Азярэцкі дзіцячы сад — сярэдняя школа, Глыбоцкі раён